Усе навіны

Ігар Кавалевіч: «Гульцоў «Нёмана» няма ў чым папракнуць, яны стараліся. Гулялі з памылкамі – так атрымалася»

20 кастрычніка, 22:58

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пракаментаваў выязную нічыю з «Тарпеда-БелАЗ» у 25-м туры вышэйшай лігі (1:1).

– Напэўна, па такой гульні любой з каманд было б крыўдна прайграць. Хаця і мы, і Жодзіна хацелі перамагчы і да апошняй хвіліны ішлі ў атаку.

У нас не атрымаўся першы тайм: была звышвысокая колькасць тэхнічнага браку, страт мяча. На першай хвіліне Косця Рудзянок выручыў. У другім тайме перастроіліся і сталі гуляць лепш. Але гэта футбол, што зробіш. Не хапіла канцэнтрацыі пры штрафным. Мусіць, усё ж Роме Папарызе не трэба было парушаць правілы. Заканамерны вынік. Будзем рыхтавацца да наступнай гульні.

– Вы казалі, што не хапала кантролю ў першым тайме. Вынахад Алімардона Шукурава звязаны з гэтым?

– Замена не тое каб запланаваная – проста ён не гатовы гуляць 90 хвілін. Ён аднаўляўся пасля траўмы. Вядома, гэта гулец асноўнага складу.

Не тое каб не было кантролю… Хаця можна і так сказаць. Але кантролю не было, бо было вельмі шмат браку. Пры перахопе мяча мы на другой-трэцяй перадачы самі аддавалі яго. Таму першы тайм, шчыра кажучы, не атрымаўся. З выхадам Шукурава ў цэнтры поля стала больш канструктыва. Хаця Юра Паўлюкавец стараўся. Але справа нават не ў ім: цэнтральныя абаронцы памыляліся на роўным месцы, форварды не маглі ўчапіцца за мяч. Быў агульнакамандны брак.

– Класны гол забіў Максім Краўцоў. Наколькі задаволены заменамі ў цэлым?

– Тут зноў жа дваякае ўражанне. Максім выйшаў – забіў, Папарыга выйшаў – «прывёз». Ён парушыў правілы, чаго не трэба было рабіць, таму што «Тарпеда» – высакарослая каманда. Але нічога страшнага. Мне няма ў чым папракнуць рабят. Яны стараліся, гулялі як маглі. Была гульня з памылкамі – так атрымалася.

– Вы страцілі ачкі. Але ўся ж барацьба за чэмпіёнства наперадзе?

– Вядома, будзем змагацца да апошняга. Калі хлопцы будуць гуляць (а яны будуць) з такім жа жаданнем, занясем карэктывы, падымецца Алімардон Шукураў… Так што ўсё будзе добра, – сказаў Кавалевіч.