Усе навіны

Расійскага барца Садулаева не дапусцілі да адбору на АГ, назваўшы сярод прычын членства ў «Дынама»

4 красавіка, 12:37

Рашэннем камісіі міжнароднай федэрацыі барацьбы (UWW) расійскі барэц Абдуларашыд Садулаеў быў выключаны са складу ўдзельнікаў еўрапейскага адбору да Алімпіяды, запланаванага на 5-7 красавіка ў Баку.

UWW патлумачыла, што Садулаеў не адпавядаў крытэрыям МАК. Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі.

Камісія UWW, па паведамленні федэрацыі, палічыла ўдзел Садулаева ў адборы немагчымым, калі «знайшла новую інфармацыю пра падтрымку [спартсменам] вайны і пра тое, што ён да гэтага часу афіцыйна застаецца членам «Дынама». Пры гэтым звесткі пра тое, што Садулаеў уваходзіць у расійскае таварыства «сілавікоў», на яго сайце не мяняліся прынамсi з 2022 года.

Адзначым, што ў старт-лісце таго ж адбору на АГ, з якога выключаны Садулаеў, значацца беларускія барцы Арыян Цютрын, Нюргун Скрабін, Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Кірыл Маскевіч, Ірына Курачкіна, якія знаходзяцца ў БФСТ «Дынама», а таксама члены спартклуба ВС Лукашэнкі Дзяніс Храмянкоў, Максім Нягода, Ксенія Станкевіч, Вераніка Іванова, Анастасія Зімянкова.

Раней ліцэнзію на АГ таксама ўзяла Ванеса Каладзінская, якая знаходзiцца ў БФСТ «Дынама» і спартыўнай камандзе «МУС» Лукашэнкі.