Tribuna/Теннис/Блоги/«Порою блажь великая»/Шпіёны і шкоднікі – велізарная пагроза для спорту Беларусі (вось толькі не трэба смяяцца!). А Грабоўскаму дык увогуле варта ўцякаць

Шпіёны і шкоднікі – велізарная пагроза для спорту Беларусі (вось толькі не трэба смяяцца!). А Грабоўскаму дык увогуле варта ўцякаць

Толькі каб абышлося без «справы спартоўцаў».

27 сентября 2021, 14:14
4
Шпіёны і шкоднікі – велізарная пагроза для спорту Беларусі (вось толькі не трэба смяяцца!). А Грабоўскаму дык увогуле варта ўцякаць

Толькі каб абышлося без «справы спартоўцаў».

Імклівы забег Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі назад у будучыню дасягнуў новых цёмных абшараў – у нас знайшліся шпіёны сярод простых рабочых, прычым не проста шпіёны, а такія, хто працуе на «калектыўны Захад» (вы маглі бачыць гэта словазлучэнне ў савецкіх падручніках або чуць ад параноікаў, траўмаваных распадам СССР).

Такая знаходка, калі прыжывецца, ставарае цікавыя перадумовы для фарміравання новай беларускай рэчаіснасці. Зараз, калі развальваюцца масты, не родзіць бульба і жыта, няўрымсна растуць кошты, мы па звычцы вінавацім у гэтым тых, хто ўтрымлівае сілай уладу. Але зараз грамадству могуць прапанаваць новых вінаватых – шпіёнаў, а разам з імі і іншыя катэгорыі грамадзян, праз якіх адныя толькі беды. І калі ў спорце з такіх навін нехта смяецца ды круціць пальцам ля скроні, бо лічыць, што гэта яго не закране, то вельмі дарэмна, як па мне.

У савецкія часы поруч са шпіёнамі ішлі шкоднікі (мы ж імкнемся да тых ідэалаў, так?), і найбольш яскрава яны праяўлялі сябе ў тых сферах, дзе назіраўся заняпад. А хіба спорт у Беларусі сёння – гэта ўзор паспяховасці? О не, тут трэба шмат чаго тлумачыць: і медальны антырэкорд на Алімпіядзе, і няспынныя правалы футбалістаў ды хакеістаў. Відавочнае – сваю прафесійную малапрыдатнасць – чыноўнікі і набліжаныя да іх ні за што не прызнаюць. Зараз яны змушаныя прыдумляць усялякія дурныя адгаворкі. Футбольнай зборнай перашкаджаюць легіянеры, а фэйл на Алімпіядзе і апошняе месца хакеістаў на чэмпіянаце свету – гэта насамрэч дасягненні. Гучыць не вельмі пераканаўча, праўда? І зусім іншая справа, калі патлумачыць такія вынікі дзеяннямі варожых сіл.

Таму, уласна, я і хвалююся за шараговых атлетаў. Гэта раней вы былі, прашу прабачэння, звычайнымі рукажопымі футбалістамі, хакеістамі і гэтак далей, а зараз таго і глядзі, каб не запісалі ў шпіёны, шкоднікі, здраднікі. У такім выпадку нават палымяныя віншаванні могуць не ўратаваць.

Шпіянаж, канешне, зручная штука. Можа прыдасца ў самых розных выпадках. Патрапілася ўмоўная Мірончык-Іванова на допінгу – ну, усё ясна, пастараліся шпіёны. Зараз яны занятыя тым, што дапамагаюць замежнікам даведацца, як беларускія прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, але ж у любы момант яны могуць пераключыцца на спорт, а там жа хапае розных сакрэтаў – дурныя пастановы, шантаж нязгодных і тых, хто сумняваецца. Пакуль што мы даведваемся пра гэта праз розныя злівы, а будзем, магчыма, праз уласную шпіёнскую сетку.

У шпіянажы можна вінаваціць і легіянераў, якія плявузгаюць невядома што пра Беларусь. Адзін во сцвярджае, што ў нас падчас першай хвалі каранавіруса не клапаціліся пра здароўе футбалістаў. Не проста шпіён, а яшчэ і правакатар – шкада, што з’ехаць паспеў. Можа, у Беларусі яшчэ і статыстыку захворвання фуфляць? Прыдумай што больш цікавае, казачнік!

Калі б я быў узорным савецкім грамадзянінам, то ўжо даўно падаў бы сігнал у кампетэнтныя органы, хаця, аказваецца, гэта і сёння досыць модна (бацька Недасекава дрэннага ўзору не падасць). Ёсць у мяне на ўвазе чалавек, які ідэальна пасуе на ролю шпіёна: нарадзіўся ў Нямеччыне (ох, як падазрона), доўга жыў за мяжой, жонка – замежніца, мае ну вельмі шмат валюты, уціснуўся ў бліжэйшае атачэнне «важдзя». Таго і глядзі, нешта ўтворыць. Карацей, прашу прыглядзецца:

Міхаіл Грабоўскі

Недасведчаны чалавек запытае: ну за чым і для каго ў Беларусі можа шпіёніць Грабоўскі? А я вам адкажу: за беларускім хакеем у інтарэсах канадскай выведкі. Вы дарэмна глядзіце на вынікі, насамсправе хакей у нас развіваецца, ды яшчэ як. Вы толькі паслухайце спецыялістаў. Вядома, канадскім імперыялістам страшна.

Выбачай, Міхаіл, але мы цябе раскрылі.

А які фантастычны ў беларускім спорце прастор для шкодніцтва!.. Іх, шкоднікаў, можна выяўляць дзесяткамі і нават сотнямі. Кожнае няўдалае дзеянне на пляцоўцы, кожны няспраўджаны медальны план, кожны кантракт, па якім спартсмен, як камусьці ў пагонах падалося, атрымлівае занадта вялікія грошы – на ўсё гэта можна глядзець пад нечаканым ракурсам. У сталінскія часы такі ракурс прывёў да «справы ўрачоў-шкоднікаў». Шчыра спадзяюся, такая доля міне беларускі спорт. Так, там хапае дармаедаў (дарэчы, і такі артыкул быў у крымінальным кодэксе СССР), але не трэба з імі вельмі строга.

З улікам усяго, што сказана вышэй, будзе цікава паглядзець, як спадары Базанаў і Вяргейчык будуць рабіць мінскае «Дынама» чэмпіёнам Беларусі ў сезоне-2022. Партыйны загад атрыманы, а мы ўжо мелі магчымасці пераканацца, што гэтыя таварышы могуць шкодзіць беларускаму футболу, але толькі не сабе.

Каб зразумець гэта, і шпіёнам быць не патрэбна.

У прынцые, сваёй пратэстовасцю беларускі спорт заслужыў, каб у ім знайшлі парачку “чужых элементаў”. Там аднымі з першых пачалі і хістаць «жалезную заслону», і ўцякаць за яе (дарэчы, так было, і калі распадаўся СССР). Відавочна, ёсць сярод спартоўцаў і ворагі народа, але, на жаль, да іх цяпер не дацягнуцца. А вось шкоднікі, шпіёны – яны тут, побач, магчыма, нават не ўсведамляюць гэтага.

Але трэба толькі добра прыглядзецца...

Традыцыйна галоўнае ў гэтай справе – не выйсці на саміх сябе.

Другие посты блога

Все посты