Tribuna/Футбол/Блогі/Девушка дня/За жаночую Нігерыю на ЧС гуляе светласкурая еўрапейка: дзед нарадзіўся ў Афрыцы, наведвала Белы дом, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю
Фота

За жаночую Нігерыю на ЧС гуляе светласкурая еўрапейка: дзед нарадзіўся ў Афрыцы, наведвала Белы дом, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю

Расказваем, як так атрымалася.

Блог — Девушка дня
Аўтар — Alex Zagorski
25 ліпеня, 17:12
1
За жаночую Нігерыю на ЧС гуляе светласкурая еўрапейка: дзед нарадзіўся ў Афрыцы, наведвала Белы дом, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю

Для цяперашняга футбола сітуацыя, калі гулец нарадзіўся ў адной краіне, але для выступу за нацыянальную зборную абірае Радзіму бацькоў, не рэдкасць. А тым больш шмат такіх прыкладаў у выпадку з футбалістамі афрыканскіх зборных: згадаем П'ера-Эмерыка Абамеянга – ён нарадзіўся ў Францыі, але гуляе за Габон (адтуль паходзяць яго бацькі), ці Эрыка-Максіма Шупо-Мацiнга, які нарадзіўся ў Германіі, але гуляе за Камерун з той жа прычыны, што і Ауба.

Дык вось, з пачаткам жаночага ЧС па футболе свет даведаўся і пра яшчэ адзін прыклад гэткай змены спартыўнага грамадзянства. Некаторых вельмі здзівіла каманднае фота зборнай Нігерыі перад гульнёй з Канадай: справа ў светласкурай дзяўчыне на правым баку фота.

Футбалістку завуць Эшлі Пламптры – ёй 25 гадоў, нарадзілася і выхоўвалася яна ў Англіі. Гуляць у футбол Эшлі пачала ў структуры «Лестэра», потым былі перыяды ў «Бірмінгем Сіці» U-17, «Дэрбі Каўнці», «Нотс Каўнці» (найстарэйшы прафесійны клуб у гісторыі футбола).

У 2016-м Эшлі пераехала ў ЗША, дзе вывучала біялогію ва Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі і паралельна гуляла за ўніверсітэцкую каманду «Траянс». Там дзяўчына паспела выйграць лігу NCAA, і з гэтай нагоды Эшлі са ўсёй камандай была запрошана ў Белы дом.

Пасля сканчэння ВНУ футбалістка падпісала кантракт з «Лос-Анджэлес Гэлэксі», але праз год вярнулася ў Англію. З 2020 года Пламптры гуляла за родны «Лестэр» на пазіцыі абаронцы ў англійскай жаночай Суперлізе, але тыдзень таму пакінула склад «ліс».

Паспела Эшлі пагуляць і за зборныя Англіі – на моладзевым узроўні: U-15, U-17, U-19 і U-23. Агулам у 30 матчах за англійскія маладзёжкі футбалістка адзначылася 10 галамі.

А потым незвычайны шаг у кар'еры: ці то не мела шансаў Пламптры на дарослую зборную Англіі, ці з іншых прычын, але калі надышоў час выбіраць нацкаманду, яна выбрала Нігерыю. І пасля таго, як FIFA напрыканцы 2021 года дазволіў ажыццявіць пераход, адбыўся і дэбют за новую нацыяналку – 22 лютага 2022 года ў кваліфікацыі Кубку афрыканскіх нацый супраць Кот-д`Івуара. З таго часу на рахунку Пламптры 7 матчаў за зборную Нігерыі без галявых дзеянняў.

Як у Пламптры атрымалася стаць футбалісткай зборнай Нігерыі? Прычыны тыя ж, што і ў згаданых напачатку артыкула футбалістаў-мужчын – сваякі. А дакладней, сваяк: дзядуля дзяўчыны нарадзіўся ў нігерыйскай сталіцы Лагас.

Адзначым і яшчэ адну дэталь: у 2020-м годзе Пламптры (у адрозненні ад шматлікіх беларускіх спартоўцаў) выяўляла грамадзянскую пазіцыю – падтрымлівала рух Black Lives Matter:

Таксама яна ўдзельнічала ў акцыі «Не аб'юзу ў сац.сетках»:

Яшчэ некалькі фота з Instagram Эшлі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты