Усе навіны

Першы намеснік старшыні АБФФ Васілевіч пра падзенне ўзроўню ЧБ: «Перш за ўсё трэба шукаць прычыну ў нас саміх»

15 ліпеня, 16:36

Першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч пракаментаваў словы брамніка «Нафтана» Аляксея Казлова пра ўплыў лімітаў на ўзровень чэмпіянату Беларусі.

«Перш за ўсё хачу сказаць, што з'яўляюся прыхільнікам беларускага футбола. У якім бы стане ён ні быў, я за яго хварэю. Калі гутару на падобныя тэмы, заўсёды прыводжу ў прыклад адну фразу, якую пачуў вельмі даўно: «Любіце наш беларускі футбол, бо іншага ў нас няма i ніколі не будзе».

Думаю, не зусім дарэчы каментаваць словы Аляксея. Я яго добра ведаю, ён гуляў у «Мінску», калі я ўзначальваў гэты клуб. Яго характарыстыкі, гульнявыя якасці я таксама ведаю.

Магчыма, узровень нашай Лігі такі, таму што той жа Аляксей мала працуе над сабой, мала прагрэсуе. Ён зʼехаў у чэмпіянат Казахстану, чамусьці там не затрымаўся і вярнуўся назад у беларускую вышэйшую лігу. Прычым у клуб, які на сёння саступае па ўзроўні таму ж «Мінску» – як мінімум у табліцы. Таму словы іншых спецыялістаў, гульцоў з нагоды ўзроўню нашай вышэйшай лігі я проста не хачу каментаваць.

Раблю простую выснову: значыць, мы недастаткова моцна хварэем, недастаткова трэніруемся і недастаткова працуем з пазіцыі трэнераў. Перш за ўсё трэба шукаць прычыну ў нас саміх. І гэта не толькі пра ўзровень вышэйшай лігі, пра ўзровень спорту, футбола, функцыянераў.

Седзячы на канапе, добра казаць: «Ах, чаму ж так дрэнна выступаюць нашы клубы альбо Зборная». Той жа Аляксей не прадстаўляе БАТЭ, «Шахцёр», Жодзіна, «Нёман» – лідараў нашага чэмпіянату. Таму, паўтаруся, трэба пачынаць з сябе.

Калі вы, журналісты, будзеце імкнуцца лепш, якасней асвятляць футбол, будзе больш заўзятараў. Адпаведна, на стадыёнах будзе больш гледачоў. Магчыма, клубы змогуць якасней праводзіць маркетынгавую працу і зарабляць на гэтым. І мы зможам прыйсці ў стан, калі матчдэй для нашых клубаў сапраўды стане добрым бізнес-праектам.

На самай справе складнікаў шмат. Можа быць, трэнеры недастаткова нагружаюць нашых футбалістаў, можа, футбалісты недастаткова прафесійна ставяцца, можа, законатворцы недастаткова добра пішуць законы... тут кожны будзе глядзець са свайго боку – і кожны будзе мае рацыю. Але калі мы вернемся ў нулявую кропку, то ўбачым, што ўсё пачынаецца з нас саміх. Думаю, кожны чуў фразу: хочаш змяніць свет – пачні з сябе», – сказаў Васілевіч.