Усе навіны

Арзамасцаў пра Алоса: «Добры трэнер з Еўропы не паедзе ў Беларусь, дзе футбол у такім месцы, што нічога не даб’ешся»

18 красавіка, 11:10

Заслужаны трэнер БССР Веніямін Арзамасцаў выказаў сваё меркаванне пра галоўнага трэнера зборнай Беларусі Карласа Алоса.

– Як вы ставіцеся да таго, што ў нас цяпер галоўны трэнер зборнай Беларусі – іспанец?

– У прынцыпе я не вельмі станоўча стаўлюся да гэтага. Тут два моманты. Першы момант: на мой погляд, добры кваліфікаваны трэнер з Еўропы зараз не паедзе працаваць у Беларусь, дзе футбол знаходзіцца ў такім месцы, на такім нізкім узроўні, што там нічога не даб’ешся. I нічога не зарабляеш, таму што таксама на першым месцы – гэта зарабіць, разумееце? Паедзе такой сярэдняй кваліфікацыі, дзе ён асабліва не запатрабаваны, яму патрэбна праца, яму трэба недзе зарабляць.

І другі момант: я скажу, што ў нас у Беларусі на сённяшні дзень ёсць нямала трэнераў вельмі добрага ўзроўню, добрай кваліфікацыі. Але кіраўнік такі: «Усё, мы будзем з ім абыгрываць». Я за тое, каб скарыстаць свае рэзервы. Бо цяпер вазьміце, у нас вось гэтыя курсы «PRO» [ад АБФФ] праводзяць, калі [трэнеры] атрымліваюць ліцэнзію і ім даюць права кіраваць камандамі, – выйшла ў нас больш за 60 чалавек. А цяпер вось ужо яшчэ выйшлі – [ужо сумарна выйшла] напэўна, пад 80 чалавек.

– Вы ж самі сказалі, што гэта не заклад таго, што гэтыя трэнеры будуць прафесіяналамі.

– Я разумею, [але] іх таксама трэба прыцягваць, ім таксама трэба дапамагаць у працы, даючы ім ход, – сказаў Арзамасцаў.