Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/О духе времени/Ціманоўская прабілася ў паўфінал чэмпіянату свету на 200 метрах. Здаецца, гэта ейны максімум – нават калі пакажа свой найлепшы вынік
Відэа

Ціманоўская прабілася ў паўфінал чэмпіянату свету на 200 метрах. Здаецца, гэта ейны максімум – нават калі пакажа свой найлепшы вынік

Адзіная ад Беларусі і Польшчы.

Аўтар — Alex Zagorski
23 жніўня, 14:45
Ціманоўская прабілася ў паўфінал чэмпіянату свету на 200 метрах. Здаецца, гэта ейны максімум – нават калі пакажа свой найлепшы вынік

У Будапешце працягваецца чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. 23 жніўня беларуска Крысціна Ціманоўская, якая цяпер выступае ў складзе зборнай Польшчы, правяла другі забег на міжнародным старце пасля скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Нагадаем, тры дні таму лёгкаатлетка ўдзельнічала ў кваліфікацыйным забегу на 100 метраў і не здолела прайсці адбор.

У сераду Ціманоўская выступіла ў кваліфікацыі на профільнай для сябе двухсотметроўцы. У выніку беларуска фінішавала пятай у сваім забегу з рэзультатам 22.88 секунды:

Гэтага хапіла, каб трапіць у спіс шасці спартсменак з найлепшым часам па-за тройкай прызёраў (у гэтай шасцёрцы ў беларускі – чацвёрты паказнік), у агульным заліку Ціманоўская заняла 21-е месца з 24 атлетак, якія прайшлі кваліфікацыю. Найлепшы час (22.16 секунды) паказала амерыканка Шакары Рычардсан , якая раней стала чэмпіёнкай свету на стометроўцы.

У сераду Крысціна возьме ўдзел у паўфінальным забегу (ён будзе другім па ліку). Суперніцы даволі сур'ёзныя – па старт-лісце можна ўбачыць, што Ціманоўская мае найгоршы персанальны рэкорд на дыстанцыі. Усяго забегаў у 1/2 фінала будзе тры – з кожнага ў фінал выходзяць першыя два месцы плюс дзве найлепшыя па часе спартсменкі па-за межамі топ-2.

Ціманоўская адолела кваліфікацыю з чацвёртым для сябе вынікам у гэтым сезона на двухсотметроўцы. У Польшчы яна тройчы дэманстравала лепшую хуткасць:

22.60 секунд – Mityng MKS Juvenia Białystok (11 чэрвеня)

22.75 – Wakacyjne Zawody Lekkoatletyczne (9 ліпеня)

22.80 – Warszawska Liga Lekkoatletyczna (25 чэрвеня)

Праўда, вынік у Беластоку быў дасягнуты пры вельмі моцным спадарожным ветры, таму ён так і не стаў асабістым рэкордам для беларускі. Іншыя лічбы больш адпавядаюць ейнаму сапраўднаму ўзроўню. Калі б Ціманоўская выдала ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 22.75, то ў агульным заліку паднялася б з 21-га на 19-е месца.

Вось як спартсменка пракаментавала вынік:

– Думала, што не патрапіла ў паўфінал. Была здзіўленая, што з такім моцным рэзультатам не прайшла ў паўфінал. Але зараз я вельмі шчаслівая. Сёння зрабіла ўсё, аддала ўсё [для выхаду ў паўфінал].

Было вельмі горача на размінцы. Я старалася засяродзіцца толькі на сваім забегу. Мне крыху не хапіла ў канцы, але мой сезон завяршыўся месяц таму, пасля чэмпіянату Польшчы. Калі атрымала інфармацыю, што я еду на чэмпіянат свету, зноў пачала трэнаванні. Але было мала часу. Я задаволеная вынікам і тым, што я ў паўфінале.

У другім забегу, магчыма, будзе лепей [вынік]. Заўсёды [вынік] другога забегу лепш, чым першага, – сказала Ціманоўская.

Ціманоўская - адзіная прадстаўніца Польшчы ў паўфінале на 200 м. Ад Беларусі там таксама больш нікога няма, як і ўвогуле на чэмпіянаце свету.

Іншыя пасты блога

Усе пасты