Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новы супернік Баньяі. Хорхе Марцін бліскуча выступіў на Гран Пры Германіі

Новы супернік Баньяі. Хорхе Марцін бліскуча выступіў на Гран Пры Германіі

Новы супернік Баньяі. Хорхе Марцін бліскуча выступіў на Гран Пры Германіі

Фота: motogp.com

Такімі тэмпамі чэмпіянат MotoGP хутка можна будзе пераймяноўваць у монасерыю Ducati. Па выніках этапу на Заксэнрынгу ў першай дзясятцы апынуліся толькі два гоншчыка на матацыклах іншых марак. Затое Франчэска Баньяя з завадской Ducati Lenovo Team і Хорхе Марцін з Prima Pramac Racing зладзілі нядрэннае шоў.

Пакуль мы глядзім гонкі і разбіраем іх падзеі ва Украіне працягваецца вайна. Яна не скончыцца заўтра, нашы суседзі пакутаваць будуць яшчэ доўга. Так не павінна быць, і ў інтарэсах усяго цывілізаванага свету хутчэй скончыць кровапраліцце – даць УСУ ўсю неабходную зброю. Перамога Украіны прынясе доўгачаканы мір, а таксама дапаможа вызваліцца беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Але і пра гонкі забывацца не варта, тым больш што не ўсе яны як Формула 1. Вось чэмпіянат свету MotoGP ад яе адрозніваецца ў лепшы бок, хаця і тут не ўсё ідэальна. Так, барацьба за чэмпіёнства тут сапраўдная, аднак вядуць яе гоншчыкі не зусім розных каманд. Калі ў той жа Формуле 1 нават Williams будуе аўтамабілі самастойна, а набывае толькі сілавыя ўстаноўкі, то ў MotoGP прыватныя калектывы проста набываюць матацыклы ў завадскіх, часта становячыся іх сатэлітамі.

Адным з такіх фактычна ёсць Prima Pramac Racing, чые гоншчыкі Хорхе Марцін і Жоан Зарка выступаюць на такіх жа Ducati Desmocedici GP23, як у Франчэска Баньяі і Энеа Басціаніні з завадской Ducati Lenovo Team. Затое выступаюць няблага, а гэта таксама трэба ўмець. Выдзяляецца тут асабліва малады іспанец, які і стаў галоўным героем Гран Пры Германіі, што прайшоў у мінулыя выхадныя.

Кваліфікаваўся Хорхе пры гэтым толькі шостым, тады як Баньяя ізноў стартаваў з поўлу. У суботнім спрынце Пэка зрабіў гэта таксама нядрэнна, адбіўшы атаку свайго былога напарніка Джэка Мілера. Гоншчык Red Bull KTM Factory Racing, аднак, не адступіў, і ў самым пачатку другога круга скарыстаўся барацьбой Франчэска якраз з Марцінам – у першы паварот яны ўвайшлі па занадта шырокай траекторыі, і аўстраліец выйшаў наперад.

Лідзіраваў Джэк, зрэшты, толькі да пятага круга, на якім яго абагнаў Марцін. Кругам пазней Джэка абышоў і Баньяя, распачаўшы барацьбу за першую пазіцыю. Праўда, угнацца за Хорхе было цяжка, і ён фінішаваў першым, у дзвюх з паловай секундах ад Баньяі, які задаволіўся другой пазіцыяй.

Мілер адмашку клецістым сцягам атрымаў трэцім, але паспрабаваў выправіць вынік у нядзелю, калі захапіў лідарства ўжо на старце. Праўда, страціў яго ўжо на першым кругу, дапусціўшы на яшчэ халодных шынах памылку ў адзінаццатым павароце. Джэк страціў некалькі пазіцый і пазней адкаціўся на шостую. Ну, хаця б не ўпаў, у адрозненні ад Марка Маркеса, які ў мінулы ўік-энд нападаўся ад душы.

Асабліва непрыемны эпізод для шасціразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі з Repsol Honda Team здарыўся ў пятніцу, калі ў другой свабоднай практыцы яго матацыкл у першым павароце знёс Жоана Зарка, які выязджаў на трасу з піт-лэйну. На шчасце, у гэтым інцыдэнце ніхто не пацярпеў, затое Маркес затым падаў яшчэ чатыры разы. Апошні быў па ходу ворм-апа перад гонкай у нядзелю, калі Марк пашкодзіў вялікі палец на левай руцэ.

Таму адзінаццатае месца ў спрынце так і засталося гэтым разам лепшым вынікам для адзінаццаціразовага пераможца Гран Пры Германіі. Пры гэтым этап на Заксэнрынгу праз траўму рукі, атрыманую на папярэднім Гран Пры Італіі, прапускаў і суайчыннік і напарнік Маркеса Жоан Мір. Таму не дзіўна, што ў першую дзясятку па выніках нямецкага Гран Пры патрапілі толькі той жа Мілер, а таксама гоншчык CryptoDATA RNF MotoGP Team (кліенцкая Aprilia) Мігель Алівейра, які гэтую дзясятку і замкнуў.

Ну а галоўныя разборкі шлі паміж наезнікамі Ducati. На трэцім кругу Марцін, які ізноў адразу прабіўся ў групу лідараў, лідарам і стаў, абагнаўшы Баньяю ў дванаццатым павароце. Пэка захаваў тэмп у дастатковай ступені, каб застацца непасродна за канкурэнтам з Pramac. Іх супрацьстаянне, праўда, некаторы час мела пазіцыйны характар, пакуль на дваццаць першым кругу італьянец не здзейсніў паспяховую атаку ў дванаццатым павароце.

Аднак усяго праз два кругі ў тым жа месцы шчыліну ў яго абароне знайшоў ужо Марцін, які вярнуў лідарства сабе. Баньяя ізноў прыняўся насядаць на яго, і на апошнім кругу давёў справу нават да кантакту, які, на шчасце, не прывёў да аварыі. Марцін не толькі ўстаяў на колах, але і ўтрымаў лідарства, узнагародай за што стала яго перамога. Баньяя фінішаваў следам у 0,064 секунды, трэцяе месца заняў Зарка, які стартаваў чацвёртым і ў гонцы выдатна пабароўся з некалькімі супернікамі.

Баньяя пакінуў Заксэнрынг лідарам чэмпіянату, у яго 160 ачкоў. Яго галоўным пераследнікам з’яўляецца цяпер Марцін, які мае 144 балы, а гоншчык Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі, які ў спрынце фінішаваў сёмым, а ў нядзельнай гонцы чацвёртым, са 126-цю ачкамі апусціўся на трэці радок. Prima Pramac Racing замацаваліся на першай пазіцыі ў заліку каманд, дзе ў іх 253 балы. Mooney VR46 Racing Team з 215-цю ачкамі на другой пазіцыі, а на трэцюю выбраліся Ducati Lenovo Team, у якіх 186 балаў.

Удзельнікам MotoGP застаўся апошні рывок перад летняй паўзай, і зробяць яны яго ўжо ў бліжэйшы ўік-энд у Асэне, дзе пройдзе Гран Пры Нідэрландаў.

Другие посты блога

Все посты