Блог О духе времени

«Наша першая мэта – 10 тысяч». Мэнаджар па маркетынгу БАТЭ – аб наведвальнасцi «Барысаў-Арэны»

Вiктар Хадасевiч растлумачыў, чаму ў барысаўчан не атрымліваецца сабраць аншлаг у чэмпiянаце краiны.

Фота: Надзея Бужан

– Галоўны пазітыўны момант са з’яўленнем новай «Барысаў-Арэны»...

– Ну, гэта і ёсць сама «Арэна»! Гэта ж не толькі камфортнае і сучаснае спартыўнае збудаванне, дзе добра сябе адчуваюць як каманды, так і гледачы, але яна стала ў нейкім сэнсе візітоўкай Барысава. Ведаеце, летам правёў экскурсію на «Арэне» для двух сваіх сяброў, якіх лёс закінуў далёка ад роднага горада – адзін жыве ў Маскве, другі ўвогуле ў канадскім Таронта. І абодва былі вельмі ўражаныя тым, што ўбачылі, маўляў, будзе што паказаць сябрам за мяжой, калі будуць пытацца пра іх малую Радзіму. Ну а пасля наведвання гульні БАТЭ – Скендэрбеў, адчуўшы класную атмасферу Барысаў-Арэны, уражанні сталі толькі яшчэ больш яркімі і станоўчымі.

– Чаму не адбылося адчувальнага рыўка ў наведвальнасці пасля пераезду з Гарадскога на Барысаў-Арэну? Можа, уся справа ў тым, што Барысаў – занадта маленькі горад для такога стадыёна?

– Я асмелюся не пагадзіцца з тым, што рыўка не было. На мой суб’ектыўны погляд, ён быў і даволі адчувальны. Калі казаць моваю лічбаў, то мы атрымліваем павелічэнне каля 70% у параўнанні з мінулым годам – у сярэднім 6750 гледачоў на «Барысаў-Арэне» ў ЧРБ супраць 4060, якія атрымаліся летась. Дый пераходзілі мы не з наваполацкага «Атланта». Вядома ж, усе мы жадаем і імкнемся да таго, каб на трыбунах заўжды былі хоць бы тыя ж 10-11-12 тысяч, як і, напрыклад, на першым «класіка» на новым стадыёне. Але трэба рэальна ацэньваць узровень першынства, у якім мы прымаем удзел. Ну і працаваць як мага якасней, каб, нягледзячы ўвогуле на тое, гуляем мы ў чэмпіянаце Беларусі ці групавым этапе Лігі чэмпіёнаў УЕФА, на трыбунах быў «біток». Калі цяпер мы гэтых лічбаў не бачым, значыць нам ёсць куды імкнуцца і над чым працаваць.

І не, Барысаў не маленькі для такога стадыёна.

– Як можна зарабляць на «Барысаў-Арэне»?

– Улічваючы, што гэта перш за ўсё футбольны стадыён, то не хочацца быць капітанам відавочнасцю, але ж скажу – гэта прыбыткі з гэтых самых гульняў. Гэта абанементы і квіткі, гэта атрыбутыка, гэта ежа і напоі. У нашым выпадку, апошні пункт фактычна быў выкраслены з нашых даходаў, бо ў першую чаргу стаяла мэта задаволіць запатрабаванні гледачоў. У будучым сезоне і тут павінен з’явіцца плюс у нашым бюджэце. Напэўна, гэта асноўныя, але не адзіныя крыніцы даходаў, якія можна атрымаць з «Барысаў-Арэны». Таму апошнім часам і адбываюцца ў Дэпартаменце развіцця клуба кожны тыдзень нарады з кіраўніцтвам, каб ужо зараз вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці на наступны сезон. Патэнцыял «Арэны» мы цалкам не вычарпалі, нават ёсць тэхнічныя магчымасці, якія пакуль намі не задзейнічаныя.

– Ці дазваляе выручка з квіткоў акупляць выдаткі на ўтрыманне «Барысаў-Арэны»?

– Калі казаць пра ўтрыманне «Арэны», то гэта ж не толькі квіткі ці арэнда стадыёна іншымі клубамі і федэрацыяй. Тут увогуле сітуацыя дваякая: стадыёну трэба зарабляць, таму грошы за арэнду ад Дынама, Шахцёра і зборнай былі, напэўна ж, не лішнімі. Але з-за празмернай нагрузкі на газон апошнія гульні ЧРБ наш клуб будзе вымушаны праводзіць на нашым старым добрым Гарадскім… Асабіста мне падаецца, што сітуацыя не зусім правільная, але ж што зробіш?

Увогуле, ёсць у стадыёна і іншыя крыніцы заробку. Гэта трэнажорная зала і дзіцячы пакой (на мой погляд, лепшыя ў Барысаве), фітнэс, студыя танца, пракат спартыўнага інвентара і экскурсіі. Цалкам з усім спісам паслуг і коштамі можна азнаёміцца на сайце стадыёна. А ці дазволіць усё гэта акупіць выдаткі на ўтрыманне, мы ўбачым па сканчэнні сезону. Ён жа першы для нашага новага стадыёна… Пра  канкрэтныя лiчбы пакуль казаць не магу.

– Цяперашняя наведвальнасць у чэмпіянаце Беларусі наколькі яна вас задавальняе?

