Tribuna/Футбол/Блогі/Трэнер зборнай Кандрацьева крыўдзіцца на «Беларусь 5», бо там зашмат негатыву пра яго фенаменальную каманду. Як у студыі дзяржТБ лаяліся найміты рэжыму

Трэнер зборнай Кандрацьева крыўдзіцца на «Беларусь 5», бо там зашмат негатыву пра яго фенаменальную каманду. Як у студыі дзяржТБ лаяліся найміты рэжыму

«Мы вам нешта вінныя? Гэта не так»

Аўтар — Alex Zagorski
27 чэрвеня, 14:23
Трэнер зборнай Кандрацьева крыўдзіцца на «Беларусь 5», бо там зашмат негатыву пра яго фенаменальную каманду. Як у студыі дзяржТБ лаяліся найміты рэжыму

26 чэрвеня на рэжымным тэлебачанні было горача. На адзіны спартыўны канал краіны «Беларусь 5» у госці завітаў трэнер Дзмітрый Раўнейка з фенаменальнай зборнай Кандрацьева, якая нядаўна атрымала першую перамогу ў афіцыйным матчы за 2 гады (пацярпела Косава ў адборы да ЧЕ-2024 – 2:1). Так, скончылася амаль стаўшая гістарычнай серыя з 16 гульняў без перамог. А які цудоўны быў серыял – 13 параз і 3 нічыіх!

Не ведаю, ці ўсхвалялі гэты поспех у эфіры «На грани фола» і ці казалі пра «ўздым з кален» (псіхіку трэба берагчы і абмяжоўваць кантэнт з экранаў беларускага ТБ), але ўсё ж такі частка перадачы вартая ўвагі. Сітуацыя наступная: Раўнейка не спадабалася, як супрацоўнік «Б-5» Яўген Табула «прад'явіў» яму за праіграны матч з Ізраілем (тая самая 16-я параза, на якой серыя спынілася), і тут пайшло-паехала.

Табула: «Давайце адказ, калі ласка, на пытанне. У другім тайме матчу з Ізраілем зламаўся выхад з абароны ў атаку ад слова. У першым тайме хлопцы гулялі перыядычна праз Марозава і ён чапляўся, то ў другім шмат разоў гулялі на адбой. Больш за 20 удараў былі проста на вынас. Бахар зусім не чапляўся за гэтыя мячы. Таму мы ўвесь час гулялі ў абароне, наеліся і з 60-й хвіліны ледзь валачылі ногі».

Раўнейка: «Па-першае, адразу пастаноўка пытання: «Давайце адказ». Я ў вас не на сумоўі. Вы проста цікавіцеся – я дзялюся. А вы потым хвалюецеся, чаму да вас не прыходзяць людзі, чаму не маюць зносіны. Таму што тут першапачаткова такое, што мы вам нешта вінныя. А гэта не так».

Табула: «Ну чаму? Трэнеры і гульцы зборнай павінны заўзятарам...»

Раўнейка: «Не, яны не павінны прыходзіць менавіта да вас сюды. Глядзіце, у што ўсё пераліваецца. Не ў нейкую аналітычную праграму, а ў ток-шоу. Мы проста абмяркоўваем, выказваем сваё меркаванне. Тады трэба запрашаць агентаў. Чаму вы крыўдуеце, што трэнеры не жадаюць прыходзіць?»

***

Раўнейка ўспомніў пра ўласную годнасць? Каб не той нюанс, што працуе ён у зборнай, якая не парамагала два гады і да таго ж атрымлівае з кішэні рэжыму, які абкрадвае беларусаў, 7,5 тыс. еўра, было б цікава. А так... Годнасць годнасцю, але ў такіх абставінах трэба ўжо «раздивацца и работаць», Дзмітрый.

Але вернемся да тэмы. У спрэчку ўступіў каментатар Генадзь Салавей, з якім у Раўнейкі, здаецца, зусім не сяброўскія адносіны.

***

Салавей: «Усе [трэнеры] прыходзяць, акрамя аднаго [галоўнага трэнера зборнай Георгія Кандрацьева]».

Раўнейка: «Назавіце, дзе прыходзіць галоўны трэнер зборнай?»

Фёдар Прошкін: «Валерый Карпін у Расіі...»

Раўнейка: «Дзе яшчэ? Дык вы рабіце такую структуру, каб людзі хацелі сюды прыходзіць. Але калі гэта не так…»

Ілля Бакай: «Гэта значыць, галоўны трэнер не абавязаны прыходзіць на адзіны ў краіне спартыўны канал?»

Раўнейка: «Да вас – не. Калі б гэта было не абмеркаванне, каго зняць, а каго прызначыць, а больш нешта аналітычнае… Вы ж гледзіце, мусіць, Англію, яшчэ што-небудзь. Там прыходзяць тры былыя футбалісты, тры трэнеры, якія паміж сабой маюць зносіны, закідваюць нейкую тэму.

Напэўна, у вас яшычэ скажэнне карцінкі. Калі ты каментуеш і глядзіш чэмпіянат Англіі, Іспаніі ці Лігу чэмпіёнаў, то думаеш, што разбіраешся ў футболе. Але гэта ўсяго толькі карцінка са скрынкі, з верталёта.

Агульнае разуменне футбола крыху па-іншаму ўладкавана. Таму там больш нюансаў і ўсяго іншага».

***

Цікава, якіх экс-футбалістаў жадае бачыць на ТБ Раўнейка? Мабыць Драгуна, Стасевіча, Гутара, Бардачова і іншых, што трапілі ў «чорны спіс» «мінспорту» рэжыму, на які ён працуе?

***

Прошкін: «Але заўзятары ж таксама скрынку глядзяць».

Раўнейка: «Ёсць прэс-канферэнцыі. Вы можаце паехаць і задаць пытанні».

Салавей: «У Венгрыі?»

Раўнейка: «У Венгрыі. Вы ж спартыўны тэлеканал, адзіны ў краіне».

Салавей: «Нам не даюць акрэдытацыю. Напэўна вы ў курсе».

***

Мо не трэба на прапагандысцкім ТБ працаваць, хлопцы?

***

Раўнейка: «І што? Можна задаваць пытанні праз прэс-службу, праз іншых. Можна тут узяць інтэрв'ю ў галоўнага трэнера. З вашага тэлеканала ўжо прыходзілі і бралі інтэрв'ю. Але сюды ніхто не абавязаны да вас прыходзіць. Тым больш тут увесь час негатыўнае стаўленне да зборнай. Колькі ўжо я ў ёй – увесь час негатыў».

Прошкін: «Ды нармальнае стаўленне».

Раўнейка: «Увесь час у вас праблемы са зборнай».

Салавей: «А вы мяркуеце, што іх няма?»

***

На гэтай «разрыўной» ноце агляд сваркі служкаў рэжыму скончым. Цікавае, канешне, відовішча, поп-корнавае. А што думаеце вы?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты