Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Беларус зрабіў нешта зусім дзіўнае ў польскім міноры. Партнёры і трэнер не разумеюць, што гэта было

Беларус зрабіў нешта зусім дзіўнае ў польскім міноры. Партнёры і трэнер не разумеюць, што гэта было

Вельмі незвычайны аўтагол.

Аўтар — bytribuna com
24 сакавіка 2023, 09:51
Беларус зрабіў нешта зусім дзіўнае ў польскім міноры. Партнёры і трэнер не разумеюць, што гэта было

На мінулых выходных пачалася вясновая частка ў польскім Д6. У суботнім матчы 16-га тура адной з 58 рэгіянальных груп сустракаліся дзве варшаўскія каманды - «Палонія» і «Халінаў». У стартавым складзе апошніх на правы фланг паўабароны выйшаў беларускі навік Кірыл Бараноўскі. Менавіта ён стаў галоўным антыгероем паядынку.

Матч не транслявалі ў жывым эфіры і не запісвалі на відэа, таму расказваем гісторыю са слоў польскіх журналістаў. На 36-й хвіліне, калі лік быў 1:1, Бараноўскі "прыняў мяч на сваёй палове, прайшоў двух супернікаў і двух партнёраў, убег у штрафную і забіў у свае вароты". Дзеянні беларуса шакавалі абедзве каманды.

«Вунь ён, гол!» - крыкнуў Бараноўскі...і нечакана ўцёк з поля. Пасля матчу галоўны суддзя Кшыштаф Шчэнсны, які выпісаў за такія паводзіны паўабаронцу жоўтую картку, прызнаўся, што ніколі раней нічога падобнага не бачыў.

«Іншыя гульцы ягонай каманды крычалі, што ён пераблытаў паловы поля. Ён убег у штрафную і забіў у свае вароты. Я не зусім разумеў, што адбываецца, таму мне спатрэбілася некалькі секунд, каб зафіксаваць гол», - распавядаў Шчэнсны, збянтэжанасць якога па словах відавочцаў цягнулася восем-дзесяць секунд.

У перапынку аднаклубнікі знайшлі акуратна складзеную форму Бараноўскага. А вось цывільнае адзенне футбаліста знікла, што казала пра спланаваныя дзеянні. Трэнер «Халінава» Караль Копец перад гульнёй дзівіўся вопратцы свайго падапечнага, які нібы збіраўся на нейкую вечарынку ці вяселле. Сам коуч да гэтага часу не разумее, што адбылося ў суботу, спадзяючыся, што гэта проста розыгрыш або няўдалы жарт. Бо яго каманда пасля аўтагола Бараноўскага прапусціла яшчэ чатыры мячы і прайграла з лікам 1:6.

Хутчэй за ўсё, інцыдэнт не звязаны са спробай наўмысна паўплываць на вынік матча з мэтай зарабіць у букмекерскай канторы. Мала хто ўвогуле прымае стаўкі на такі глыбокі польскі мінор, ды і дазваляецца ставіць на такія падзеі вельмі сціплыя сумы.

Трэнер Копец мае сваё тлумачэнне здарэння - гэта быў пранк для канала Бараноўскага. Справа ў тым, што раней футбаліст вёў свой канал на YouTube, дзе выкладаў гумарыстычныя відэа. Напрыклад, неяк Кірыл прыйшоў у госці на працу да мясніка, дзе баксаваў на кавалках мяса, як Рокі ў блокбастары Сільвестра Сталонэ. У пацверджанне сваёй версіі Копец прыгадаў, што на працягу першага тайма нейкі хлопец з камерай хадзіў ля краю і нешта здымаў. Магчыма, ён і вёў здымку для меркаванага пранка Бараноўскага. Пасля перапынку аператар знік са стадыёна, як і футбаліст. Цяпер Копец чакае з'яўленне відэа з аўтаголам у сеціве.

Пасля гульні Бараноўскі выйшаў з групы "Халінава" ў Facebook, пасля чаго выдаліў свае акаўнты ў сацыяльных сетках. І зрабіў гэта даволі прафесійна, прыбраўшы любыя згадкі пра сябе з сеткі. Таксама Бараноўскі цалкам спыніў зносіны з усімі аднаклубнікамі.

Чым вядомы Бараноўскі

Леваногаму футбалісту 20 гадоў. Ён вучыцца ў варшаўскай Акадэміі фізічнай культуры. У Беларусі Бараноўскі не паспеў засвяціцца ні ў адной з трох ліг. Кірыл можа згуляць на любой пазіцыі на левым фланзе. Але ў "Халінаве" яго выпускалі справа.

У 2021-м Бараноўскі падпісаўся з варшаўскай камандай “Злы” з польскага Д7. За год правёў у міноры 16 матчаў, а ў сярэдзіне сезона-2021/22 адправіўся ў аматарскі варшаўскі клуб «Сэмп». Да фінішу чэмпіянату Бараноўскі прыняў удзел у шасці матчах.

Бягучы сезон паўабаронца зноў пачаў у шэрагах "Злы". За восеньскую частку чэмпіянату Бараноўскі ні разу не патрапіў у заяўку. Зімой футбаліст перабраўся дывізіёнам вышэй у аматарскі «Халінаў», які змагаецца за выжыванне ў Д6. У Копеца былі толькі станоўчыя ўражанні ад падапечнага. Бараноўскі ўсю перадсезонку правёў з камандай, амаль не прапускаў трэніроўкі і ўдзельнічаў у кантрольных спарынгах. Коуч даволі часта размаўляў з беларусам пасля заняткаў, калі яны разыходзіліся па дамах.

Суботні інцыдэнт, як відаць, завяршыў кар'еру беларуса ў «Халінаве». Цяпер Копец шкадуе толькі пра тое, што ні яго клуб, ні супернік не запісвалі матч на відэа.

"Сапраўды, усё, што адбылося, - гэта нейкі абсурд і космас", - падсумаваў Копец.

Іншыя пасты блога

Усе пасты