Усе навіны

Сямён Букін: «Не здзіўлюся, калі людзі ў Cirque du Soleil нават не ў курсе, што ёсць такі Ганчароў, які падпісаў праўладны ліст. Ім пофіг»

23 траўня, 22:32

Беларускі гімнаст Сямён Букін у інтэрв'ю Tribuna.com распавёў, як у Cirque du Soleil прынялі Уладзіслава Ганчарова.

– У цырку шмат людзей, якія супраць вайны, ёсць у трупе і ўкраінцы. Як яны адрэагавалі на з'яўленне ў кампаніі чалавека, які падпісваўся за Лукашэнку і ягоны рэжым, прымаў ад яго ўзнагароды, ціснуў яму руку?

– У нас асобнае шоў, я не магу сказаць, якая рэакцыя была там, куды прыехаў Ганчароў. Ды і ўвогуле ці ў курсе астатнія, што рабіў спартсмен. У нашым шоў людзі ведаюць маю пазыцыю, ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, што такое рэжым Лукашэнкі, што ва Украіне цяпер вайна. Але такія маленькія пытанні, як праўладны ліст, іх не цікавяць. Не здзіўлюся, калі людзі нават не ў курсе, што ёсць такі Ганчароў, які падпісаў праўладны ліст. Ім пофіг, у нас хапае людзей, якія працуюць і больш нічым не цікавяцца.

Няма ў нас тут і асаблівай рэакцыі на тое, што прыехаў алімпійскі чэмпіён. У Беларусі ўсе будуць казаць з захапленнем, а ў цырку – ён проста будзе працаваць з усімі ў адной камандзе. Усім будзе ўсё роўна, якіх ён заслуг дасягнуў.

– І большасці будзе ўсё роўна, якіх ён поглядаў?

– Думаю, так. Разумееш, тут жа таксама ніхто адкрыта не гаворыць, якіх поглядаў прытрымліваецца, як ставіцца да Лукашэнкі, Пуціна і вайны. Ды нават тыя ж расіяне, якія падтрымліваюць вайну, ходзяць і маўчаць. Максімум – у нейкай прыватнай гутарцы могуць выказацца. Таму сумняваюся, што Улад прыехаў і расказвае, які ахрэненны рэжым Лукашэнкі, што ёсць такі ліст, які ён [Ганчароў] падпісаў. Прыехаў і ціхенька будзе працаваць, а астатнія і цікавіцца не стануць такімі рэчамі.

Я ўвогуле здзіўлены, як у прэсу пратачылася гэтая навіна. Самаму цікава, хто і каму паведаміў гэтую інфармацыю. Бо людзі ў Cirque du Soleil могуць нават не ведаць, што прыехаў нейкі алімпійскі чэмпіён з нейкай Беларусі. Некаторыя нават не ўяўляюць, што такое Беларусь, – падзяліўся Букін.