Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Новы выканкам АБФФ: без Капскага, але з паплечнікам яго бацькі па БАТЭ, гендыр «Дынама» на месцы, плюс Глеб, Юрэвіч і «міністр»-сілавік, мінус Сафар'ян і Мархель (так, яны там былі)

Новы выканкам АБФФ: без Капскага, але з паплечнікам яго бацькі па БАТЭ, гендыр «Дынама» на месцы, плюс Глеб, Юрэвіч і «міністр»-сілавік, мінус Сафар'ян і Мархель (так, яны там былі)

Без тых, каму за 70, Пунтус, а не Альшэўскі, размен дырэктараў «Віцебску».

Аўтар — bytribuna com
23 сакавіка 2023, 10:03
2
Новы выканкам АБФФ: без Капскага, але з паплечнікам яго бацькі па БАТЭ, гендыр «Дынама» на месцы, плюс Глеб, Юрэвіч і «міністр»-сілавік, мінус Сафар'ян і Мархель (так, яны там былі)

22 сакавіка ў АБФФ прайшлі «выбары» - па загадзя вядомым сцэнары рэжыму на пасаду ставілі новага кіраўніка АБФФ. Ніхто ламаць шэраг не стаў - Уладзімір Базанаў зняў сваю фармальную кандыдатуру і стаў намеснікам старшыні, якім аказаўся заатэхнік па адукацыі і экс-памочнік Лукашэнкі Мікалай Шарснёў. 88 "дэлегатаў" "прагаласавалі" за яго аднагалосна. У 2021-м «Наша нiва» паведамляла пра затрыманне сына новага «футбольнага функцыянера», чаго рэжым звычайна не любіць - але, відаць, Шарснёў «адкупіў» віну, ды і прэтэнзіі да яго сына былі не «палітычныя».

Праз тое, што галоўны вынік «справаздачна-выбарнай» канферэнцыі быў вядомы «Трыбуне» яшчэ 9 сакавіка, цікавасць на мерапрыемстве ўяўлялі драбнейшыя навіны. Напрыклад, тое, што ФІФА і УЕФА працягваюць з усіх сіл заплюшчваць вочы, не заўважаючы ўмяшання беларускага рэжыму ў футбол, за якое павінны баніць - але прадстаўнікі міжнародных арганізацый спакойна селі ў прэзідыум да міністра спорту Лукашэнкі Сяргея Кавальчука і нелегітымнага кіраўніка так званага Нацыянальнага алімпійскана камітэту Віктару Лукашэнку, які не мае прызнання МАК.

Не прадказвалася і тое, што пасля свайго «абрання» Шарснёў раптам выйдзе з залы, патлумачыўшы гэта неабходнасцю «кансультацыі» - вось гэта пачатак для «бігбоса»! Вярнуўшыся, ён заявіў, што хоча бачыць сваім першым намеснікам экс-арбітра і цяпер кіраўніка «Мінска» Андрэя Васілевіча, а потым прызнаўся, што не быў з ім нават знаёмы - а зрабіў так па парадзе «калег, з якімі ён разам жыве». Далей спіч Шарснёва зрабіў дзіўны паварот і дайшоў да выратавання футболам ад суіцыдаў праз страту зроку.

Самым цікавым вынікам дня стаў новы спіс сяброў выканкама, якія, як і старшыня з яго намеснікамі, "абіраецца" на чатыры гады. Шарснёў, Васілевіч і Базанаў з яшчэ адным намеснікам, экс-ахоўнікам Лукашэнкі Міхаілам Ботнікавым (таксама захаваў пост) увайшлі ў выканкам па пасадзе, а на астатнія 17 месцаў было ўсяго на аднаго прэтэндэнта больш – і тое былы суддзя, а цяпер інспектар з Воршы Аляксандр Брайчэўскі таксама зняў кандыдатуру ў апошні момант, каб не было праблемы выбару. Пры гэтым выканкам абнавіўся больш чым на 50% (мінус 13 з 21 чалавека) - гэта значыць многія з тых, хто займалі там свае месцы, не сталі нават фармальна змагацца за перавыбранне, хоць сярод іх былі і вельмі вядомыя ў белфутболе асобы. Разбярэмся падрабязней, як змяніўся склад асноўнага органа АБФФ.

