Усе навіны

Аляксандр Бразевіч: «Мацяш і Халімончык вярнуліся з войска тыдзень таму. 2 месяцы «Арсенал» трэніруецца ў складзе 14-16 чалавек»

14 лістапада, 17:16
1

Галоўны трэнер «Арсенала» (Д2) Аляксандр Бразевіч расказаў аб кадравых праблемах каманды.

– Цi былi праблемы з абоймай гульцоў?

– Так, і ў сустрэчы з «Макслайнам», і ў іншых матчах, калі гулялі непаўнавартасным складам, такое было. Мы ўвогуле заставаліся без нападаючых: адзін прапускаў з-за картак, другі атрымаў на трэніроўцы непрыемную траўму галенастопа.

А для нас кожны футбаліст на вагу золата, пры ўсёй павазе да лаўкі. Там збольшага маладыя футбалісты. Аб'ектыўна наша абойма 12-13 гульцоў. Плюс два ўжо больш вопытныя, гэта Дзіма Мацяш і Мікіта Халімончык, але яны былі ў войску. Вярнуліся літаральна тыдзень таму.

Гэта робіць гонар яшчэ і футбалістам, якія цягнулі на сабе ўвесь сезон. Насамрэч было вельмі няпроста. Але яны малайцы, за тры туры да канца мы чэмпіёны, гэта самае галоўнае.

– Большасць з гэтых футбалістаў павінна застацца з камандай і ў вышэйшай лізе?

– Мы два месяцы трэніруемся ў складзе 14-16 чалавек максімум. Нас нe так шмат. І сапраўды дзясятак футбалістаў плюс-мінус пакідаў бы. Бо, як паказвае гісторыя, нават каманды, якія выходзяць у вышэйшую лігу з касцяком, больш паспяховыя ў далейшым.

І тут усё проста: каб наладзіць гульню каманды, патрэбны высакакласныя футбалісты, але для гэтага трэба мець вельмі сур'ёзны бюджэт, толькі так можна рыхтавацца да сур'ёзных задач. Тады, вядома, можна смела разганяць усіх. Але мы шануем кожным футбалістам, хлопцы заслужылі паспрабаваць свае сілы ў вышэйшай лізе, – сказаў Бразевіч.