Усе навіны

Прарэжымны падпісант Маскевіч аб рэкамендацыях МАК: «Пастаўлюся прама вау, калі скажуць: «Хлопцы, прыязджайце». Калі трапім на АГ-2024 – нічога страшнага, што год прапусцілі»

25 красавіка 2023, 08:36

Падпісант прарэжымнага ліста спартсменаў барэц Кірыл Маскевіч падзяліўся меркаваннем аб рэкамендацыях МАК па магчымым допуску беларускіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, якой рушыла ўслед большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК аб'явіў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Калі рэкамендацыі МАК выйшлі, ты асабліва «вау» да іх не паставіўся, так скажам.

– Я пастаўлюся да іх проста «вау», калі яны скажуць: «Рабяты, прыязджайце».

– Гэта значыць, зараз не ўсё так ясна, як хацелася б на дадзеную хвіліну?

– Так, гэтыя рэкамендацыі такія плаваюць, няма ніякай канкрэтыкі 100%-й. То бок, чакаем чагосьці больш канкрэтнага.

Мы ні дня не прастаялі без справы, увесь час у абойме, рыхтуемся вярнуцца ў любы момант. Я думаю, што гэтая скарбонка жадання зараз перапоўнена. Думаю, што калі нас дапусцяць на ліцэнзійны чэмпіянат міру, то мы пакажам максімальны вынік, які толькі можна.

Усё роўна асноўная мэта – Парыж [дзе пройдуць Алімпійскія гульні-2024]. Калі мы туды трапім – нічога страшнага, што мы гэты год прапусцілі, – сказаў Маскевіч.