Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Бахрэйнскі фінал чэмпіянату Таёты па аўтагонках на цягавітасць

Бахрэйнскі фінал чэмпіянату Таёты па аўтагонках на цягавітасць

Агляд

16 лістапада 2022, 23:16
Бахрэйнскі фінал чэмпіянату Таёты па аўтагонках на цягавітасць

Фота: fiawec.com

Некалькі гадоў запар у чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць была каманда Toyota і былі ўсе астатнія. Астатніх было няшмат, і барацьбу экіпажам на японскіх прататыпах і гіперкарах яны навязвалі рэдка. Так было і на гонцы 8 гадзін Бахрэйна ў мінулую суботу, аднак, здаецца, ужо ў наступным сезоне будзе значна цікавей.

Сезоны сусветных гоначных чэмпіянатаў сканчаюцца раней, чым павінна была скончыцца вайна ва Украіне, і гэта дрэнна. Свет занадта позна зразумеў, што раней ці пазней ваенная агрэсія звар’яцелага расійскага дыктатара стане праблемай не толькі Украіны.

Гэтаксама праблема дыктатуры ў Беларусі ёсць праблемай не толькі Беларусі. На нашай зямлі пануюць акупанты, нашу зямлю яны выкарыстоўваюць для агрэсіі супраць украінцаў. І ў выніку гэта робіцца праблемай не толькі ўкраінцаў і беларусаў.

Свет мусіць дапамагаць Украіне перамагчы, каб вызвалілася і яна, і наша бацькаўшчына. Адарваць нас ад еўрапейскай сям’і народаў не здольныя ніякія ўзурпатары. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вызваленне ўкраінскага і беларускага народаў непазбежнае, але ці гэтак жа непазбежнае ажыўленне ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць? Дамінаванне Таёты ў ім моцна ўсіх стаміла, фактычна пераўтварыўшы пяршынства спорткараў у чэмпіянат Таёты. Але калі не ўсё, то вельмі многае мусіць змяніцца ў наступным годзе.

У сезоне-2023 у WEC нарэшце запускаецца катэгорыя LMDh. Гэта, нагадаю, прататыпы на стандартызаваных шасі будучай адноўленай катэгорыі LMP2 са стандартызаваным жа гібрыдным складнікам. Але выкарыстоўваць іх могуць завадскія каманды, якім дазволена афармляць машыны ў сваім фірмовым стылі і ставіць на іх свае рухавікі ўнутранага згарання без абмежаванняў па канструкцыі, хоць атмасферныя, хоць турбіраваныя.

Абмежаваная толькі сукупная аддача сілавых установак – на ўзроўні каля 680 конскіх сіл, прыкладна як і ў гіперкараў, з якімі яны будуць выступаць у адным класе і біцца за абсалют. І ўжо ў наступным годзе свае машыны гэтай катэгорыі выставяць Porsche і Cadillac, а ў 2024-м да іх далучацца BMW, Lamborghini і Alpine.

Болей за гэта, у наступным годзе ў клас гіперкараў, і менавіта з гібрыдным гіперкарам, распрацаваным адмыслова і цалкам самастойна, у чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць прыходзіць, а дакладней, вяртаецца Ferrari. Сваю машыну, якая атрымала абазначэнне 499P, італьянцы ўжо паказалі і прыступілі да яе тэстаў.

Лічбы азначаюць працоўны аб’ём у кубічных сантыметрах кожнага з шасці цыліндраў рухавіка машыны (ён, такім чынам, ёсць трохлітровым). Як і на Toyota GR010 Hybrid і Peugeot 9X8, на яе пярэдняй восі ўсталяваны электрычны рухавік – стандартная канцэпцыя гібрыдных гіперкараў.

Партнёрам Ferrari будзе каманда AF Corse, якая фактычна была завадской Ferrari ў катэгорыі LMGTE Pro, гонка якой у Бахрэйне стала апошняй. Пра партнёрскія зносіны паміж вытворцамі, якія прыйдуць у LMDh мы пагаворым асобна, калі прыйдзе час. Там шмат цікавага – Lamborghini, напрыклад, будзе прадстаўляць калектыў Iron Lynx, вядомы нам па катэгорыі LMGTE Am. У наступным годзе ў чэмпіянаце свету застанецца толькі яна, дый то ненадоўга – потым і яе заменіць GT3.

