Усе навіны

Дзмітрый Молаш: «Факт, што АЕК у сезоне 2022/23 вылецеў у ЛК ад «Вест Хэма» кажа шмат пра што. Але паверце, «Тарпеда-БелАЗ» рыхтуецца праходзіць далей»

14 ліпеня, 14:10

Галоўны трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Дзмітрый Молаш распавёў пра падрыхтоўку каманды да будучых матчаў Лігі канферэнцый супраць кіпрскага АЕКа.

«У гэтыя тыдні мы правядзем зборы. Прывядзем у парадак фізічныя кандыцыі. Новыя футбалісты ў нас з'яўляюцца, трэба іх далучаць да калектыву. А 20 ліпеня правядзем два спарынгі. Адзін супернік у нас ужо ёсць, другі пакуль пад пытаннем. У любым выпадку згуляем. Калі не выйдзе з тым, з кім мы хочам, то згуляем з дублюючым складам. 23 ліпеня мы ўжо выязджаем у Рыгу, а на наступны дзень вылятаем у Будапешт.

У дапамозе Аляксея Залескага мы не сумняваліся. Ён і ў канцы мінулага сезона сумняваўся, ці варта яму ад нас сыходзіць. Але я выдатна яго разумею, усё ж там іншыя фінансавыя магчымасці. Калі выдалася магчымасць яго вярнуць гэтым летам – я з вялікім задавальненнем гэтым скарыстаўся. З яго прыходам у нас з'яўляецца глыбіня. Лінія абароны становіцца больш сурʼёзнай. І Прамудрава зможам вышэй паднімаць, і канкурэнцыя павялічваецца. Якасны футбаліст, які дапаможа ў рашэнні нашых задач. Што да Лявіцкага, то яго я менш ведаю. Магу сказаць, што ён добры левы абаронца. Так, былі ў яго цяжкасці з гульнявой практыкай. Але мы навялі даведкі і зрабілі ўласныя высновы. Яму трэба паднабраць у фізічных кандыцыях і я ўпэўнены, ён нам дапаможа. Таксама будзе канкурэнцыя падвышацца. Потым карткі восенню будуць, дыскваліфікацыі, таму нам патрэбна поўная абойма.

У нас ёсць вопыт падрыхтоўкі да суперніка. Ёсць відэаматэрыялы. Мы тэлефанавалі ў Кіпр асабіста, даведваліся ў футбалістаў, як і што. Інфармацыі ў нас дастаткова шмат. Вельмі шмат казаць не хачу, але сам факт, што яны летась вылецелі ад будучага ўладальніка Лігі канферэнцый «Вест Хэма» – гэта шмат аб чым кажа. Сурʼёзны супернік. Для нас новы досвед. Але, паверце, мы настройваемся на тое, каб не стаць проста ўдзельнікамі. Мы рыхтуемся праходзіць далей», – сказаў Молаш.