Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Даведаліся, чым зараз заняты легендарны трэнер Казека: хацеў змяніць фрыстайл на батут, але і туды яго не пусцілі

Даведаліся, чым зараз заняты легендарны трэнер Казека: хацеў змяніць фрыстайл на батут, але і туды яго не пусцілі

І ў 72 хоча працаваць.

Аўтар — bytribuna com
17 студзеня 2023, 11:57
Даведаліся, чым зараз заняты легендарны трэнер Казека: хацеў змяніць фрыстайл на батут, але і туды яго не пусцілі

Мікалай Казека - выбітная асоба ў беларускім спорце: практычна з нуля стварыў у краіне школу фрыстайла, выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў. Практычна на кожных Гульнях яго вучні - сярод фаварытаў. Але пасля выбараў-2020 поўны кавалер Ордэна Айчыны стаў непажаданым для рэжыму Лукашэнкі. Казеку адхілілі ад працы з нацыянальнай зборнай і не працягнулі кантракт.

Даведаліся, чым 72-гадовы спецыяліст заняты зараз.

Як прайшлі паўтара гады пасля выбараў-2020?

Да восені 2020-га трэнер цалкам прысвячаў сябе працы з нацыянальнай зборнай, рыхтаваў каманду да Аліміяды-2022 у Пекіне. Аднак жнівень і поствыбарчыя падзеі, а таксама нежаданне маўчаць, калі на Радзіме робіцца беззаконне, кардынальным чынам паўплывалі на далейшую кар'еру і жыццё Казекі ў цэлым. І наступныя паўтара гады сталі вельмі цяжкімі для спецыяліста.

Трэнера пазбавілі імянной стыпендыі, а яшчэ прымушалі вярнуць грошы, выплачаныя з ліпеня 2019-га па чэрвень 2020-га. Ад працы з нацыянальнай зборнай па рашэнні чыноўнікаў Казеку адхілілі. Першы сезон без Казекі атрымаўся для каманды катастрафічным - толькі Ала Цупер здолела ўзяць медаль (срэбра на Кубку свету ў Яраслаўлі). Не дапамог і калектыўны ліст фрыстайлістаў, якія сабралі подпісы ў падтрымку трэнера.

Сам Казека па паперах заставаўся галоўным трэнерам зборнай, але па факце займаўся паперамі, а за трэніроўкамі назіраў збоку. Максімум, што мог дазволіць сабе Казека, гэта нейкім чынам пракансультаваць Зміцера Дашчынскага і Міхала Курловіча, якія працавалі са спартоўцамі.

Зрэшты, адхіленне ад фрыстайла - не самае страшнае, што было са спецыялістам у 2021-м. У пачатку года Казека захварэў на каранавірус. Хвароба працякала вельмі цяжка: 10 дзён у рэанімацыі на мяжы жыцця і смерці, потым - два месяцы ў «чырвонай» зоне (Казека нават з палаты не мог выходзіць), пасля - доўгі перыяд аднаўлення.

У Казекі было паражэнне 80 працэнтаў лёгкіх, і часам ён думаў пра смерць:

- Калі шчыра, наведвалі такія думкі. Калі было зусім дрэнна, хацеў папрасіць, каб мяне падключылі да ШВЛ, каб пайсці ў непрытомнасць. А там ужо будзь, што будзе.

На шчасце, спецыяліст выкараскаўся і выпісаўся з бальніцы 26 сакавіка, а 5 красавіка адзначыў 71-годдзе. Казека казаў, што вельмі засумаваў па родных калідорах РЦАП па фрыстайле, атлетах, працы. Прызнаваўся, што яму сняцца скачкі. Ну і выказваў жаданне давесці да алімпійскай узнагароды яшчэ хаця б аднаго выхаванца.

Але ўлетку здарылася чарговая пошасць - лекары зафіксавалі збой сардэчнага рытму. Таму зноў прыйшлося правесці нейкі час пад назіраннем медыкаў.

Як прайшоў 2022 год і чым займаецца трэнер зараз?

Тым не менш вярнуцца да працы з атлетамі Казеку не дазволілі. Пакуль спецыяліст ляжаў у лякарні, яго адхілілі нават ад працы з моладдзю, таму пасля вяртання ў РЦАП Казека працягнуў займацца паперамі. Пры гэтым калектыў рыхтаваўся да Алімпіяды-2022 па планах і напрацоўках трэнера, якія той склаў за некалькі гадоў да таго. Плюс даваў нефармальныя парады спартоўцам, калі яны мелі такую патрэбу. У асноўным гэта было падчас летняй падрыхтоўкі да сезона. Вярнуцца да актыўнай працы з фрыстайлістамі магчымасці не было. Па нашай інфармацыі, у РЦАП была падрыхтавана службовая інструкцыя, якая забараняла Казеку ўдзельнічаць у трэніровачным працэсе.

Спецыяліст быў запатрабаваны ў ролі аналітыка для СМІ. Да Казекі неаднаразова звярталіся па каментары як беларускія, так і расійскія журналісты, цікавіліся яго меркаваннем па тэндэнцыях сучаснага фрыстайла і Алімпіядзе-2022. Выказваўся Казека і наконт заваявання яго падапечнай Ганнай Гуськовай срэбнага медаля на Гульнях у Пекіне.

Ну а напрыканцы вясны 2022-га ў патрыярха беларускага фрыстайла афіцыйна скончыўся кантракт з нацыянальнай зборнай. Як нам удалося даведацца, за месяц да гэтай даты спецыялісту ўручылі апавяшчэнне пра тое, што пагадненне працягвацца не будзе. Ні для каго такое развіццё падзеяў нечаканасцю не стала. Месяц Казека дапрацаваў ужо ў звыклым кабінеце ў РЦАП, займаўся дакументацыяй, а ў канцы вясны выйшаў на пенсію пасля больш як 35 гадоў працы ў сістэме беларускага фрыстайла і амаль 30 гадоў - непасрэдна з нацыянальнай камандай краіны ў ролі галоўнага трэнера.

Пра тое, што ў Казекі скончыўся кантракт, у адным з інтэрв'ю ў жніўні расказваў двухразовы алімпійскі прызёр і на той момант ужо экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі Зміцер Дашчынскі, які перабраўся ў Аўстралію для працы з мясцовай зборнай.

Сам Казека пасля сыходу на пенсію не кантактаваў з медыя. Як удалося даведацца "Трыбуне", зараз Мікалай Іванавіч шмат увагі надае здароўю, прагулкам на свежым паветры, бавіць час з сям'ёй. Са здароўем усё адносна добра. Адзінае, у канцы 2022-га спецыяліст перанёс грып.

Што да працы, то, нягледзячы на ўзрост (хутка Казеку споўніцца 73), спецыяліст на месцы сядзець не хацеў. Паводле нашай інфармацыі, пасля заканчэння кантракта з нацзборнай ён меў намер вярнуцца ў спорт, але толькі ўжо ў акрабатыку, да скачкоў на батуце, дзе некалі і пачыналася спартыўная кар'ера Казека. У 1972 годзе беларус выйграў чэмпіянат СССР у гэтай дысцыпліне.

Спецыяліст хацеў трэніраваць дзяцей, каб гадаваць з іх новых чэмпіёнаў. Аднак спробы вярнуцца ў спорт аказаліся марнымі - сістэма не дазволіла Казеку займацца любімай справай. Перад ім зачыненыя ўсе дзверы. Дагэтуль трэнер, які выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў, шукае магчымасць прымяніць свой багаты досвед.

Фота: noc.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты