Усе навіны

Герасіменя пра федэрацыю плавання: «Ёсць такое правіла гульні: прыйсці ў суботу, падняць зялёную картку па камандзе і пайсці нажрацца – і прывыклі так жыць. Гэта гарантыя іх спакою»

16 студзеня 2023, 17:28

Алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя падзялілася меркаваннем пра становішча спраў у беларускай федэрацыі плавання.

Нагадаем, арганізацыю ўзначальвае намесніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.

– А калі вы былі гэтай самай асобай краіны, вам не даводзілася чуць за мяжой, што ў Беларусі знікаюць апазіцыйныя палітыкі, няма выбараў і журналістаў забіваюць?

– Калі я заваявала першы алімпійскі медаль у Лондане, многія дзівіліся і казалі: што гэта за краіна такая? Пагардліва нават казалі. А калі я ўзяла другі медаль, ужо падышлі і павіншавалі. Але каб нехта нешта пытаўся – такога не было. Ніхто са спартсменаў не цікавіцца сітуацыяй у іншай краіне.

– Атрымліваецца, калі спартсмен выказвае публічна грамадзянскую пазіцыю, гэта нетыпова, незвычайна і таму асабліва каштоўна?

– Так, вядома. Прапаганда дзесяцігоддзямі працавала пад лозунгам «спорт па-за палітыкай». І шмат у каго адбываецца падмена паняццяў. Ніхто не задумваецца, што гэты лозунг абсурдны і вар'яцкі, – хаця б таму, што спартсмены, якія прадстаўляюць краіну, з'яўляюцца якраз-такі часткай гэтай самай палітыкі. А ва ўладзе свая мэта: яны ўбіваюць спартсменам у галовы гэты лозунг, каб у тых і думак не ўзнікла яе крытыкаваць.

Спартсмен павінен маўчаць. А калі ён не проста моўчкі скача і бегае, але ў прамежках яшчэ і ўсхваляе ўладу, - гэта ідэальны для Беларусі спартсмен.

І многія сур'ёзна думаюць, што маўчаць - гэта і ёсць "па-за палітыкай". А потым абвыкаюць маўчаць.

Памятаю, у нас было пасяджэнне, на якім выбіралі старшыню федэрацыі плавання. Ну як выбіралі – зразумела, што яго прызначылі зверху, а мы павінны былі адлюстраваць працэс галасавання, падняць карткі і з пачуццём выкананага абавязку пайсці на банкет. Я падумала: ну што за бздура. Выйшла і кажу: свет мяняецца, хуткасны рэжым зусім іншы, усё дынамічна, дык давайце выберам старшынёй маладога перспектыўнага чалавека, які зможа ўдыхнуць жыццё ў нашу федэрацыю.

Усё як замахалі рукамі - ой, толькі не чапай ліха, няхай усё будзе, як патрабуюць, не лезь. Я гляджу на гэтых людзей, якія, у сваю чаргу, глядзяць на гадзіннік, каб хутчэй адбыць павіннасць і пайсці выпіваць, і разумею, што ніякага плавання ў нас у краіне не будзе. Бо ўсім усё па барабане. Яны ведаюць, што ёсць такое правіла гульні: прыйсці ў суботу, падняць зялёную картку па камандзе і пайсці нажрацца – і прывыклі так жыць. Гэта гарантыя іх спакою. Калі ёсць некалькі чалавек, гатовых запярэчыць, яны гэтага не зробяць, бо разумеюць: гэта нічога не зменіць, – сказала Герасіменя.