Галоўным навіком выканкама стаў Аляксандр Глеб. Экс-футбаліст «Барселоны» і «Іслачы» (пра каго яшчэ так напішаш) загадзя пачаў ездзіць з Базанавым на ідэалагічна вывераныя мерапрыемствы федэрацыі з адкрыццём новых палёў, і яго былі гатовыя зрабіць ці то намеснікам старшыні, ці то генсекам федэрацыі (ім, дарэчы, пакуль застаўся «базанавец» Сяргей Жардзецкi). Але на гэтых пасадах ёсць папяровая праца, якой Глеб не захацеў займацца. А вось сябрам выканкаму ў асноўным трэба прыходзіць ды аднагалосна галасаваць за ўсё запар - здаецца, гэта Глебу пасуе. Прадстаўляць ён фармальна будзе Мінскую вобласць - там у яго дом і зямля, якую ў 2020-м выпрасіў у Лукашэнкі на асаблівых умовах. У дзень канферэнцыі, якая зрабіла яго сябрам выканкама, Глебу было не да яе - у ДТЗ трапіла жонка Святлана, для якой ён з гэтай нагоды стаў асабістым кіроўцам.

Увайшлі ў выканкам і два беларускія трэнеры з ліку самых дасведчаных у краіне. Юры Пунтус уваходзіў у выканкам АБФФ у мінулым дзесяцігоддзі пры Сяргеі Румасе - і вось вяртанне. Трэнер з рэкордам па колькасці матчаў "вышкі" (514) працуе ў чацвёртай за апошнія чатыры гады кар'еры камандзе - "Нафтане".

Анатоль Юрэвіч мог узначаліць федэрацыю цалкам, але адмовіўся - упадабаў пасаду дзяржтрэнера пры Кавальчуку, які даў коучу ўладу над усімі трэнерамі і кіраўнікамі белфутбола. Гэта значна магутней, чым статут простага сябра выканкама - такі ўплыў на агульную карціну пры працы з адным пэўным клубам, "Энергетыкам-БДУ", мякка кажучы, насцярожвае.

Яшчэ адзін трэнер, наадварот, пакінуў выканкам - гэта Кірыл Альшэўскі. Адзначым, што пры яго працы ў БАТЭ дэ-факта парушалася палажэнне статута федэрацыі пра тое, што "член АБФФ, за выключэннем рэгіянальных федэрацый футбола, не можа мець больш за аднаго прадстаўніка ў выканкаме" - бо таксама ў выканкаме засядаў кіраўнік клуба Андрэй Капскі. Цяпер у выканкаме няма ні таго, ні іншага - затое прадстаўнік мінскага «Дынама», яго гендыр Андрэй Толмач, не толькі застаўся, але і патрапіў у бюро выканкама, якое «каардынуе бягучую дзейнасць» федэрацыі («простых» месцаў у бюро ўсяго тры - яшчэ чатыры займаюць кіраўнік АБФФ і яго намеснікі).

Барысаў жа ў новым выканкаме прадстаўляе Аляксандр Захарчанка - шматгадовы паплечнік заснавальніка БАТЭ Анатоля Капскага, які мінулай восенню хацеў забраць кіруючую пасаду ў Андрэя Капскага, але той здолеў утрымацца. Магчыма, трапленне бізнесмена ў выканкам АБФФ намякае на новую, больш паспяховую спробу.

Акрамя Альшэўскага і Капскага-малодшага у спісах сябраў выканкама больш не значацца яшчэ некалькі знаёмых беларускаму заўзятару прозвішчаў. Напрыклад, Аляксандр Зайцаў. Падсанкцыйны «гаманец Лукашэнкі» і былы бігбос брэсцкага «Дынама» і «Руха», праўда, яшчэ ў 2021-м абурыўся судзействам у ЧБ і заявіў, што на знак пратэсту пакіне выканкам - ды толькі па ўласным жаданні гэта зрабіць немагчыма, таму фармальна лічыўся ў структуры Зайцаў да цяперашняга часу. Пры гэтым у дзялка застаецца праект у белфутболе - брэсцкая акадэмія, якая нават збіраецца заявіць каманду ў Д3.

Таксама больш не ў выканкаме Сяргей Сафар'ян - "вялікага і жудаснага" ў эпоху Румаса функцыянера не хацеў бачыць у выканкаме яшчэ Базанаў у 2019-м, але тады Сафар'ян абараніў сваё месца. Цяпер не стаў нават спрабаваць, хаця мае паважаны ў рэжымнай Беларусі статус - члена цэнтральнага савета спартыўнага клуба Лукашэнкі.

Разам з Сафар'янам не хацелі ўключаць у выканкам і Ігара Шлойду – але і ён туды прабіўся. Аднак канфлікт з Юрыем Вяргейчыкам працягваў тлець - і ў 2021-м апошні праціснуў непадаўжэнне са Шлойда кантракту на пасадзе кіраўніка «Мінску» пасля 20 з лішнім гадоў працы. Пра нейкую новую пасаду падпісанта за рэжым з тых часоў не паведамлялася (дарэчы, у «Мінску» Шлойда спрабавалі пакінуць таксама подпісамі за – аказалася бескарысна). Цяпер ад «Мінска» ў выканкаме пераемнік Шлойды Васілевіч - вось толькі пазіцыя першага намесніка старшыні АБФФ для кіраўніка канкрэтнага клуба таксама стварае немалы канфлікт інтарэсаў.

