Усе навіны

Кавалевіч – пасля вылету з Кубка ад БАТЭ: «Нёману» не хапае Пасевіча, Лешка, Жукоўскага. Калі там разгледзяць гэтыя справы?»

10 траўня, 23:47
4

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пракаментаваў паражэнне ад БАТЭ (0:0, у серыі пенальці – 4:5, першы матч 1:1) у Кубку Беларусі.

– Гэта футбол. Абедзве каманды правялі добры матч. А пенальці – усяго толькі латарэя. Мне няма ў чым папракнуць сваю каманду, няма ў чым папракнуць Грыбоўскага. Не спрацавала. Нехта адзін павінен быў прайсці. Пашанцавала Барысаву.

– Здалося, што ў авертайме вы гулялі другім нумарам. Гэта ўстаноўка? Ці БАТЭ прымусіў?

– Ну, якім другім нумарам?.. У нас не было ключавых гульцоў. Не было Шукурава. Савіцкі, Садоўнічы атрымалі траўмы. Лягчылін гуляў цэнтральнага нападаючага. Мы гралі тымі людзьмі, [што былі], як маглі. Я ім вельмі ўдзячны за характар і гульню.

– Вы страцілі Савіцкага, Садоўнічага, яшчэ Якімаў прасіў замену. Наколькі тамака ўсё сур'ёзна?

– Ну, у Якімава, напэўна, сурʼёзна. Нам не хапае Пасевіча, Лешка, Жукоўскага... Вось я прасіў у перадачы. Калі там разгледзяць гэтыя справы? Нам шмат чаго не стае. Але па тым, як праявіла сябе каманда, зыходзячы з тых кадраў, якія ёсць, вядома, ніякіх прэтэнзій прадʼявіць не магу, – цытуе словы Кавалевіча BYsport са спасылкай на «Беларусь 5».