Tribuna/Прочие/Блоги/О духе времени/Купала і Колас сварыліся за шахматамі, Някляеў страціў здароўе ў секцыях, галоўным фанатам быў Куляшоў. Адшукалі спорт у беларускай літаратуры

Купала і Колас сварыліся за шахматамі, Някляеў страціў здароўе ў секцыях, галоўным фанатам быў Куляшоў. Адшукалі спорт у беларускай літаратуры

У творчасці былi шок ад хакея i фантастыка пра альтэрнатыўны БАТЭ.

Автор — Tribuna.com
21 февраля 2023, 17:23
Купала і Колас сварыліся за шахматамі, Някляеў страціў здароўе ў секцыях, галоўным фанатам быў Куляшоў. Адшукалі спорт у беларускай літаратуры

Ці ёсць у беларускай літаратуры перасячэнне са спортам? Калі верыць рэжыму, то бывае і больш – можна, маўляў, стаць нібы «народным» пасля прафесійнай спорткар’еры, нават калі пісаць толькі мiлiцэйскiя дэтэктывы па-руску, а потым перайсцi на нізкапробны здзек над «клятым Захадам».

Але мы пагаворым пра выпадкі, калі сувязь са спортам выяўлялася ў лепшых літаратурных талентаў Беларусі – пры бліжэйшым разглядзе кропак судакранання знайшлося нямала.

Большасць любіла віды без залiшняй нагрузкі (асабліва шахматы)

Галоўныя сувязі ў беларускіх літаратараў адшукваюцца з не самымі папулярнымі відамі спорту, а з тымі, што не патрабуюць вялікіх фізічных намаганняў – а наадварот, збольшага напружваюць мозг. Асноўнае захапленне – шахматы.

Шырока вядома супрацьстаянне за дошкай у 1930-х галоўных класікаў XX стагоддзя – народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Купала настолькі любіў гульню, што нават набыў нятанны спецыяльны стол з уральскіх самацветаў. Сведкі казалі, што Купала гуляў крыху лепш, а аднойчы, прайграючы, назваў Коласа мужыком – той у адказ назваў таварыша-суперніка шляхцюком, у сварцы нехта перавярнуў фігуры, і на гэтым партыя скончылася. Аднак, нават калі такое і здаралася, на сяброўства калег не ўплывала. Яшчэ адна пацешная легенда – што звычка Купалы спяваць падчас партый каштавала Коласу вымовы ад настаўніка сына: юны Юры ў школе паўтарыў за класікам «Дайте мне за рупь с полтиной девицу с огнем», што на тыя часы лічылася вельмі непрыстойным. Сёлета па матывах шахматнага саперніцтва літаратараў выпусцілі мультфільм.

Якуб Колас (злева) і Янка Купала за шахматным сталом

Сярод пасляваенных глыб белліту простым спортам захапляліся цэлымі кампаніямі – тым больш у Доме творчасці пісьменнікаў, адкрытым пад Мінскам, былі і шахматныя дошкі, і більярдныя сталы, і неабходнае для гульні ў гарадкі. Маглі збірацца і на дачах – напрыклад, у народных пiсьменнiка Кандрата Крапівы ды паэта Петруся Броўкі і вядомага лiтаратара Пятра Глебкі яны былі побач, і тройца часта збіралася разам, у тым ліку за шахматамі. Тая ж гісторыя была ў народных пiсьменнiкаў Андрэя Макаёнка з Іванам Шамякіным (яны маглі згуляць і ў шашкі). Ды і на працы ў літаратурных часопісах адбываліся сапраўдныя шахматныя зарубы – так, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак і іншыя супрацоўнікі часопісаў «Маладосць» і «Бярозка» рэгулярна заседжваліся за фігурамі ў рэдакцыях да ночы.

Пятро Глебка (злева) и Кандрат Крапiва

Але галоўным фанатам шахмат у літаратурным асяродку быў Аркадзь Куляшоў, які меў нават пачатковы разрад. Казалі, што падчас паездкі ў ЗША у складзе дэлегацыі на сесію ААН народны паэт адмовіўся ад экскурсій, а ўвесь вольны час правабiў за дошкай, знайшоўшы годнага апанента на рэсэпшне гатэля. У Мінску Куляшоў тым больш аддаваўся шахматам: то прыходзіў а 7 раніцы ў газету «Лiтаратура i мастацтва», каб знайсці супернiка, то дома са спецыяльна запрошанымі гасцямі гуляў усю ноч. Нядзіўна, што ў 1946 годзе Куляшоў увайшоў у кіраўніцтва шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР, а ў 1950-х нават заняў другое месца на рэспубліканскім турніры па шахматах, атрымаўшы за гэта паляўнічую стрэльбу. Акрамя таго, любiў Куляшоў i гарадкi, прывучыўшы некаторых калег да гэтай гульні ў Доме творчасці.

