Усе навіны

Аляксандр Дараховіч: «Беларуская інфраструктура працуе, у адрозненне ад еўрапейскай. Расіяне туды не едуць»

26 чэрвеня, 23:56
1

Намеснік Кавальчука Аляксандр Дараховіч распавёў пра падрыхтоўку да Гульняў СНД, якія пройдуць у Беларусі.

– Падрыхтоўка, якая праводзілася па лініі [так званага] Міністэрства спорту, і мясцовыя выканкамы [Лукашэнкi] прымалі рашэнне – гэта ўсё ж больш забеспячэнне спартсменаў або падрыхтоўка да наплыву турыстаў і гледачоў? Як гэта было размеркавана?

– У нас з 1 па 15 чэрвеня прайшлі тэставыя. На гэтых жа пляцоўках, для гэтага ж узросту, недзе – для бліжэйшага рэзерву прайшлі спаборніцтвы. Паглядзелі, як гатова ў першую чаргу інфраструктура, ці хапае неабходнага абсталявання і паглядзелі наш бліжэйшы рэзерв. Адпаведна, адабралі.

– А чаго ў нас магло не хапаць? У нас усё свежаадбудаванае і свежазакупленае.

– Зусім дакладна, у нашай любiмай краіне хапае ўсяго. І звярніце ўвагу, што наша інфраструктура працуе, у адрозненне ад еўрапейскай інфраструктуры. Мы ведаем, што раней расiяне выязджалі ў краіны Захаду і пакідалі вялізныя грошы на спартыўных аб'ектах Захаду.

Цяпер расiяне туды не едуць: спаборніцтваў няма, грошай ніхто не пакідае. Падумайце, чаму такое абурэнне ў простага народа там. Бо няма даходаў. Расіяне прывозілі долары пачкамі, зараз іх няма. А ў нас сёння ў спартовы комплекс «Раўбічы» не патрапіць – месцаў вольных няма, на бліжэйшыя два-тры месяцы вы не знойдзеце вольнага месца.

І вось, сумесна з расіянамі мы праводзім спаборніцтвы. На сёння праведзена 258, у іх прынялі ўдзел тры тысячы беларусаў і тры тысячы расіян. У былыя гады мы не маглі столькі вывезці ў тую ж Еўропу. Заваявана крыху больш за 600 медалёў. Мы падцягнулі рэзерв, пра які гаворым, дапамаглі адзін аднаму зрабіць пэўныя высновы.

Што тычыцца інфраструктуры – так, сапраўды інфраструктура ў нас класная. Але заўсёды трэба недзе яе шліфаваць і заўсёды трэба яе правяраць у баявых умовах. Калі мы праводзілі ўвесь час спаборніцтвы ў Мінску, то зараз мы правядзем спаборніцтвы ў рэгіёнах. Для чаго? Развіццё рэгіёна, праверка рэгіёна, прыцягненне ў рэгіён, – рапартаваў Дараховіч.