Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Фізічная форма дазваляе выжыць». Як спартовец з Беларусі ваюе за Украіну

«Фізічная форма дазваляе выжыць». Як спартовец з Беларусі ваюе за Украіну

Ходзіць на нуль, вывучае зброю, перадае прывітанне сілавікам на Радзіме.

Аўтар — bytribuna com
14 снежня 2022, 16:01
«Фізічная форма дазваляе выжыць». Як спартовец з Беларусі ваюе за Украіну

Амаль 300 дзён ва Украіне ідзе вайна, развязаная Расiяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. У шэрагах узброеных сіл Украіны нямала беларусаў, якія, як вядома, складаюць аснову «Палка Каліноўскага». Ёсць там і спартоўцы. Аднаму з іх «Трыбуна» патэлефанавала, каб даведацца пра ўмовы, у якіх даводзіцца ваяваць, а таксама пра тое, ці ёсць месца спорту і чэмпіянату свету па футболе на вайне.

– Адразу раскажыце, як у вас справы.

– Жывы-здаровы, 4.5.0. Коратка і ясна. У сучаснай Украіне па гэтых лічбах усё можна зразумець – 4.5.0 (на слэнгу ўкраінскіх вайскоўцаў азначае «ўсё спакойна» – Tribuna.com).

– А дзе вы зараз, калі не сакрэт, і чым займаецеся?

– На паўднёвым усходзе краіны, не на самым «нулі». Займаюся вырашэннем пытанняў лагістыкі, узбраення для нашага батальёна. Увогуле, наяўныя пытанні.

– Наколькі ведаю, некалькі тыдняў таму вы былі нават у адпачынку.

– Так, быў невялікі адпачынак. Дарэчы, некаторыя лічаць, што мы ды іншыя хлопцы ў акопах сядзім месяцамі або на полі бою, нікуды не вылазім і нікуды не ездзім. Не, гэта працуе крыху па-іншаму. Вядома, часам некалькі дзён даводзіцца сядзець у акопе, ці на працягу тыдня ідзе падрыхтоўка да правядзення якой-небудзь аперацыі, якая можа доўжыцца некалькі дзён ці некалькі гадзін. Але звычайна як усё адбываецца? Трэба найперш разумець, што людзі на вайне стамляюцца як фізічна, так і псіхалагічна. Прычым псіхалагічная стомленасць больш страшная і цяжкая, чым фізічная. У адным выпадку можна проста пару дзён адпачыць, набрацца сіл і вярнуцца да працы, а вось калі ты стаміўся менавіта псіхалагічна, то з гэтым цяжэй. Таму людзям прыблізна раз на месяц даюць магчымасць адпачыць некалькі дзён, аднавіцца маральна. Калі нехта хоча, то можа паехаць у Кіеў і вырашыць свае справы, схадзіць да лекараў, да стаматолагаў. Часта прапануюць паехаць у Карпаты, адпачыць тыдзень.

– Гэта значыць няма такога, што даводзіцца доўгі час штодня праводзіць у акопах.

– Не, у нас заход на «нуль» адбываецца крыху iнакш, чым у многiх падрозделах ЗСУ.

– Што значыць «захадзіць на нуль»?

– Гэта калі перад табой ужо толькі вораг ці шэрая зона, так званая нейтральная паласа. Яна можа быць і 100 метраў, і два-тры кіламетры. «Нуль» – гэта першая перад ворагам лінія. Дык вось, заходзіць туды падродзел ЗСУ, там звычайна спасцярэжныя пункты, бліндаж, будынкi цi рэшткі будынкаў. Хлопцы сядзяць на гэтых пазiцыях нейкi час, потым мяняюцца. І гэтак можа быць на працягу некалькіх тыдняў запар. Цяпер такое надвор'е, што, аб'ектыўна, доўга не прасядзіш на «нулі», трэба мяняцца праз халады. Гэта называецца ратацыя. Але, зразумела, калі пачынаецца штурм, гарачыя баявыя дзеянні, то ўжо не да ратацыі.