Аркадзь Куляшоў кідае гарадошную бiту

Мог Куляшоў згуляць і ў прэферанс, але тут галоўным спецыялістам безальтэрнатыўна лiчыўся iншы народны паэт Максім Танк. Сын творцы ўспамінаў: «Бацька каралём прэферанса быў. З Куляшовым, Лужаніным і Крапівой у нас дома гулялі па трое сутак, не ўстаючы. Вынікі можна было не запісваць, бацька заўсёды браў грошы. Вялікія! Сотні рублёў. Мама яму казала: «Табе лепш гуляць, чым пісаць». Аднак у шахматы, гарадкі і більярд у Доме творчасці згуляць Танк таксама быў не дурань.

Наведвальнiкаў секцый у дзяцінстве зусім няшмат – Някляеву там страцiў здароўе

Вельмі рэдка ў біяграфіях беларускіх літаратараў значацца спартыўныя секцыі – тым больш у шмат каго гэта дзяцінства было ваенным. Нехта проста адразу больш захапляўся творчасцю. Але, напрыклад, бацька пісьменніка Альгерда Бахарэвіча спрабаваў аддаць сына ў секцыю дзюдо – але падлетак хутка адтуль сышоў, адчуўшы, што яму «агідны дух раздзявальні, трэнерства, грубасці і жорсткасці, але яшчэ больш агідна адчуваць, што падпарадкаваны чыёйсьці волі».

Больш атрымалася ва Уладзіміра Някляева – пісьменніка і паэта, які стаў палітвязнем з-за вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах-2010. У дзяцінстве, паводле яго слоў, «не было, напэўна, такіх секцый, якія не наведваў». Някляеў заслужыў юнацкі разрад па боксе і барацьбе, што яму спатрэбілася ў штотыднёвых бойках сценка на сценку. У выніку Уладзімір не пайшоў у войска, бо, «займаючыся спортам, скалечыў сябе, нос пасля таго пераламаны». А спартыўную форму падтрымлiвае пагэтуль – таму што «у снежні 2010 года лукашэнкаўскі спецназ знявечыў пазваночнiк, i калі не падтрымліваць, на маім пазваночніку проста не ўтрымацца».

Уладзiмiр Някляеў (у цэнтры), Рыгор Барадулiн (злева) i Генадзь Бураўкiн

Паступіўшы ў мінскі электратэхнікум сувязі, Някляеў высветліў, што дырэктар Павел Тумас «стварыў секцыю бокса і кожны год на выпускным вечары біўся з выпускнікамі, правяраючы, ці гатовыя яны да выпрабаванняў жыцця». У шмат у чым аўтабіяграфічным рамане «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» пісьменнік нават указваў, быццам Тумас у выпадку перамогі выпускніка ў такім паядынку выдаваў суперніку дыплом без неабходнасці размеркавання. Па ўспамінах Някляева, давялося і яму адчуць удар дырэктара – калі маці прыехала прасіць вярнуць сыну месца ў інтэрнаце, Тумас заявіў, што Уладзімір прымусіў жанчыну прыніжацца, за што прапісаў вучню хук у сківіцу.

Усё гэта мала хто ведае – у адрозненне ад тэксту чатырохрадкоўя пра лыжы, якое Някляеў, як сцвярджае, напісаў у другой палове 1990-х, калі «пачаліся ўсе гэтыя захапленні лыжным спортам» (прычына банальная – яго любіў Лукашэнка). Прыйшлі радкі да літаратара ў Раўбічах, калі ён убачыў, як адзін чалавек рэальна «папёр праз асфальтавую дарожку» (так, цырк на лыжах там пачаўся даўно). Праўда, Някляеў удакладняе: у арыгінале было: «Я стою на асфальте, ноги в лыжи обуты», – а заканчваўся тэкст аўтарскім словам «вольтанутый», хоць, на думку пісьменніка, «можа, народны варыянт нават узмацніў экспрэсію».

Ёсць футбольныя заўзятары і аповесць пра цуда-выхад белклуба ў плэй-оф ЛЕ

А што ж папулярны ў свеце футбол? Ён таксама не абышоў белліт. Але з вялікіх савецкіх імёнаў любоў да паходаў на стадыён у біяграфіі прапісана толькі ў Куляшова (вось дзе быў захоплены спортам чалавек). Але далучыўся ён да справы ўжо пасля 30, калі ў 1945-м пабываў у Лондане на матчы «Чэлсі» і маскоўскага «Дынама» (там была яскравая нічыя 3:3). З тых часоў Куляшоў пастаянна прыходзіў заўзець за мiнскае «Дынама».

У сучаснай беларускай літаратуры максiмальна зацяты заўзятар – Саша Філіпенка. Хоць дзіцячы выбар любiмай каманды быў абумоўлены толькі падоранай бацькам футболкай з надпісам Fiorucci – але неўзабаве ў двары высветлілася, што гэта назва спонсара, а клуб завецца «Інтэр». З тых часоў Філіпенка за італьянцаў – не прапускае ніводнай гульнявой трансляцыi, шмат разоў быў на стадыёне ў Мілане, а футболак мае цэлую калекцыю. Філіпенка гуляў і сам на аматарскім узроўні – вяршыняй кар’еры стала зборная філфака Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта. Там пісьменнік быў сукаманднікам Аляксандра Нізеліка – чалавека, які умудрыўся пасля гэтага стаць асістэнтам галоўнага трэнера зборнай Расіі, а зараз на аналагiчнай пасадзе штампуе чэмпіёнствы з «Зенiтам». Філіпенку ж у 2021-м прыйшлося ўзяць ад выхадаў на поле вялікую паўзу – у адной з гульняў ён парваў крыжападобныя звязкі калена на левай назе праз сем гадоў пасля такой жа траўмы на правай.

У творах Філіпенкi футбол не раз згадваецца, але ёсць у белліце і адмыслова прысвечаны гульні вялiкi твор. Яго аўтар – барысаўскі пісьменнік Юрый Станкевіч, што стаў вядомым з утопіяй «Любіць ноч – права пацукоў». У якога таксама ёсць аўтабіяграфічны твор пад назвай «Сезонныя гульні ў футбол». У лютым 2013-га – калі БАТЭ гуляў у 1/16 фіналу Лігі Еўропы – Станкевіч напісаў фантастычную аповесць «Брамнік заўжды самотны» – пра тое, як простаму беларускаму хлопцу з’явіўся анёл, гатовы выканаць жаданне, а юнак вазьмі ды загадай велiч парагвайскага кiпера Хасэ Луіса Чылаверта, і вось праз гады беларускі брамнік у адну асобу цягне сваю каманду (прыдуманую «Рэйду») у тую самую 1/16 фіналу ЛЕ. Сюжэт гульні вельмі ідэалістычны, але падаецца праз прызму цяжкага шляху да яе – так што можна зацаніць у вольны час.

Былі і больш фантасмагарычныя творы пра спорт. Так, першую ў гісторыі прэмію Ежы Гедройца ў 2012-м атрымаў Павел Касцюкевіч з кнігай апавяданняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». У загаловачным апавяданні апісвалася каманда, якая адначасова гуляе ў пола на сланах i падводны хакей ды яшчэ скочыць з трамплінаў на верблюдах.

Праводзіліся футбольныя матчы літаратараў

Сярод сучаснага белліту і акрамя Філіпенкі хапае тых, хто можа выйсці на поле з мячом і паспрабаваць узгадаць, як гуляць у футбол. З 2013-га ў гэтым коле ўвогуле праходзілі штогадовыя традыцыйныя матчы – праўда, з сумнай нагоды: у памяць пра памерлага аматара футбола і мовазнаўцу Юрася Бушлякова. Прычым збіраліся пісьменнікі і паэты проста на школьным стадыёне – выглядала вельмі андэрграўндна. Вось сакавiтыя фота з першага такога паядынку: у справе былі Касцюкевіч, Бахарэвіч, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

У творах можна знайсці моцную іронію над гульнявымі відамі (у хакей увогуле не атрымлiваецца паверыць)

Вядома, у выніку спорт для літаратараў не ёсць найважнейшым. Больш за тое, праяўляецца калі не зайздрасць, то некаторая рэўнасць – бо спартсмены даўно і надзейна папулярнейшыя за пісьменніцтва. Калісьці пра гэта ў інтэрв’ю «Трыбуне» зразумела выказаўся Віктар Марціновіч: «Спорт у нашай краіне куды больш высакародны і ўдзячны занятак, чым літаратура. У нас спартсменам дазволена ўсё. Можа, так і трэба. Але, мне здаецца, было б нядрэнна, калі б са спартсменамі ў разрад багоў былі б выведзеныя і вартыя захаплення дзеячы культуры». З гэтай нагоды скончым агляд крытычнымі згадкамі спорту ў творах беларускіх літаратараў – іх можна знайсці нямала, тут толькі некалькі прыкладаў.

Адзін з галоўных герояў ваеннай аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык» Алік Аўсееў у падлеткавым узросце меў поспехі ў футболе, але пасля серыі няўдач сышоў з каманды, і ў гэтае рашэнне пісьменнік уклаў філасофскі пачатак, маўляў, у спорце хутка губляеш задавальненне ад працэсу.

Галоўны герой «Чорнага замка Альшанскага» Уладзіміра Караткевіча Антон Косміч у самым пачатку твора жорстка праходзіць па спорце ў цэлым і баскетболе ў прыватнасці – панч пра “пот валасатага цела”, вядома, моцны. Цалкам магчыма, што тут Караткевіч выказаў асабiстыя адносіны.

Ніл Гілевіч у амаль што паэме «Футбол, або Як я стаў балельшчыкам» расказвае, як лірычны герой упершыню ў жыцці пайшоў на футбол, каб вырвацца з няміласці начальніка-фаната, і там, нічога асабліва не зразумеўшы, ледзь не быў задушаны ў абдымках суседа, радаснага з-за гола. Усё скончылася п’янкай і начным кашмарам, пасля якога раптам прачнулася дзікая любоў да футбола – карацей, сатыра тая яшчэ.

А ўжо згаданы Бураўкін у вершы «Канадскі хакей» апісвае нейкую гульню ў Палацы спорту і ў канцы папросту не можа паверыць, што ўбачанае з’яўляецца спортам.

 

Другие посты блога

Все посты