Усе навіны

Гімнаст Букін пра магчымы допуск беларусаў на АГ-2024: «Балы і абдыманкі з Лукашэнкам – не палітыка? Калі кажуць пра раўнапраўе, няхай рыхтуюцца на ўкраінскіх зруйнаваных арэнах»

17 лютага 2023, 11:46

Артыст Cirque du Soleil і экс-гімнаст зборнай Беларусі Сямён Букін у размове з «Нашай Нівай» падзяліўся меркаваннем наконт магчымага вяртання беларускіх і расійскіх спартсменаў на Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы.

«Ніякага допуску, нават пад нейтральнымі сцягамі.

Чуў нядаўна добры выраз, што белы сцяг расіян трэба будзе пабачыць на полі бою ва Украіне, а не на Алімпіядзе.

А што датычыць беларускіх спартсменаў, то няхай выганяюць з краіны расіян і вывешваюць над палацам дыктатара белы сцяг. Хаця зацятых прыхільнікаў-лукашыстаў гэта не ўратуе, ім – пажыццёвы бан.

Дадам яшчэ ў падтрымку беларускіх спартсменаў, хто не можа выказацца, і такіх хапае. Напрыклад, ёсць тыя, хто не падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Іх – шкада, яны не вінаватыя ў тым, што аказаліся закладнікамі ў гэтай сітуацыя. Але я ўспамінаю закладнікаў рэжыму, якія сядзяць за кратамі, там таксама шмат спартсменаў, і ў мяне адразу знікае спачуванне тым, хто не прыняў ніякага боку.

Маладых спартсменаў крыху шкада, але ім пакуль занадта мала гадоў для Алімпіяды. Хаця на тых жа ж чэмпіянатах Еўропы і свету хтосьці ўжо можа ўдзельнічаць.

Мне ўвогуле смешна, калі кажуць пра «спорт па-за палітыкай». Сцягі, якія выкарыстоўваюцца на спаборніцтвах, – ці не палітыка? А гімны?

Успомніце апошнюю перамогу Сабаленка – Лукашэнка і праўладныя СМІ падносілі гэта як асаблівую заслугу Лукашэнкі, і як яны аблілі брудам беларускіх спартсменаў, якія выступілі супраць нелегітымнага і вымушаныя былі з’ехаць. А тую ж перамогу Сныцінай на Кубку Брытаніі не заўважылі – Сныціну аблілі брудам і не толькі яе, а ўсіх тых, хто супраць рэжыму.

Балы, сустрэчы і абдыманкі Сабаленка з Лукашэнкам, таксама і з іншымі беларускімі спартоўцамі, больш-менш вядомымі, – не палітыка?

Смешна, як апошняе спартовае дасягненне Сабаленка зрабілі культавым. Таму што няма чым ганарыцца, краіна ў багне і трэба хоць нешта паказаць, а тут – Australian Open. Лукашысты здольныя з любой малазначнай перамогі ўтварыць культ дзеля сваёй выгады. Успомніце перамогу хакейнай зборнай над шведамі ў Солт-Лэйк-Сіці – як 9 мая хутка будуць святкаваць. Я ніколі ў Еўропе, ЗША ці Канадзе не бачыў, каб спартсмены цалаваліся з кіраўнікамі іх дзяржаў ці неяк выкарыстоўваліся палітыкамі.

Ніякага ўдзелу расіян і беларусаў у Алімпіядзе, нават пад нейтральнымі сцягамі. Калі яны скуголяць, што спорт па-за палітыкай, то няхай раскажуць пра гэта ўкраінскім спартсменам, якія са зброяй у руках змагаюцца за сваю краіну і за сваё жыццё, тым украінскім спартсменам, хто ўжо загінуў. Калі кажуць пра нейкае раўнапраўе, якога іх быццам пазбаўляюць, няхай едуць і рыхтуюцца ва Украіну, на ўкраінскія арэны, зруйнаваныя акупантамі.

Расійскія спартсмены чапляюць літары Z на сваё адзенне на спаборніцтвах, у іх на плакатах паўсюль цяпер прысутнічае гэтая свастыка. А ўспомніце вялікі Z-мітынг у Лужніках! Дарэчы, вельмі нагадвае першы вялікі мітынг Гітлера на Zeppelintribune ў Нюрнбергу. Вядомы гімнаст Мікіта Нагорны – твар расійскай юнарміі, патрыятычнага руху на ўзор усімі вядомага Гітлерюгенда. Гэта не палітыка?

Спадзяюся, што ў найбліжэйшым часе мы знішчым гэты рэжым. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым хутчэй зможам вяртацца да аднаўлення спорту і ўдзелу спартсменаў у спаборніцтвах пад сапраўдным бел-чырвона-белым беларускім сцягам. Чакаю яго на Алімпіядзе-2028 у Лос-Анджэлесе!» – сказаў Букін.