Усе навіны

Хамутоўскага будуць судзіць за пратэсты, яму пагражае да 3 гадоў турмы

23 снежня 2022, 09:35

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», экс-футбаліста зборнай Беларусі Васіля Хамутоўскага будуць судзіць 28 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска.

Працэс будзе весці суддзя Таццяна Шоцік.

Хамутоўскага абвінавачваюць па артыкуле 342 КК: «Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Артыкул прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

Нагадаем, што экс-трэнер брэсцкага «Дынама» быў затрыманы 30 верасня, пасля таго, як ён вярнуўся ў Беларусь на лячэнне. Першапачаткова ён атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з telegram-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, пасля чаго яго затрымалі ўжо па абвінавачанні ў крымінальнай справе.

У 2020 годзе Хамутоўскі асудзіў гвалт сілавікоў пасля выбараў. У 2021 годзе трэніраваў варатароў у клубе «Аль-Фейха» з чэмпіянату Саудаўскай Аравіі.

Са студзеня 2022 года дапамагаў Алегу Дулубу ў «Львове», а таксама вясной гэтага года трэніраваў у бухарэсцкім «Сцяўа» падчас вымушанага спынення чэмпіянату Украіны.