Усе навіны

Чатыры беларускія барцы заваявалі алімпійскія ліцэнзіі

7 красавіка, 22:41

7 красавіка чатыры барцы вольнага стылю з Беларусі заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Для гэтага трэба было выйсці ў фінал.

Так, Магамедхабіб Кадымагамедаў у паўфінале вагавой катэгорыі да 74 кг адолеў прадстаўніка Славакіі Таймураза Салказанава.

Арыйаан Цютрын у вырашальнай сутычцы ў вагавой катэгорыі да 57 кг перасягнуў Георгія Ангелава з Балгарыі.

Аляксандр Гуштын у вячэрняй частцы еўрапейскага турніру павінен быў пазмагацца з Радаславам Баранам з Польшчы, але супернік зняўся з-за траўмы.

Дзяніс Храмянкоў у паўфінале ў вазе да 125 кг атрымаў перамогу над палякам Камілам Касілам.

Нагадаем, што Кадымагамедаў, Цютрын і Храмянкоў маюць дачыненне да сілавых структур Беларусі. Кадымагамедаў, Цютрын з'яўляюцца членамі таварыства «Дынама», звязанага з МУС Лукашэнкі, а Храмянкоў выступае за спартыўны клуб узброеных сілаў Лукашэнкі.

Па падліках Tribuna.com, барцы ўзялі 13-ю, 14-ю, 15-ю і 16-ю беларускія ліцэнзіі на АГ-2024: раней паступілі яшчэ тры ў барацьбе, тры ў плаванні, дзве ў прыжках на батуце і па адной у акадэмічным веславанні, цяжкай атлетыцы, веласпорце і тхэквандо. Акрамя таго, чакаюць рашэння МАК беларускія лёгкаатлеты з выкананым нарматывам, а ў шэрагу відаў з удзелам беларускіх спартсменаў кваліфікацыя на АГ працягваецца.