Усе навіны

Ініцыятарка прарэжымнага ліста па версіі дзяржСМІ Марзалюк пра магчымае зняцце міжнароднага бана: «Мы спадзяемся, што нас прымуць лаяльна, і мы зможам паказаць найлепшыя спартыўныя і чалавечыя якасці»

4 красавіка 2023, 17:15

Ініцыятарка прарэжымнага ліста спартоўцаў па версіі дзяржаўных СМІ Васіліса Марзалюк выказалася пра магчымы допуск беларускіх спартоўцаў на Алімпійскія гульні.

«Гэтае рашэнне не заўсёды стабільнае ў людзей, якія іх прымаюць. І часта мы бачым, што яны гавораць адно, а робяць іншае.

Насамрэч я вельмі моцна ўзрадавалася, калі ўбачыла, што хоць неяк зрушыліся гэтыя горы.

Мы працуем. Мы гатовы выступаць на спаборніцтвах: і спартсмены, і трэнеры, і адміністрацыйны штаб. Таму мы спадзяемся, што нас прымуць лаяльна ў гэтай сітуацыі і мы зможам паказаць самыя найлепшыя нашы якасці. Не толькі спартовыя, але і чалавечыя», – сказала Марзалюк.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

28 сакавіка МАК аб'явіў, што з гэтага моманту рэкамендуе сусветным федэрацыям дапускаць беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі.

Удзел у якіх-небудзь камандных спаборніцтвах рэкамендуецца не дапускаць.