– Як даўно самі былі на «нулі»?

– Месяц таму на самым усходзе Украіны. Што бачыў? Ды шмат чаго: палі, акопы, бліндажы, лесапаласу. У залежнасці ад мясцовасці, дзе месціўся. Расіян у асноўным можна пабачыць, толькі калі зірнуць у назiральны прыбор, прыцэл цi калi яны iдуць на штурм.

– Не называючы горад, раскажыце, што адбываецца на ўсходзе краіны.

– Калі я там быў, ужо было складана. Але нашы хлопцы да гэтага часу там, і, скажу шчыра, стала яшчэ цяжэй. Вось калі паказваюць дакументальныя кадры Першай сусветнай вайны, можаце лічыць, што гэта практычна тое самае. У інтэрнэце шмат фатаграфій разбураных будынкаў, акопаў… Нешта падобнае на Сталінград, у акопах гразі па калена.

А яшчэ хлопцы расказвалі, што расіяне ў літаральным сэнсе не шкадуюць сваіх людзей, для іх гэта проста «мяса». Іх камандзіры проста мяняюць людзей на тэрыторыі. І самае страшнае, што на перадавую кідаюць зусім непадрыхтаваных мабiлiзаваных, вагнераўцаў, зэкаў. Проста кідаюць на забой. Калі нашы хлопцы адбіваюць атаку, кладуць гэтых «мобікаў» ці вагнераўцаў, выязджае тэхніка расійская. Зноў адбіваемся. Праходзіць час – усё паўтараецца такім жа чынам. І так хваля за хваляй. Расіяне людзей зусім не шкадуюць, «мясам» забіраюць метр за метрам.

– Гэта значыць, людзей пускаюць для таго, каб крыху адваяваць тэрыторыі, і пляваць, што яны загінуць?

– Так. І вялікімі стратамі расіяне забіраюць частку тэрыторый. Яны на людзей не глядзяць, ім нікога не шкада.

– І на зямлі шмат загінулых?

– Так, вельмі шмат і трохсотых, і двухсотых, і часцей за ўсё расіяне іх не забіраюць. Аднойчы пры контратацы нашы хлопцы вымушаны былi заняць пазіцыі сярод забітых расіян, кінутых на полі. Насамрэч загінулых вельмі шмат.

– Чаму расійскае камандаванне паступае так са сваімі вайскоўцамі?

– А давайце паглядзім усю гісторыю Расіі. Каго выбіралі лепшымі правадырамі, палітычнымі дзеячамі? Тых, хто вельмi жорстка i крывава ставiўся да свайго народу. Іван Жахлiвы, якi Вялікі Ноўгарад у крыві патапіў. Пётр I хіба лічыў людзей, калі сёк акно ў Еўропу? Сталін – яркі прыклад. Пры іх рускiя як нацыя панеслi вялiкiя страты. І зараз мы бачым тое ж самае.

– Гэта праўда, што мабілізаваныя і вагнераўцы практычна без экіпіроўкі?

– Скажам так, нашы хлопцы былі вельмі здзіўленыя, калі бачылі, як апранутыя загінулыя расійскія салдаты. Хтосьці быў у ваеннай форме, хтосьці – у грамадзянскай. Выглядалі, як бамжы у спартовых штанах. Другое войска свету…

– Атрымліваецца, расіяне бяруць колькасцю вайскоўцаў, а не якасцю.

– Там таксама ёсць якасна падрыхтаваныя часткі, салдаты, але звычана галоўнае для iх – колькасць, а не якасць.

***

– У вас вольны час ёсць?

– Вядома. Напрыклад, з вамі размаўляем зараз :). Чытаем навіны, нейкую інфармацыю шукаем, як, напрыклад, даводзіць да розуму амуніцыю, мадэрнiзаваць зброю, адмысловую літаратуру чытаем. Так, каб пачытаць томік Ніцшэ цi Караткевiча, ні часу, ні магчымасці няма :). А чым займаюся яшчэ? Фізічную форму падтрымліваем, прычым рознымі спосабамі.

