Усе навіны

Намеснік Кавальчука Дараховіч: «Мне бліжэй сусветны лыжны спорт. Сам прынцыпова не гляджу. Бачым, як Кубак свету ператварыўся ў чэмпіянат Нарвегіі»

19 студзеня, 14:01

Першы намеснік «міністра» спорту Лукашэнкі Аляксандр Дараховіч абурыўся нядопускам расiйскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў па лыжных гонках.

Нагадаем, што шматлiкія расiйскія i беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Мне бліжэй сусветны лыжны спорт, і мы бачым, у што ён ператвараецца. Цікавасць гледачовая падае, рэкламы менш. Сам прынцыпова не гляджу гэтыя спаборніцтвы. Там няма барацьбы. Трэба даказваць, што ты моцны сярод моцных.

Мы бачым, як Кубак свету ператварыўся ў чэмпіянат Нарвегіі. Зроблена ўсё, каб не прыехала Расiя, бо яна адназначна будзе мацней. Дык якія там чэмпіёны на гэтым Кубку свету?

– Думаеце, самім нарвежцам цікава выйграваць?

– З імі не маю зносіны, але думаю, што сітуацыя іх задавальняе. Яны нібы мацнейшыя. А наконт астатніх краін упэўнены, што цяперашняе становішча іх не задавальняе, – сказаў Дараховіч.