Усе навіны

Міністр спорту Расіі Маціцын: «Умовы ўдзелу ў АГ-2024, якія нам прапануюць, абсалютна дыскрымінацыйныя»

8 снежня, 22:47
1

Міністр спорту Расійскай Федэрацыі Алег Маціцын у каментары расійскаму прапагандысцкаму выданню ТАСС падзяліўся думкамі пра рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дапусціць да АГ-2024 беларускіх і расійскіх спартсменаў у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў.

«Нас абмяжоўваць даволі складана, гэтыя спробы былі не раз у нашай гісторыі, мы цягам 40 гадоў не бралі ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Нягледзячы на гэта, у краіне была створана адна з самых магутных сістэм спорту. І сёння гэтыя санкцыі дазваляюць яшчэ раз ацаніць нашыя магчымасці.

Мы не адмаўляем, што ўдзел у Алімпіядзе – гэта мара спартсмена, але ўмовы, якія нам прапануюць абсалютна дыскрымінацыйныя, супярэчаць базавым алімпійскім прынцыпам, міжнароднай спартыўнай сям'і. Кіраўнікі міжнародных спартыўных федэрацый МАК наносяць урон іміджу саміх Алімпійскіх гульняў.

Галоўнае сёння – гэта ўмацаванне нашай нацыянальнай сістэмы. Сёння сто гадоў айчынным скачкам у ваду, 20-годдзю руху ДРОЗД (Дзецям Расіі – адукацыя, здароўе і духоўнасць), пра гэтыя навіны трэба казаць. Тое, што адбываецца на міжнародных спартыўных пляцоўках – гэта часовая з'ява. Часовыя недальнабачныя рашэнні кіраўнікоў асобных федэрацый, кіраўнікоў МАК.

Канешне, тыя спартсмены, якія дабіліся поспеху на спаборніцтвах і атрымалі права прыняць удзел у Алімпіядзе, напэўна будуць удзельнічаць.

Мы заўсёды заўзеем за нашых, гэта нашы спартсмены, чальцы нашай спартовай сям'і, прадукт нашай спартыўнай сістэмы, як бы ні спрабавалі яе рэзаць, уносіць раскол усярэдзіне расійскага грамадства, супрацьпастаўляць адных спартсменаў іншым», – сказаў Маціцын.

Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.