Усе навіны

Прановіч пра дубль мінскаму «Дынама»: «Атрымалася так, што «Нафтан» задаволены, заўзятары таксама, а я – 50 на 50»

9 красавіка, 11:47

Паўабаронца «Нафтана» Ігнат Прановіч распавёў пра дубль ў матчы з мінскім «Дынама» ў трэцім туры ЧБ.

– За адзін матч ты забіў столькі ж, колькі за 24 папярэдніх у вышэйшай лізе. Чым растлумачыш?

– У гэтым сезоне ў нас падабраўся вельмі добры калектыў. З хлопцамі ёсць паразуменне. Я ім дапамагаю, яны – мне. І пакуль усё паспяхова. А летась быў мой першы сезон у вышэйшай лізе, толькі ўкочваўся. Спадзяюся, статыстыка будзе толькі паляпшацца. Думаю, пакуль гэта найважнейшы і лепшы матч у маёй кар'еры.

– Шмат віншаванняў атрымаў?

– Так. Віншавалі сваякі, блізкія, ды і проста людзі ў сацсетках пісалі. Мяне так, мусіць, з днём нараджэння не віншуюць.

– Калі аналізаваць твае галы, складаней было разабрацца ў другім эпізодзе?

– Так. У першым моманце Раман Папарыга своечасова аддаў пас, там вялікай працы не было. А пры другім голе трэба было пазмагацца і дагнаць мяч.

– Што перашкодзіла рэалізаваць яшчэ чатыры выдатныя моманты?

– У першым тайме, калі аддаваў Антон Сучкоў, проста не трапіў у вароты. Пры выхадзе сам-насам трэба было біць з левай нагі, а не з правым вонкавым бокам ступні. У трэцім эпізодзе добра згуляў Федзя Лапаўхоў. Але можна было прабіць у блізкі ніз. Насамрэч усе моманты мог рэалізоўваць. Атрымалася так, што каманда задаволеная, заўзятары таксама, а я – 50 на 50. Забівай на 80-й хвіліне, рабі лік 3:2 – думаю, 10 хвілін мы дастаялі б, – сказаў Прановіч.