Карацей, перамен у WEC будзе шмат. Не ўсе з іх можна адназначна назваць пазітыўнымі, але хаця б не павінна будзе паўтарацца сітуацыя некалькіх мінулых сезонаў, калі ў галоўнай катэгорыі панавалі экіпажы Таёты. Гонка 8 гадзін Бахрэйна стала адлюстраваннем такога не сказаць каб натхняльнага становішча.

Уся інтрыга ізноў звялася да пытання, хто дабярэцца да фінішу раней – восьмы экіпаж Себасцьена Буэмі, Брэндана Хартлі і Рыючы Хіракавы, якія стартавалі з поўлу, або сёмы Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыі Лопеса. Што гэта ўдасца апошнім, стала зразумела яшчэ да сярэдзіны дыстанцыі, калі яны ўжо выйшлі ў лідары, хаця стартавалі толькі трэцімі.

Бароцца сваім экіпажам Toyota забараняе, таму ўмяшацца маглі хіба што механічныя праблемы, але без іх абышлося, і Конвэй, Кабаяшы і Лопес адсвяткавалі перамогу ў гонцы. Буэмі, Хартлі і Хіракава фінішавалі другімі, затое сталі чэмпіёнамі WEC, што для іх, зразумела, болей важна.

Сходаў з дыстанцыі, як ні дзіўна, у 8-гадзіннай гонцы наогул было няшмат, і ў катэгорыі гіперкараў да фінішу не дабраліся толькі Пол дзі Рэста, Мікел Йенсэн і Жан-Эрык Вернь з дзевяноста трэцяга экіпажа Peugeot TotalEnergies. Стартавалі яны, між іншым, з другой пазіцыі, але потым сутыкнуліся з праблемамі са скрыняй перадач і сышлі з дыстанцыі. Іх калегі з дзевяноста чацвёртага экіпажа Лойк Дзюваль, Густава Менэзэс і Ніка Мюлер фінішавалі чацвёртымі.

Першую ж тройку замкнулі пераможцы этапаў у Сэбрынгу і Монцы – Андрэ Нэгран, Нікаля Лап’ер і Мацьё Ваксів’ер з трыццаць шостага экіпажа Alpine ELF Team. Чэмпіёнамі яны ў выніку не сталі, але сезон правялі годна і не згубіліся на фоне моцнага завадскога калектыву. Магчыма, ім пашанцуе, калі іх каманда атрымае машыну катэгорыі LMDh.

Дарэчы, з’яўленне машын LMDh, шасі якіх, як я адзначыў вышэй, будуць стварацца на базе шасі прататыпаў LMP2 наступнага пакалення, можа прывесці да таго, што катэгорыя LMP2 у чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць знікне, а застанецца толькі ў Еўрапейскай і Азіяцкай серыях Ле Ман. Ну і ўласна ў 24 гадзінах Ле Мана, на якія экіпажы на гэтых машынах усё ж такі будуць дапускацца.

Справа тут, праўда, і ў тым, што якраз з LMP2 у катэгорыю гіперкараў значная частка каманд і перамясціцца, і такой шчыльнай барацьбы, якая была тут цягам усёй гісторыі WEC, мы ўсё роўна не пабачым. І асабіста я буду па ёй сумаваць (але, на шчасце, мы сочым і за той жа ELMS), памятаючы ў тым ліку пра фінал сезона 2022 года.

Ізноў вышэйшай адзнакі заслужыў трыццаць першы экіпаж каманды WRT у складзе Шона Гелаэля, Робіна Фрайнса і Рэнэ Раста. Стартавалі яны толькі восьмымі, але прабіліся на першую пазіцыю ўжо на трэцяй гадзіне, і потым толькі адрываліся, атрымаўшы ў выніку заслужаную перамогу.

У кола фаварытаў уваходзіў і трыццаць восьмы экіпаж Jota, у якім выступалі Рабэрта Гансалес, Антоніу Фелікс да Кошта і Уіл Сцівэнс, але яны, стартаваўшы другімі, на фінішы замкнулі першую тройку. Іх апярэдзілі Алекс Лін, Олівер Джарвіс і Джошуа Пірсан з дваццаць трэцяга экіпажа United Autosports USA.