– Я лічу, што цалкам задаволіцца можна толькі пры 100%-й ці блізкай да гэтага наведвальнасці. А як інакш? Так, існуюць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны той лічбы, якую мы атрымалі на сённяшні дзень. Лічба, на мой погляд, нармалёвая. Яна адлюстроўвае той інтарэс, які мае месца быць, з улікам асаблівасцяў. Калі параўнаць з сярэдняй лічбай па чэмпіянаце (колькі там, тысячы две ёсць?), то ў нас ледзь не космас. Але мы прызвычаіліся параўноўваць з тым, дзе лепш, а не горш. І імкнемся да сярэдняй лічбы каля 10 тысяч. Гэта наша першая мэта, дасягнуць якую будзе вельмі цяжка, але калі не ставіць такія мэты, то няма чаго ўвогуле брацца за працу.

– У чэмпіянаце каманда не сабрала на «Барысаў-Арэне» ні аднаго аншлагу. Чым гэта можна растлумачыць?

– Толькі нашай недастатковай працай у гэтым накірунку. Калі падрасце ўзровень усяго турніру, з’явіцца большая цікаўнасць да беларускага футболу ў людзей, нам проста стане лягчэй. Але азірацца на гэта не трэба. Глядзець трэба наперад. А там – 10 тысяч!

– Ці ёсць у БАТЭ стратэгія па заваяванні аўдыторыі ў бліжэйшых гарадах – Жодзіна, Смалявічах ці ў Мінску?

– Асабліва ўлічваючы пешаходную дасягальнасць стадыёна ад станцыі электрапаяздоў і невялікую адлегласць да Жодзіна і Смалявічаў, грэх не выкарыстоўваць сітуацыю, калі з гэтых населеных пунктаў можна дабрацца да Барысаў-Арэны ледзь не хутчэй, чым з некаторых раёнаў нашага горада. Праўда, там існуюць свае Тарпеда-БелАЗ і Смалявічы-СТІ.  Больш за тое, першыя нават рэальна прэтэндуюць на бронзавыя ўзнагароды. Але і Мінск, і гэтыя гарады, безумоўна, знаходзяцца ў зоне нашых інтарэсаў, адмаўляць гэтага нельга. І ўсё ж я паўтару: лічу, што і сам Барысаў не маленькі для новага стадыёна. Увогуле Барысаўшчына – гэта каля 200 тысяч жыхароў. Дастаткова усяго толькі, каб на Арэну прыходзіў кожны двадцаты з іх  Праўда, гэта ўзровень іспанскай Прымеры і французскай Лігі 1, значыць нам трэба цягнуцца да гэтага супер узроўню. 

– Чаму наведвальнасць у канцы сезону зусім стала падаць?

– Вы ведаеце, гэта сезонная праява ў белфуце. Даўно звярнуў на гэта ўвагу. Напэўна, пад канец году заўзятары ўжо «наядаюцца» футболам, і застаюцца толькі самыя адданыя з іх, тым больш, улічваючы надвор’е, якое з часам пагаршаецца. Не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі, але мне гэта бачыцца вось так. Гэта сапраўдная праблема. У нас нават сярод уладальнікаў сезонных абанементаў не малая частка не прыйшла на апошнія гульні. Што тут скажаш, прымусіць хадзіць іх мы не можам. Значыць будзем заахвочваць.

– З-за чаго барысаўчане дрэнна ходзяць на матчы зборнай Беларусі?

– Мабыць, таму што мы, як каталонцы. Нас цікавіць толькі наша асабістая «Барселона».

– Чаму «Мінск-Арэна» збірае аншлагі, а «Барысаў-Арэна» – не? Розніца ў турнірах, або ёсць іншыя тлумачэнні?

– Не хачу, каб гэта прагучала як апраўданне, але галоўным чыннікам мне бачыцца менавіта гэтая розніца. КХЛ – гэта другі па сіле турнір у свеце, дзе Беларусь прадстаўляюць лепшыя гульцы краіны. Гэта не зборная, але такая каманда рэспублікі, якая ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах. Я для сябе нават шкалу прыкладную прыкінуў, дзе тыя ці іншыя супернікі «зубраў» адпавядаюць кваліфікацыйным раўндам БАТЭ ў еўракубках, мацнейшыя – группа Лігі Еўропы, ну а топавыя – гэта ўжо фактычна Ліга чэмпіёнаў. Проста зірніце на колькасць гледачоў на матчах з зусім не звышрэйтынгавымі «Скендэрбеў» ці «Дэбрэцэнам» – 12671, 12788. Ну і «Слован», хоць гэта ўжо быў раўнд плэй-офф – 12970. Розніцу з чэмпіянатам РБ адчуваеце? Вось і заўзятары адчуваюць. І наша задача, каб для іх розніцы не тое, каб не было, але мінімізіраваць яе. Каб ішлі на БАТЭ, а не на ЧРБ, ЛЧ ці ЛЕ.

– Апошняе. Як можна апісаць тыповага заўзятара БАТЭ на «Барысаў-Арэне»?

– А вось гэта, на мой погляд, наша галоўнае дасягненне на дадзены момант. Тыповага заўзятара «Барысаў-Арэны» фактычна не існуе. Там можна ўбачыць і старых, і маладых. І хлопцаў, і дзяўчат. Ходзяць і па аднаму, і цэлымі сем’ямі. Гэта важнае дасягненне. Інакш як мы кожнага дваццатага на трыбуну зацягнем?

21 лістапада на канферэнцыі «Спартыўныя клубы і лігі Беларусі» Віктар Хадасевіч выступіць з дакладам «Выбудоўванне працы ў сацыяльных медыя на прыкладзе футбольнага клуба БАТЭ»

БАТЭ стаў самым соцактыўным клубам беларускага спорту

Автор

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья