Усе навіны

Трэнер «Металурга» Краўчанка: «Чаму не было Ярмянкова? Таму што»

14 красавіка 2023, 23:02

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся меркаваннем аб другім матчы фінальнай серыі Экстралігі з «Нёманам» (2:1).

– Калі коратка, матч можна ахарактарызаваць так: мы забілі на адну шайбу больш. А што прывяло да гэтага – усе бачылі. І добра, што бачылі.

А мы бачылі яшчэ адзін проста выдатны фінальны матч у выдатным антуражы. Дзякуй за яго і гаспадарам, і нашым заўзятарам. Пасля мінулай гульні казаў, што ёсць даўжок. Прыемна несці людзям радасць. Асабліва калі яны прамчалі праз усю краіну і так узрушаюча за нас хварэлі. Чакаем у Жлобіне!

– Якія кампаненты прывялі да перамогі?

– Забілі на адну шайбу больш. Гэта важны кампанент. Без галоў перамог не бывае. Маглі больш закінуць, але сёння для перамогі хапіла і гэтага.

– Як справы ў лазарэце? Вы казалі, што вірус ходзіць.

– Ведаеце, гэта збег абставінаў, які крыху паўплываў на мінулы матч. Але зараз шмат усякага ходзіць. У нас ёсць цудоўны доктар, які паціху спраўляецца з хваробамі. Спадзяюся, усе будуць у страі.

– Чаго чакаць балельшчыкам ад матчаў у Жлобіне?

– Чакаць 16 красавіка, каб прыйсці на трыбуны, стварыць сумеснае свята адзін для аднаго. І, натуральна, пакінуць радасць дома.

– У склад вярнуўся Улад Габрусь, не было Вовы Ярмянкова. Растлумачце перастаноўку, і як вам гульня абаронцы?

– Матч прыйшоў да станоўчага выніку – адпаведна, усе хакеісты рабілі ўсё для станоўчага выніку. Як і той, пра каго вы пытаецеся.

– Дык чаму не было Ярмянкова?

– Таму што, – сказаў Краўчанка.