Tribuna/Футбол/Блогі/«Сіці» вярнуў лідарства АПЛ – удар Сона будзе сніцца фанатам «Арсенала»

«Сіці» вярнуў лідарства АПЛ – удар Сона будзе сніцца фанатам «Арсенала»

У Холанда дубль.

15 траўня, 03:44
«Сіці» вярнуў лідарства АПЛ – удар Сона будзе сніцца фанатам «Арсенала»

У перанесеным матчы 34-га тура АПЛ «Тотэнхэм» дома прайграў 0:2 «Манчэстэр Сіці», дазволіўшы суперніку вярнуцца на вяршыню лігі. Перад апошнім турам чэмпіянату.

«Тотэнхэм»: Вікарыё, Ван дэ Вен, Дрэгушын, Рамера, Пора, Сар (Ла Чэльса, 85), Хёйб'ерг (Скіп, 85), Бентанкур (Кулушеўскі, 55), Мэдысан (Мур, 90+2), Джонсан, Сон

«Ман Сіці»: Эдэрсан (Артэга, 69), Гвардыёл, Дыяш, Аканджы,Уокер, Радры, Кавачыч, Фадэн, Дэ Бруйнэ (Доку, 69), Бернарду Сілва, Холанд (Альварэс, 90+5)

🔹 На 6-й хвіліне гаспадары стварылі першы небяспечны момант сустрэчы. Хёйб'ерг запусціў дыяганальным пасам мяч на левы фланг на Джонсана, той адпасаваў Бентанкуру на лінію штрафной, з якой уругваец смачна прыклаўся.

Зрэшты, Эдэрсан зрэагаваў.

🔹 Праз 10 хвілін Хёйб'ерг пастараўся ўжо для гасцей, калі ва ўласнай штрафной нядбайна выбіў прама на Фадэна.

Філ расстрэльваў Вікарыё, але той не падвёў каманду, адбіўшы мяч рукой.

🔹 Пад канец тайма каманда Гвардыёлы стрэліла дуплетам момантаў у адной атацы.

Спачатку Холанд пасля навеса Фадэна прабіў з метраў сямі, але ўдар заблакаваў Бентанкур.

А потым на дабіванне паспеў Бернарду Сілва, але і яго спробу парыравалі. Дрэгушын галавой перавёў мяч на кутні.

🔹 А ўжо пасля перапынку заўзятары дачакаліся і галоў. На 52-й хвіліне атака «Ман Сіці» другім тэмпам скончылася тым, што Дэ Бруйнэ прастрэліў у зону ля брамы, а там непрыкрыты Холанд забіў у неабароненыя вароты, бо Вікарыё няўдала выйшаў на перахоп.

🔹 У адказ на прапушчаны Пастэкоглу зняў арыентаванага на стрымліванне супернікаў Бентанкура і выпусціў дзеля ўзмацненне атакі Кулушеўскага. Што вельмі не спадабалася уругвайцу.

🔹 Агрэсіі ў гульні стала больш, калі Рамера на далёкай штанзе спрабаваў дацягнуцца да мяча, але замест гэтага ўрэзаўся ў галаву Эдэрсана.У выніку хоць галкіпер «Ман Сіці» і ачуняў, трэнерскі штаб вырашыў усё роўна яго памяняць. І гэта бразільцу таксама не спадабалася.

🔹 За гэтымі перапынкамі вастрыня не згубілася. Наадварот, амаль адразу пасля выхаду на поле Артэга выдаў важны сейв пасля ўдару Кулушеўскага з вострага вугла з блізкай адлегласці.

Здавалася, што кіпер прапусціў гэты мяч паміж ног, але Штэфан усё ж паспеў адбіць мяч пад сябе сцягном, а потым і зафіксаваў яго пасля прызямлення.

🔹 У цэлым «Тотэнхэм» у другой частцы другога тайма прыціснуў суперніка да брамы. Так, што Артэга вымушаны быў, уводзячы мяч у гульню ударам ад варот, выбіваць яго на чужую палову поля, а не кароткім пасам свайму абаронцу.

І гэта неўзабаве дало вынік для гаспадароў. На 86-й хвіліне Аканджы згуляў нязграбна, даўшы Джонсану сябе абыграць, і вось ужо Сон выходзіць сам-насам на Артэгу

Але дуэль карэйца і немца выйграў другі.

🔹 Страціўшы найлепшую магчымасць забіць у матчы, лонданцы неадкладна за гэта паплаціліся.

Праз чатыры хвіліны Пора сфаліў супраць Доку ва ўласнай штрафной, суддзя прызначыў 11-метровы, а Холанд яго рэалізаваў.

Дубль Эрлінга азначае, што цяпер у яго 27 галоў у гэтым розыгрышы АПЛ. А гэта робіць яго амаль напэўна пераможцам бамбардзірскіх спаборніцтваў у Лізе. У пераследніка Палмера 21 мяч.

А яшчэ гэтыя два галы нарвежца сталі першымі для «гараджан» на новым стадыёне «Тотэнхэма», які адкрылі ў 2019 годзе, у рамках АПЛ. Адпаведна, і перамога стала першай.

🔹 У выніку «Сіці» перамог 2:0 і за тур да заканчэння чэмпіянату вярнуўся на першае месца ў табліцы, апярэджваючы «Арсенал» на два балы. 88 пунктаў супраць 86.

У апошнім туры каманда Гвардыёлы згуляе супраць «Вест Хэма», а каманда Артэты супраць «Эвертана». У гэтых гульнях і вызначыцца лёс чэмпіёнства.

У «Тотэнхэма» гэта ж ужо пятае паражэнне за апошнія шэсць тураў. Гэта азначае, што «шпоры» падпусцілі яшчэ бліжэй праследавацеляў і рызыкуюць не толькі страціць пятае месца, але і застацца без еўракубкаў наогул. Хоць яшчэ да нядаўняга часу змагаліся з «Астан Вілай» за зону Лігі чэмпіёнаў.

З іншага боку фанаты «шпор» могуць радавацца такому зыходу матчу, бо ён значна пагоршыў шанцы ненавіснага для іх «Арсенала» на чэмпіёнства.

Фота: «Манчэстэр Сіці», скрыншоты трансляцыі Setanta Sports

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты