Цяпер і ў АПЛ ёсць арбітрыня: адсудзіла без скандалаў, Кампані быў рады
«Яна не можа быць горшай за большасць мужчын-арбітраў».
Нічым не прыкметны на першы погляд матч перадкаляднага 18-га тура АПЛ паміж «Фулхэмам» і «Бёрнлі» (0:2) увайшоў у гісторыю англійскага футбола. Упершыню на матчы вышэйшага дывізіёна Англіі арбітрам была жанчына – Рэбека Уэлч.
👉 Уэлч пачала кар'еру футбольнай арбітрыні ў 2010-м, спачатку паралельна працуючы адміністратаркай у адной з урадавых устаноў сістэмы аховы здароўя. Ужо ў 2017-м яна працавала на фінале жаночага Кубка Англіі, пазней атрымала такое ж прызначэнне і на фінал-2020.
Таксама з 2015-га яна з'яўляецца арбітрыняй ФІФА на жаночым узроўні, працуючы, у прыватнасці, як на матчах дамашняга для Англіі Еўра-2022 (да чвэрцьфіналу), так і на трох матчах групавога этапа ЧС-2023.
Аднак на міжнародным узроўні, што цікава, у Уэлч і блізка няма таго прызнання, якое ўжо паспела атрымаць тая ж Стэфані Фрапар. Ніводнага матча ў мужчынскім міжнародным футболе, у жаночай ЛЧ максімум – адзін паўфінал у сезоне-2021/22.
👉 На мужчынскім прафесійным узроўні Уэлч дэбютавала ў 2021-м – атрымала прызначэнне на матч Лігі 2 паміж «Хэрагітам» і «Порт Вейл».
«Мне патэлефанаваў [старшыня суддзяў] Майк Джонс, і мая першая рэакцыя была: «О, што я нарабіла?!» – распавядала тады Уэлч пра свае эмоцыі ад званка. – «Мяне толькі што прызначылі на матч, і я была вельмі шчаслівая, але калі ты неяк думаеш пра гэта, ты думаеш, што ты першая жанчына, якая гэта зрабіла, таму я вельмі ганаруся гэтым, і мая сям'я таксама вельмі ганарыцца гэтым. Я сапраўды лічу, што важна паказаць, што жанчыны, якія ўваходзяць у 1% найлепшых у сваёй катэгорыі, могуць перайсці на наступны ўзровень, таму гэта безумоўна прымусіць іншых імкнуцца да большага і ведаць, што яны могуць дасягнуць таго ж».
Што цікава, яна стала першай арбітрыняй у Англіі, якую прызначылі на мужчынскі прафесійны матч, але не першай, якая працавала – яшчэ ў 2010-м Эмі Фірн, якая была чацвёртай арбітрыняй, мусіла падмяняць 20 хвілін свайго калегу мужчынскага полу.
👉 З таго часу Уэлч адпрацавала па 17 матчаў у Лізе 2 і Лізе 1, 6 матчаў у Чэмпіёншыпе і тры – у Кубку Англіі. Паралельна, вядома, працуючы і на жаночай Суперлізе Англіі.
Таксама яна ўжо працавала чацвёртай арбітрыняй на матчах АПЛ – у прыватнасці, паспела паспрачацца з Эрыкам тэн Хагам.
👉 Ад матча ў АПЛ у іншых чаканні былі хутчэй як ад эксперыменту на фоне крытыкі судзейства ў Англіі. «Я рэгбіст; у нас былі жанчыны-суддзі значна раней. Яны былі і на лініі, і за мяжою поля. Яна не можа быць горшай за большасць мужчын-арбітраў, якія ў нас былі, дазвольце мне сказаць вам! Да гэтага ўсё доўга ішло», – распавёў The Athletic адзін з даўніх фанатаў «Фулхэма».
👉 Уласна, адсудзіла яна нядрэнна – прынамсі, абышлося без скандалаў. Хаця супярэчлівыя моманты былі: напрыклад, у першым тайме з ВАР прыйшлося разбірацца, ці гуляў рукой Зэкі Амдуні. Вердыкт – не гуляў.
«Гульня прайшла без сур'ёзных спрэчак, і найлепшы камплімент, які вы можаце зрабіць арбітру, гэта тое, што яго не было бачна. А яе (Уэлч – заўв.) не было відаць. Гэта быў матч, як і любы іншы, як і многія сотні, якія Уэлч абслугоўвала раней», – ахарактарызавалі ейную працу аўтары The Athletic.
👉 Асобных кампліментаў Уэлч адсыпаў трэнер «Бёрнлі» Венсан Кампані:
«Я хачу яе павіншаваць. Акрамя ўзроўню ейнай працы, гэта выбітны момант. Падчас гульні справа не ў арбітры, а ў футбалістах – заўсёды. Справа таксама не ў трэнеры. Але пасля гульні можна адзначыць, што гэта знакавы момант. Няхай іх будзе больш.
Найлепш заўсёды будзе, калі людзей проста ацэньваюць па заслугах. І ўсё. Але нехта павінен быць першым. Я рады быць часткай гэтага моманту».
Фота: Cristiano Mazzi, Nigel Keene, IMAGO/Global Look Press