Tribuna/Фігурнае катанне/Блогі/Фігурыст з Украіны паказаў, як распавесці свету пра вайну – усё зразумела без слоў

Фігурыст з Украіны паказаў, як распавесці свету пра вайну – усё зразумела без слоў

Вельмi кранальна.

15 студзеня, 20:45
Фігурыст з Украіны паказаў, як распавесці свету пра вайну – усё зразумела без слоў

Іван Шмуратка ўжо некалькі гадоў з“яўляецца ўпэўненым лідарам мужчынскай зборнай Украіны па фігурным катанні. Але амаль увесь мінулы сезон спартсмен прапусціў з-за траўмы, а ў сезоне-2023/24 Шмуратка выступіў усяго на двух міжнародных турнірах – а потым прыехаў на ЧЕ, дзе паказаў, што цяпер галоўнае для ўкраiнцаў, чым бы тыя нi займалiся.

Абедзве праграмы Шмураткі на ЧЕ – пра вайну ва Украіне. Усё зразумела без слоў

Спаборніцкі год для Шмураткi выдаецца няпростым. Спартсмен жыве ў Кiеве – а найлепшыя ўмовы ва Украіне для заняткаў фігурным катаннем цяпер у невялiкiм Багуславе. Даводзіцца ездзіць туды – за 120 км. Таксама часам трэба наведваць Львоў, дзе працуе харэограф Міхаіл Лейба. А ў самiм Кiеве часам трэнiроўкi праходзяць ўвогуле на масавых катаннях у ТРЦ. Нават у графе «Трэнеры» для Шмураткi пазначаны ў тым лiку ён сам.

На чэмпіянаце Еўропы-2024 не было прадстаўнiкоў Расii i Беларусi – з-за санкцый у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Шмуратка прыехаў на турнiр упершыню за два гады. Канешне, ён быў далёка не наймацнейшным з удзельнiкаў, але прыцягнуў вялiкую ўвагу – дзякуючы яскравай патрыятычнай пазіцыі.

У кароткай праграме Іван распавядае пра гібель дзіцяці ў выніку ракетнага абстрэлу.

На працягу сезона ўкраінец меў дзве адвольныя праграмы: спачатку катаў пад вядомую ўкраінскую песню «Скрыпка грае» ў выкананні Васіля Зінкевіча, а пазней вярнуўся да крыху перайначанай леташняй пад This Place Was A Shelter Оўлавюра Арнальдса.

«Новая адвольная ўяўляе сабой сумесь старой «Скрыпкі» і часткі леташняй праграмы. У ёй я працягваю аповед пра дзіця з кароткай праграмы», – падзяліўся ўкраінец пасля кранальнага выступу.

З“яўленне Шмураткі на чэмпіянаце Еўропы – зразумелае пасланне да сусветнай супольнасці. Кожны выхад Івана на спаборніцкі лёд – гэта напамін пра крывавую вайну, якая працягваецца ва Украіне. У кампазiцыях – боль і барацьба ўкраінскага народа. Вельмі ўдала вобраз узмацняла белая кашуля з крывавай плямай у вобласці сэрца. Пасля пракату самога Iвана яшчэ доўга не адпускалi эмоцыi.

«Які змест укладаў? Астрал паміж жыццём і смерцю. Не больш і не менш. Непараўнальна больш можна перадаць, чым словамі. Элемент з крывёй? Бо вось так яно ёсць, літаральна. Людзі ад ракет так паміраюць, з крывёй», – сказаў пасля выступу ўкраінскі фігурыст у каментары для «Суспільне Спорт».

З тэхнічнага пункту гледжання праграма была выкананая амаль ідэальна, але ж элементы ў ёй былi не вельмi высокай складанасцi. У выніку Шмуратка заняў 14-е месца – але ж зрабiў нешта значна большае, чым можна ацанiць у медалях.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты