Усе навіны

Экс-арбітр ЧБ Аніхімоўскі пра справу «Шахцёра»: «Беларускі футбол – цацка ў руках злачынцаў. Яны вырашылі, што чэмпіёнам будзе мiнскае «Дынама»

11 траўня 2023, 20:56
5

Экс-арбітр чэмпаната Беларусі Віталь Аніхімоўскі падзяліўся меркаваннем пра рашэнне КДК АБФФ па справе «Шахцёра».

– [Мiнiстр спорту Лукашэнкi Сяргей] Кавальчук задачу ўсё ж выканаў. Многія сумняваліся, што такое магчыма. Але ў краіне, у якой не да законаў, усё ж трэба чакаць чагосьці падобнага.

Беларускі футбол – цацка ў руках злачынцаў. Цяпер яны вырашылі, што чэмпіёнам будзе [мiнскае] «Дынама», сапраўдную сілу якога яшчэ раз дакладна можна будзе ўбачыць у кваліфікацыі еўракубкаў, дзе яны прайграюць у першым жа раўндзе любой камандзе з Македоніі.

Але імідж краіны на еўраарэне турбуе [так званага] міністра куды менш, чым памер чырвона-зялёных бутаньерак на грудзях арбітраў, – напісаў Аніхімоўскі.

Нагадаем, КДК АБФФ разглядаў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.