Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: як прайшоў першы этап
Блогі

Дакар-2023: як прайшоў першы этап

Агляд

2 студзеня 2023, 13:41
Дакар-2023: як прайшоў першы этап

Фота: A.S.O.

У першы дзень новага года прайшоў першы этап сорак пятага ралі-марафону Дакар. «Гоначная псіхапатыя» пачынае свой марафон і будзе сачыць за знакамітым спаборніцтвам да самага фінішу.

Як і ўсе астатнія сусветныя гоначныя пяршынства, Дакар праходзіць у свеце, у якім ідзе вайна. У навагоднюю ноч і ў першы дзень 2023 года расійскія агрэсары працягнулі тэрарызаваць Украіну. Аднак заадно яны зрабілі крок да сваёй канчатковай паразы, вызвалення нашых суседзяў дый нас таксама. Бо расійскі і тутэйшы дыктатары – абое рабое, і скончаць аднолькава. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійская агрэсія прывяла да шматлікіх змен сусветнага гоначнага ландшафту. Адной з такіх стаў неўдзел у Дакары 2023 года каманды КамАЗ-Мастер. Можна доўга спрачацца на тэму, ці вінаватыя спартсмены, але калі кіраўніцтва калектыву шчыра дэкларуе адзінства са злачыннай уладай, то такому калектыву няма месца на старце сусветных гонак, якія дэкларуюць якраз мір і сяброўства паміж народамі.

Адсутнаць каманды з Набярэжных Чаўны, адзінай, па сутнасці, сапраўднай завадской, гонцы, зрэшты, пайшла толькі на карысць, пра што мы асобна пагаворым, калі дабяромся да катэгорыі грузавікоў. У матацыклах жа канкурэнцыя заўсёды была моцнай, а прэтэндэнтаў на перамогу заўсёды было шмат. Прынамсі, на пачатку ралі, калі ў ладзе былі яшчэ ўсе.

Агульны маршрут Дакара 2023 года складае восем з паловай тысяч кіламетраў, з якіх на спецучасткі прыходзіцца 4 706. 13-кіламетровы пралог, які стартаваў і фінішаваў у спецыяльна пабудаваным марскім лагеры на поўдні рэгіёну Табук, што паўночна-заходняй частцы Саудаўскай Аравіі, прайшоў яшчэ 31 студзеня 2022 года. А ўчора ўдзельнікі Дакара пераадолелі ўжо 367 баявых кіламетраў першага этапу, які, дарэчы, таксама быў закальцаваны. Спецучастак быў пераважна камяністы і з заўважным перападам вышынь, хаця сапраўднае высакагор’е яшчэ наперадзе.

І вось першая страта акурат у матацыклетнай катэгорыі – з дыстанцыі сышоў двухразовы і дзейсны трыумфатар Дакара Сэм Сандэрлэнд. Брытанец з каманды Red Bull GasGas Factory Racing быў лепшым на першым кантрольным пункце на 37-м кіламетры дыстанцыі, але ўпаў яшчэ праз пятнаццаць і пашкодзіў плячо і спіну. На шчасце, траўмы аказаліся не сур’ёзнымі, але шанцаў замацаваць поспех СандэрСэм пазбавіўся. Гэта ўжо шосты яго сход на Дакары ў яго кар’еры.

Фаварытам жа пакуль што з’яўляецца амерыканец з каманды Monster Energy Honda Team Рыкі Брабэк, які першы спецучастак пераадолеў за 4 гадзіны 14 хвілін 10 секунд. З гэтым жа вынікам ён узначальвае і генеральную класіфікацыю, аднак толькі фармальна. Аргентынскі гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Кэвін Бенавідэс, які займае другую пазіцыю, адстае ўсяго на 19 секунд, а яго аўстралійскі напарнік Тобі Прайс – на 39. Іспанец Хоан Барэда Борт з Monster Energy JB Team і яшчэ адзін аўстраліец Даніэль Сандэрс, які выстае за завадскі GasGas, абодва саступаюць лідару па 45 секунд.

Лідарам сярод квадрацыклістаў ёсць дзейсны пераможца ў гэтай катэгорыі Александр Жыру. Француз на Yamaha Raptor 700 пераадолеў доп за 4 гадзіны 55 хвілін 28 секунд, на 21 секунду апярэдзіўшы аргенцінца Мануэля Андухара. Ён таксама выступае на Raptor 700, як і бразілец Марсэла Медэйрас, які пакуль што замыкае першую тройку, саступаючы лідару 12 хвілін 52 секунды.