Заставаўся ў выканкаме дагэтуль Міхаіл Мархель - калі патрапіў туды, працаваў з «маладзёжкай», потым патрапіў у галоўную зборную, дзе не змог патрапіць на Еўра праз плэй-оф Лігі нацый і адляцеў 0:8 ад Бельгіі, пасля чаго быў звольнены, але вось ужо паўтара гады кіруе юніёрскай зборнай. Апошнім часам пра трэнера - удзельніка таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, як і пра Сафар'яна са Шлойдам, нічога не чуваць.

Дадаўся ў выканкам сілавік – без іх у рэжымнай Беларусі не абыходзіцца. Праўда, гэтага канкрэтнага да АБФФ падвязалі не ўчора - у кастрычніку 2020-га. Тады намеснік міністра ўнутраных спраў Лукашэнкі - носьбіт формы генерала (гэта значыць адзін з галоўных выканаўцаў рэпрэсій да мірных беларусаў) Сяргей Хаменка стаў кіраўніком асацыяцыі міні-футбола. Ягоны папярэднік на пасадзе Сяргей Куніца пасля гэтага пакінуў выканкам АБФФ, але замест яго ў структуры з'явіўся міністр прамысловасці Лукашэнкі (цяпер ужо яго віцэ-прэм'ер) і куратар «Тарпеда-БелАЗ» Пётр Пархомчык. Цяпер ён таксама па-за выканкамам – і, напэўна, можна сказаць, што Хаменка нарэшце атрымаў месца Куніцы. Кіраўнік міні-футбола, які з таго ж 2020-га знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЕЗ, зараз узначальвае рэжымны Мінюст - кіруе зачысткай непажаданых рэжыму грамадскіх аб'яднанняў і найлепшых адвакатаў.

Яшчэ адзін новы рэжымны чыноўнік у выканкаме АБФФ - Яўген Булойчык, які адказвае за спорт і турызм у выканкаме рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці. Заадно ён уваходзіць у выканкам федэрацыі футбола Мінскай вобласці (вельмі выканкамаўскі хлопец, так). Булойчыку 38 гадоў, калісьці ён пагуляў на абласным узроўні за роднае «Бярэзіна» – і, калі падпісваўся за рэжым, пазначыў у графе спартовых дасягненняў I разрад па футболе. Цяпер гэта дастаткова тыповы чыноўнік рэжыму з наборам хвалебных прамоў на ягоны адрас на адпаведных мерапрыемствах. У 2022-м з днём нараджэння Булойчыка з падзякай за дапамогу віншаваў баскетбольны "Гарызонт" - адзін з самых прарэжымных клубаў Беларусі. Крыху вылучаецца з шэрага шэрагу лукашыстаў Булойчык хіба што вядзеннем акаўнта ў Instagram - там шмат смайлаў-дужачак і чырвона-зялёных сцягоў, а самае свежае фота, ад пачатку сакавіка, пацвярджае знаёмства з цяпер калегай па выканкаму АБФФ Глебам. Але, у адрозненне ад экс-футбаліста, Булойчык нараўне з Талмачом трапіў у бюро выканкама.

У сітуацыі з пазіцыямі, якія ў выканкаме закрываюць сіламі абласных і мінскай федэрацый, выглядае так, што большасць зменаў тлумачыцца простай прычынай - узростам. Бо па статуце ў выканкам можна абірацца толькі да 70 гадоў - канферэнцыя можа зрабіць выключэнне, але, здаецца, да такога вырашылі не звяртацца. Так, 72-гадовы намеснік старшыні федэрацыі футбола Гродзенскай вобласці Франц Лецяга, які ў АБФФ яшчэ і ўзначальвае дэпартамент судзейства, у выканкаме больш не значыцца - затое зараз там ёсць 64-гадовы дырэктар СДзЮШАР "Нёмана", былы гулец і трэнер клуба Сяргей Саладоўнікаў.