У катэгорыі LMGTE Pro ў Бахрэйне ішла дуэль паміж AF Corse (чытай, Ferrari) і Porsche. Прадстаўнікі нямецкай каманды з яе дзевяноста першага экіпажа Джанмарыя Бруні і Рыхард Літц пачыналі гонку з поўлу, але паступова адкаціліся на трэцюю пазіцыю, а на фінальнай гадзіне і яе аддалі Міхаэлю Крыстэнсэну і Кэвіну Эстрэ з сястрынскага дзевяноста другога экіпажа. Каманда пралічылся з колькасцю паліва для італа-аўстрыйскага дуэта, і яму запатрабаваўся лішні піт-стоп.

Не ўсё добра было і ў AF Corse, якія ішлі на дубль. Алесандра П’ер Гуідзі і Джэймс Калада ўпэўнена лідзіравалі, калі на перадапошняй гадзіне на іх Ferrari 488 GTE Evo узніклі механічныя праблемы (каманда падазравала ўцечку алею са скрыні перадач), і яны паступова адкаціліся на апошнюю пазіцыю. Перамога, аднак, дасталася іх калегам з пяцьдзесят другога экіпажа Мігелю Маліне і Антоніа Фуока. Другое месца занялі Томі Мілнэр і Нік Тандзі з шэсцьдзесят чацвёртага экіпажа Corvette Racing.

Вось каманда Team Project 1, якая выступае на Porsche 911 RSR, у катэгорыі LMGTE Am якраз заваявала дубль. Пры гэтым Матэа Кайролі, Мікел Педэрсэн і Нікалас Лёйтвілер з сорак шостага экіпажа, якія і атрымалі перамогу, прарваліся дзеля гэтага з чацвёртай пазіцыі на старце. А Пі Джэй Хает, Гунар Жанэт і Бэн Барнікот з пяцьдзесят шостага экіпажа фінішавалі другімі, стартаваўшы наогул адзінаццатымі.

Ізноў нядрэнна выступілі і дзяўчаты Рахель Фрэй, Мішэль Гацінг і Сара Баві з восемдзесят пятага экіпажа Iron Dames, якія занялі трэцяе месца. Праўда, стартаваўшы з першай пазіцыі, разлічвалі яны напэўна на большае.

Цяпер ужо канчатковыя вынікі сезона WEC 2022 года выглядаюць наступным чынам. Хартлі, Хіракава і Буэмі са 149 ачкамі ёсць чэмпіёнамі ў заліку гоншчыкаў катэгорыі гіперкараў. Нэграна, Ваксів’ера і Лап’ера, якія занялі другое месца, яны апярэдзілі на пяць балаў. Лопес, Кабаяшы і Конвэй набралі 133 ачкі і замкнулі першую тройку.

Toyota, набраўшы 186 ачкоў, перамагла сярод вытворцаў гіперкараў. Другое месца засталося за Alpine, у якіх 144 балы, трэцім стаў Glickenhaus, які, выступіўшы не на ўсіх этапах, зарабіў 70 ачкоў.

Чэмпіёнамі сярод гоншчыкаў LMP2 сталі да Кошта, Гансалес і Сцівэнс, якія набралі 137 ачкоў. Другое месца занялі Фрайнс і Гелаэль, у якіх 116 балаў. Замкнулі ж першую тройку са 113 ачкамі Пірсан і Джарвіс.

П’ер Гуідзі і Калада, нягледзячы на няўдачу ў Бахрэйне, са 135 баламі сталі чэмпіёнамі сярод гоншчыкаў катэгорыі GT. Эстрэ і Крыстэнсэна, якія занялі другое месца, яны пры гэтым апярэдзілі ўсяго на тры ачкі, а Фуока і Маліну – на чатыры. У заліку вытворцаў катэгорыі GT Ferrari пры гэтым перамагла з 269 ачкамі. Porsche занялі другое месца, набраўшы 257 балаў, Chevrolet, у якіх 102 ачкі, сталі трэцімі.

Да пачатку наступнага сезона чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць зараз застаецца роўна чатыры месяцы. Пачнецца ён, як і ўжо мінулы, у Сэбрынгу і пройдзе, як мы ўсе спадзяемся, ужо не пад знакам адной толькі Таёты.

Іншыя пасты блога

Усе пасты