Як і КамАЗ, на старт гэтага Дакара не выйшла каманда Мінскага аўтамабільнага завода, але беларусам усё роўна ёсць каго падтрымаць. У катэгорыі лёгкіх прататыпаў T3 ізноў выступае Андрэй Рудніцкі. Гэтым разам ён асістуе гоншчыку з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Халіду Аль-Джафле. Учора іх экіпаж фінішаваў сорак першым, амаль што дзесяць з паловай гадзін адстаўшы ад пераможцаў. Аднак наперадзе яшчэ цэлае ралі, і Андрэй з Халідам яшчэ змогуць падняцца вышэй.

Перамог жа на першым этапе чылійскі гоншчык Red Bull Can-Am Factory Team Франсіска Лопес. Двухразовы і дзейсны пераможца Дакара справіўся з першым спецучасткам гонкі 2023 года за 3 гадзіны 57 хвілін 40 секунд, на 1 хвіліну 49 секунд абагнаўшы дэбютанта Дакара – бельгійца Жылома дэ Мэвіуса, які выступае на ўсюдыходзе OT3.

Трэцім малады амерыканец з каманды Red Bull Off-Road Junior Team Сэт Кінтэра, які здзівіў усіх у мінулым годзе. Праўда, механічныя праблемы не дазволілі яму пабароцца тады за перамогу. Зараз жа ён саступае лідару 3 хвіліны 7 секунд і мае шанцы на поспех. Хаця меней чым у палове хвіліны ад яго ззаду яго партнёр па камандзе, суайчыннік і мінулагодні пераможца Осцін Джонс. У катэгорыі T3 хутка можа стаць спякотна.

У катэгорыі дапрацаваных серыйных SSV T4 тэмп пакуль што задае паляк Эрык Гочал на Can-Am Maverick X RS Turbo. Дыстанцыю першага спецучастка ён пераадолеў за 4 гадзіны 11 хвілін 58 секунд, на паўтары хвіліны апярэдзіўшы іспанца Паў Навара на такім жа мотаўсюдыходзе. Яшчэ адзін паляк Міхал Гочал, зброяй якога таксама з’яўляецца Maverick X RS Turbo, па выніках першага этапу замыкае першую тройку, адстаючы ад Гочала на 1 хвіліну 51 секунду.

У катэгорыі легкавых аўтамабіляў Дакар 2023 года пачаўся з перамогі Эль Матадора Карласа Сайнса-старэйшага (загалоўнае фота). Для яго каманды Audi мінулы год быў разміначным, і гібрыдны RS Q e-tron патрабаваў абкаткі. Якая, відаць, прайшла паспяхова, і на дапрацаванай машыне іспанец узначаліў агульны залік з вынікам 3 гадзіны 28 хвілін 55 секунд. Аднак дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб на поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter, які ў мінулым годзе заняў другое месца, адстае ўсяго на 10 секунд, займаючы другую пазіцыю.

Першую тройку, саступаючы Сайнсу 2 хвіліны 1 секунду, пакуль што замыкае мясцовая зорка Язід Аль-Раджы на Toyota HiLux паўзавадской каманды Overdrive. А вось чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакара Насэр Аль-Ація на завадскім пікапе пасля першага этапу быў толькі на шостым радку. Ад лідара яго аддзяляла 7 хвілін 17 секунд, што, зрэшты, нямнога для пачатковай частцы гонкі.

Залік грузавікоў без КамАЗа выглядае нязвычна, як нязвычны і чэх Марцін Мацык на першай пазіцыі. Стартавы доп на сваёй Iveco PowerStar ён пераадолеў за 3 хвіліны хвілін 18 секунд. Свайго суайчынніка Алеша Лапрайса, які выступае на Praga V4S DKR, ён апярэдзіў на 5 хвілін 1 секунду. Трэцюю пазіцыю займае нідэрландзец Мітчэл ван дэн Брынк на Iveco PowerStar каманды Eurol team de Rooy. Ад лідара ён адстае на 9 хвілін 18 секунд, аднак наступныя этапы многае могуць змяніць.

Сёння праходзіць другі, удзельнікі пераадольваюць 589 кіламетраў да Алулы. Даўжыня спецучастка – 430 кіламетраў з няпростым рэльефам і пад’ёмам на вышыню болей за 1 200 метраў над узроўнем мора.

Іншыя пасты блога

Усе пасты