Жнівень у нас быў неактыўны па баявых дзеяннях, але мы шмат трэніраваліся. Потым я крыху паднабраў вагі. А вось калi былi падзеі на ўсходзе Украіны, там набраў форму. Нават у самых жахлівых абставінах можна знайсці нейкія станоўчыя моманты.

– Вы кажаце, што чытаеце навіны ў інтэрнэце. Нешта, можа, шакавала вас у апошні час?

– Не ведаю, што можа шакаваць чалавека, які знаходзіцца на вайне i прымае ўдзел у баявых дзеяннях. З беларускiх навiн чытаю, «Нашу ніву», шмат тэлеграм-каналаў украінскіх, дзе пішуць пра вайну, аналiтыку. А так, каб нешта шакавала, не скажу.

– Наколькі адпавядаюць рэчаіснасці тыя навіны, што пішуць у тэлеграме?

– Скажам так, там не падманваюць, але проста не ўсё пішуць да канца. Больш сказаць не магу.

– З'яўляюцца навіны, што ў ЕЗ амаль няма ўзбраення для Украіны. Ці адчуваеце гэта на сабе?

– Вядома, хацелася б паболей некаторага ўзбраення, напрыклад, амерыканскіх гаўбіц M-119. Гэта лёгкая, кампактная i ў той жа час магутная зброя, вельмi мабiльная, якую можна прычапіць да пікапа. Вось хацелася б гэтага, але пакуль карыстаемся іншай зброяй, але i яна шмат на што здольная. Таму ГУБАЗіК, амапаўцы ды іншыя сілавікі ў Беларусі будуць вельмі здзіўленыя, з чым мы працуем і з чым яны вымушаны будуць сутыкнуцца :). Успрымайце гэта не як пагрозу, а як інфармацыю да ўвагі. Гэта iм не прымяненне гвалту да мiрных пратэстоўцаў.

– Як вы ставіцеся да навін з Беларусі, дзе ўлады «Полк Каліноўскага» ледзь не тэрарыстамі прызнаюць?

– А гэта паказчык таго, што яны баяцца. Любое дзеянне рэжыму цяпер – гэта паказчык вельмі вялікага страху. Яшчэ ў нас хлопцы могуць пасмяяцца ў тым плане, што пакуль адносна цябе не прымянілі якi-небудзь артыкул, ты не можаш лічыцца беларусам.

– Вы кажаце, што падтрымліваеце фізічную форму. А ёсць месца спорту на вайне?

– Фізічная форма – гэта тое, што дазваляе табе выжыць. Калі ты будзеш ісці некалькі кілометраў па «зялёнцы» цi па раскiсшай глебе, а за плячыма цяжкі заплечнік, узбраенне, то без нармальнай фізічнай формы не справіцца. І хутчэй за ўсё, калі ты можаш трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, то і ў псіхалагічным плане ўстойлівы.

А што непасрэдна да спорту, ведаю, што нехта выкладаў фатаграфію, дзе нашы хлопцы гуляюць у шахматы. Такое было :). А яшчэ ў нас улетку ці ў пачатку восені гулялі ў футбол. Так што бывае, што i ганяюць мяч.

– Можа, яшчэ ўдаецца за чэмпіянатам свету па футболе сачыць? Ёсць у вас заўзятары?

– Спецыяльна я, напрыклад, не сачу, ды я i не футбольны аматар. Але заўжды заўзею за каманды, дзе парадак б’е клас. Напрыклад, Марока i Харватыя. Спецыяльна не сачу зараз, але калi у тэлеграме есць навiны, то чытаю.

– Нядаўна было свята – Дзень ЗСУ. I былi вiншаваннi ад вашага палку. Як адбываецца ваша супрацоўнiцтва з ЗСУ?

