Усе навіны

Аліна Гарнасько: «Шкада, што Беларусь крыху ізаляваная ад сусветных турніраў. Спадзяемся на змены, бо мы зараджаныя несці прыгажосць»

25 лістапада 2022, 13:37
1

Беларуская гімнастка Аліна Гарнасько падзялілася планамі на падрыхтоўку да новага сезону з улікам міжнароднага бан беларускай каманды.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Зараз у беларускіх гімнастак спаборніцкае зацішша. Чаму прысвяціце гэты час?

– Так, сапраўды, у асноўным у кастрычніку ў нас заўсёды заканчваецца сезон мастацкай гімнастыкі – надыходзіць міжсезонне. Гэты перыяд прызначаны для складання новых праграм, падрыхтоўцы да новага сезона, які пачнецца ў студзені. Вядома, сёлета ў нас узніклі пэўныя складанасці ў спорце, мы ўсе не ведаем, які зыход будзе заўтра. Таму мы па-ранейшаму працягваем падтрымліваць сваю форму. Ужо пачалі займацца складаннем новых практыкаванняў, паралельна працуючы з вобразам і музыкай. Таксама працягваем працаваць над артыстызмам. Таму зараз дастаткова цікавы час для эксперыментаў.

– Як раз час падводзіць вынікі?

– Менавіта. Сезон, вядома, выдаўся вельмі спецыфічным. Не скажу, што я радая на сто працэнтаў, але з таго, што нам заставалася, мы выціснулі максімум. І я думаю, што тыя, хто сачыў за нашымі выступамі, бачаць: мы ані не саступаем лідэрам сусветнага першынства гэтага года. Вядома, шкада, што беларуская зборная крыху ізаляваная ад сусветных турніраў, але вельмі спадзяемся на нейкія змены. Бо мы зараджаныя несці за сабой элегантнасць, прыгажосць і ўсю складанасць гэтага віду спорту, – сказала Гарнасько.

Нагадаем, што бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў у Токіа з'яўляецца падпісанткай праўладнага ліста.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com