Усе навіны

Медалістка АГ-2020 Курачкіна: «Мара ўсё тая ж – алімпійскае золата»

22 сакавіка 2023, 17:05

Сярэбраны прызёр АГ-2020 па вольнай барацьбе Ірына Курачкіна расказала пра сваю мару.

- Ірына, раскажыце, калі ласка, пра месца, дзе Вы нарадзіліся, пайшлі ў школу?

- Нарадзілася ў г.п. Круглае Магілёўскай вобласці. Жыла ў вёсцы Ракушава. Скончыла 8 класаў у СШ №2, пасля паступіла ў Бабруйскую вучэльню алімпійскага рэзерву.

- У Вас шмат сяброў?

- У мяне нямала знаёмых і сяброў. Гэта тыя людзі, якія цягам многіх гадоў заўсёды побач.

- Якая кніга зрабіла на Вас самае вялікае ўражанне?

- Больш за ўсё мне спадабалася кніга «Майстар і Маргарыта».

- Якую музыку Вы любіце слухаць?

- Заўсёды слухаю музыку пад настрой. Часцей, мусіць, у стылі RnB.

- Ірына, ці ёсць у Вас хобі?

- Люблю актыўны адпачынак: катанне на веласіпедзе, басейн, прагулкі на прыродзе.

- А мара?

- Мара ўсё тая ж. Алімпійскае золата.

- Якія пяць рэчаў Вы ўзялі б на бязлюдны востраў?

- Ежа, вада, запалкі, адзенне, палатка...

- Якія думкі праносяцца ў галаве падчас барацьбы?

- Думка толькі адна – перамагчы.

- Які быў любімы прадмет у школе?

- Геаграфія, бо ў дзяцінстве марыла падарожнічаць…

- Калі б Вы маглі загадаць адно любое жаданне, і яно абавязкова спраўдзілася б, то што б Вы загадалі?

- Каб усе людзі былі здаровыя, – сказала Курачкіна.