Старшыні федэрацыі Віцебскай вобласці, энергетыку і шматгадоваму члену парламента Лукашэнкі Пятру Шэршаню ўжо 73 - так што ў новым выканкаме яго таксама няма: падобна, заменай лічыцца сам Шарснёў, які фармальна фармальна вылучаны гэтай лакальнай федэрацыяй на пасаду кіраўніка АБФФ. А вось 62-гадовы Алег Чыкун як кіраўнік федэрацыі Мінскай вобласці, 44-гадовы Дзмітрый Калачоў як намеснік старшыні па Магілёўскай вобласці і 67-гадовы намеснік старшыні федэрацыі Гомельскай вобласці Аркадзь Гецікаў засталіся ў выканкаме АБФФ пры сваіх месцах. Гомель яшчэ і ўзмацніў свае пазіцыі - у выканкам патрапіў і намеснік дырэктара «Гомеля», экс-гулец клуба Віктар Барэль.

Ад Брэсцкай вобласці ў выканкаме Валянцін Зайчук змяніў Генадзя Барысюка па пасадзе - такая ж ракіроўка ў снежні 2022-га адбылася на чале федэрацыі футбола рэгіёну. Праз пару дзён Барысюк перастаў быць калегам Зайчука на пасадзе намесніка старшыні выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці - яго паслалі кіраваць гандлёва-тэхналагічным каледжам. Зайчук таксама да футбола па кар'еры дачынення не мае - пасля ВНУ працаваў па спецыяльнасці галоўным бухгалтарам, а ўжо потым пайшоў па рэжымнай кар'ернай лесвіцы. Мяркуючы па біяграфіі, Зайчук цэлых восем гадоў правёў у камітэце па сельскай гаспадарцы - вялікі спец у гэтай галіне Шарснёў відавочна ўхваліць. Плюс ад брэсцкай федэрацыі ў выканкам АБФФ патрапіў Яўген Трацюк - футбольны намеснік Зайчука і былы галоўны трэнер брэсцкага «Дынама».

Злева направа: Трацюк, Барысюк, Зайчук

Цікавы размен атрымаўся ў Віцебску: у выканкам АБФФ уваходзіў дырэктар аднайменнага футбольнага клуба Мікалай Вайцюхоўскі - а зараз патрапіў яго папярэднік Юры Камісараў. Гэта дырэктар прафсаюзнай СДзЮШАР «Дзвіна» (яе выхаванцы - Георгій Кандрацьеў, Сяргей Карніленка, Віталь Радзівонаў), які ў пачатку 2013-га перайшоў на аналагічную пасаду ў «Віцебску», змяніўшы Віталя Стаўбіцкага, які, на думку Камісарава, «праявіў сваю поўную некампетэнтнасць». Цяжка было паспрачацца - клуб тады вылецеў у Д2 і трываў натуральнае фінансавае бедства.

Камісараў адразу заявіў, што пасля Стаўбіцкага «давядзецца з усімі выбудоўваць адносіны па-новаму». Пры новым дырэктары "Віцебску" хаця б сталі чысціць поле ад снегу трактарам, але стабільнае фінансаванне знайсці не ўдалося - і на заяўку ў Д2 і форму сродкі пазычаў агент Валерый Ісаеў. Зразумеўшы, што наладзіць грашовыя справы не атрымліваецца, у сярэдзіне 2013-га Камісараў падаў у адстаўку. Яе прынялі, а дырэктарам клуба якраз і стаў выхадзец з МНС Вайцюхоўскі.

Камісараў жа вярнуўся на пасаду ў «Дзвіне», дзе дасягнулі поспеху ў жаночым футболе - у 2021-м выхаванкі школы выйгралі ЧБ па міні-футболе і сталі касцяком створанай жаночай каманды «Віцебску». У мужчынскім жа скардзіліся на недастатковае фінансаванне. З 2018-га школе «па гульнявых відах спорту» дадалі групу чамусьці па бадмінтоне, а ў Оршы ёсць група па жаночым гандболе.

Нарэшце, засталіся ў выканкаме два чалавекі, якія там прадстаўлялі АБФФ. Але калі адзіная жанчына ў органе Святлана Грынкевіч (сёмы член бюро) як была, так і засталася намеснік начальніка міжнародна-прававога дэпартамента, то Юрый Вяргейчык пасаду першага намесніка старшыні страціў - пра тое, што яго прызначаць крайнім за правалы, размовы пайшлі яшчэ з лета. У выканкам Вяргейчык трапіў ужо як кіраўнік федэрацыі футбола Мінска. Цікава, што адзін з яго намеснікаў там - зменшчык па АБФФ Васілевіч, а ў прэзідыум гарадской арганізацыі ўваходзяць і яшчэ адзін ужо экс-намеснік старшыні Міхаіл Вяргеенка (яму 73 - месца ў выканкаме таксама не дасталася), і тэхнічны дырэктар АБФФ Дзмітрый Касянок (яму толькі 52, але таксама з гэтага часу па-за выканкамам), і нават Толмач.

Іншыя пасты блога

Усе пасты