Усе навіны

БФСС: «Удзел спартсменаў з Беларусі і Расіі ў найбуйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку Алімпіядах і Паралімпіядах, недапушчальны»

13 снежня 2022, 17:28
2

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выступіў з заявай па пытанні магчымага допуску прадстаўнікоў Беларусі і Расіі да Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы.

– Рэжымы Беларусі і Расіі развязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям сваіх уласных грамадзян. Пры гэтым расейскі рэжым не першы раз парушае Алімпійскае перамір'е, а беларускі выйшаў у сусветныя лідары па колькасці палітычных зняволеных прапарцыянальна колькасці насельніцтва. Сярод палітычных вязняў у Беларусі больш за 30 спартсменаў. Сотні беларускіх спартсменаў і трэнераў былі змушаныя пакінуць краіну, дзясяткі страцілі магчымасць выступаць на Алімпійскіх гульнях з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Гэтыя дзеянні не адпавядаюць прынцыпам, закладзеным у Алімпійскай хартыі, а таксама з'яўляюцца парушэннем базавых правоў чалавека. Сусветная супольнасць абмяркоўвае варыянты стварэння адмысловага Міжнароднага трыбунала для прыцягнення да адказнасці рэжымаў дзвюх краін за злачынствы супраць чалавечнасці.

У гэтых умовах удзел спартсменаў з Беларусі і Расіі ў буйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку Алімпіядах і Паралімпіядах, недапушчальны, паколькі будзе выкарыстаны як сродак прапаганды.

У той жа час, як арганізацыя, якая абараняе правы спартсменаў, мы лічым, што атлеты з беларускім ці расійскім грамадзянствам, якія ў поўнай меры выконваюць прынцыпы Алімпійскай хартыі, могуць быць дапушчаныя да Алімпіяды пры выкананні наступных базавых умоў:

- Нейтральны статус – адсутнасць гімнаў, сцягоў і іншых элементаў нацыянальнай сімволікі;

- Публічнае асуджэнне дзеянняў беларускага і расійскага рэжымаў у дачыненні да развязанай агрэсіўнай вайны і ўнутраных рэпрэсій па палітычным прынцыпе, далучэнне да Антываеннай дэкларацыі спартсменаў;

- Адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы, у тым ліку цесна звязаных з ёй юрыдычных і фізічных асоб;

- Нядопуск афіцыйных прадстаўнікоў, спартыўных функцыянераў, а таксама прадстаўнікоў прапаганды дзвюх краін на мерапрыемствах.

BSSF прапануе выкарыстоўваць найлепшыя практыкі ў гэтай сферы, якія існуюць на дадзены момант, і гатовы аказаць садзейнічанне міжнародным спартыўным арганізацыям, прадаставіць рэкамендацыі і неабходныя кансультацыі па гэтым пытанні, – заявілі ў БФСС.

Нагадаем, што шматлікія беларускія каманды і спартсмены былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая працягваецца з 24 лютага Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com