– Мы пастаянна супрацоўнічаем з ЗСУ, па-iншаму немагчыма. З некоторымi часткамi ваюем побач некалькi месяцаў. I яны заўжды радыя, калi мы павяртаемся да iх да сумеснай працы.

– Што скажаце наконт умоў для вядзення бою ўзімку? Часта даводзіцца бачыць у інтэрнэце, як вайскоўцы, каб закіпяціць чайнiк, змушаныя распальваць ледзяшы.

– Наогул, у бліндажах звычайна ўсё падрыхтавана, там ёсць газавыя гарэлкі, ежа. Але калі ты ў акопе сядзіш, ідуць баявыя дзеянні, то, вядома, ужо няма магчымасці патрапіць у бліндаж і нармальна паесці. У такіх выпадках даводзіцца і ледзяшы смактаць. Увогуле ўсё залежыць ад сітуацыі. Але чалавек – гэта такая пачвара, у добрым сэнсе слова, якая ў любых абставінах адшукае выйсце.

– У вас былі такія моманты, калі, умоўна кажучы, даводзілася смактаць ледзяшы?

– Да такога не дахадзіла, але быў адзiн момант. У канцы красавіка мы патрапілі пад абстрэл, вымушаны былi пакiнуць усё акрамя зброi i БК, каб хутчэй адысцi, пакiнулi ўсю ежу, ваду. Засталося пару батончыкаў, адкрылі тушонку на некалькі чалавек. Знайшлі на зямлі адкрыты пакет галет, але нас гэта не збянтэжыла – паелі. З галетамі тушонку ўсё ж такі лепш есці, чым з шакаладам.

– Калі гінуць вашыя таварышы, ці не з'яўляецца жаданне сысці?

– Не, наогул няма. Наадварот, шмат у каго з'яўляецца жаданне адпомсціць за таварыша. Але ў такіх момантах важна захоўваць галаву халоднай, усё рабіць свядома, каб не было праблем. А так, паўтаруся, жадання здацца і пайсці няма ніякага. Трэба зрабіць высновы, прааналізаваць памылкі і не дапусціць, каб загінуў яшчэ нехта. І пры гэтым трэба разумець: на жаль, гэта вайна, тут страты будуць так ці інакш.

– Вам страшна?

– Страшна, адкажу сумленна. Калі чалавеку на «нулі» не страшна, то гэта можа дрэнна на ім адбіцца. Ва ўсіх ёсць страх. Іншае пытанне – як ты яго кантралюеш, каб выконваць сваю працу так, як трэба. Я за сабой заўважаю, што турбуюся, калі рыхтуюся да таго ці іншага задання, аперацыі, а калі пачынаюцца гарачыя дзеянні, то проста выконваю сваю працу, не зважаю на страх. Паверце, страшна ўсім. Але нельга даць страху панаваць над табой.

– Вы там да перамогі?

– Ёсць надзея і жаданне ісці да канца.

– Прагнозы даваць цяжка?

– Вельмі спадзяюся наступную зіму сустрэць не ў ваенным становішчы.

– Наступны Новы год сустрэць з жонкай у мірнай краіне?

– Мірная краіна будзе тады, калі мы вызвалім нашу Беларусь. Мы, дарэчы, ужо зараз бачым, як нехта у Беларусі пачынае круціцца, выгінацца. І калі мы пераможам Расію ва Украіне, гэта будзе і яго параза, таго, хто зараз сядзіць у Беларусі. Рэжым сыдзе.

– Ваша жонка не кажа, каб вы кідалі ваяваць?

– Яна ніколі мне не прапаноўвала усё скончыць – выдатна ўсё разумее, падтрымлiвае. I, калi атрымлiваецца, час ад часу прыязджае да мяне.

Жыве Беларусь! Слава Украiне!

Фота: тэлеграм «Полка Каліноўскага», nv.ua

Іншыя пасты блога

Усе пасты