Усе навіны

Аляксей Харытановіч: «У мінскага «Дынама» два саставы, а ў «Белшыны» на адзін складана набраць людзей»

28 лістапада, 17:41

Капітан «Белшыны» Аляксей Харытановіч пасля матча з мiнскім «Дынама» (0:4) пракаментаваў чаго не хапіла камандзе для больш рэзультатыўнага выступу ў сезоне.

– Першае: вялікая цякучка футбалістаў, як кажа галоўны трэнер. Кожны сезон у Бабруйску новы склад. Некаторым гульцам цяжка адаптавацца. Гэтая акалічнасць замінае ў большай ступені.

Да таго ж у нас шмат хлопцаў увогуле да гэтага года не ведалі, што такое вышэйшая ліга. І таму ў паядынках, дзе кроў з носу трэба браць ачкі, мы аддаём суперніку іх вельмі лёгка.

Хоць не скажу, што «Белшына» у кожным прайграным матчы была аб'ектыўна слабейшай. Меў месца і пазітыў. Праўда, гэта не адносіцца да сустрэчы з «Дынама». Знайсьці ў ёй хоць нешта добрае ня выйдзе. Наперадзе нічога не стварылі. Хутчэй дапамаглі сапернікам ля сваіх варот.

– Пры пазітыўным зыходзе – наборы трох ачкоў – атрымалася б прэтэндаваць нават на выратавальную трынаццатую пазіцыю. Не справіліся з грузам адказнасці? Ці ўсё ж «Дынама» абʼектыўна – мацней?

– Думаю, другое.

У складзе мінчан шмат выканаўцаў, якія могуць раціравацца без страты якасці гульні. Не заўсёды зразумела, хто ў канкрэтным матчы зʼявіцца ў «старце».

Па сутнасці, у распараджэнні трэнера два саставы. А ў нас і на адзін складана набраць людзей.

– Як для сябе ацэніце які сканчаецца сезон? Мінулы амаль поўнасцю прапусцілі з-за траўмы...

– Нават паспеў у яго канцоўцы згуляць – лічу, удала.

Скажу шчыра, не адчуваў сябе гатовым на ўсе сто, хаця трэнерскі штаб і хлопцы хацелі, каб вярнуўся на поле. Я таксама быў не супраць, але падпільнавала мікратраўма – напэўна, з-за негатоўнасці арганізма да працы ў баявых умовах.

У пачатку сезона-2023 мы былі ў добрай форме: нават матчы, у якіх апынуліся слабейшымі, нельга занесці ў пасіў. Часта вялікае значэнне мела наша нявопытнасць. Калі трэба было забіраць сваё, нажаль, саступалі. Ком з няўдач усё рос, і з сябе за гэта віну не здымаю.

Не заўсёды дзейнічаў найлепшай чынам, мог больш выкласціся. У любым выпадку цяжка, бо я капітан. Жадаецца выручаць часцей. Раблю ўсё, што маiх сілах. Часам гэтага недастаткова, і дакараю сябе за тое, што ва ўсёй каманды не атрымліваецца. Напэўна, дзесьці я не дастукаўся да рабят, дзесьці, магчыма, меў месца няправільны падказ – у плане псіхалогіі.

У большай ступені бяру адказнасць за вынік бягучага чэмпіянату на сябе, як бы для «Белшыны» ён ні скончыўся, – сказаў Харытановіч.