Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Даведаліся, куды падзеўся бос «Дарыды» – сышоў з белфутбола, наехаўшы на АБФФ, патрапіў у смяротнае ДТЗ, а сёння жыве ў кайф далёка ад Беларусі

Даведаліся, куды падзеўся бос «Дарыды» – сышоў з белфутбола, наехаўшы на АБФФ, патрапіў у смяротнае ДТЗ, а сёння жыве ў кайф далёка ад Беларусі

З дачкой у мінулым буйнога футбольнага функцыянера.

Аўтар — bytribuna com
23 лістапада, 19:33
12
Даведаліся, куды падзеўся бос «Дарыды» – сышоў з белфутбола, наехаўшы на АБФФ, патрапіў у смяротнае ДТЗ, а сёння жыве ў кайф далёка ад Беларусі

Хутка споўніцца 15 гадоў, як не стала футбольнага клуба «Дарыда». З 2003-га па 2008-ы каманда гуляла ў беларускім Д1 – на вялікія вышыні не прэтэндавала, але праз яе прайшло нямала вядомых па беларускіх мерках гульцоў.

Ідэйным натхняльнікам і галоўным спонсарам праекта быў Уладзімір Дзялендзік, які ў свой час адкрыў завод па вытворчасці мінеральнай вады і іншых напояў «Дарыда». Пра бізнесмена даўно нічога не чуваць – мы даведаліся, чым ён сёння займаецца.

Дзялендзік у белфутболе: паўфінал Кубка, скандал на развітанне

Да прыходу ў футбол ураджэнец Салігорскага раёна паспеў папрацаваць слесарам мінскіх заводаў «Белмедпрэпараты» і «Белэлектрамантаж», быў інжынерам інстытута мікрабіялогіі і эпідэміялогіі. А ў 1992 годзе заснаваў УПП «Дарыда». Праз пяць гадоў у аграгарадку Ждановічы была прасвідраваная першая свідравіна – пасля гэтага «Дарыда» набрала такія абароты па вытворчасці мінеральнай вады, што з часам заняла каля 50 працэнтаў беларускага рынку, а яшчэ і выйшла на еўрапейскі. У 2000-х Дзялендзік таксама быў «дэпутатам», атрымліваў ад сістэмы падзякі і граматы, а ў 1999 і 2000 гадах прызнаваўся найлепшым прадпрымальнікам Беларусі.

У канцы 1990-х Дзялендзік акунуўся ў футбол, стварыўшы ўласны клуб з назвай у гонар прадпрыемства. Каманда адразу стала чэмпіёнам Д3, яшчэ праз два гады ўзяла золата Д2 і паднялася ў эліту, дзе правяла шэсць гадоў. Найлепшае месца за гэты час – восьмае ў сезоне-2006. Таксама «Дарыда» дабралася да паўфіналу Кубка Беларусі-2004/05, дзе ўступіла БАТЭ (па 0:1 у абодвух матчах).

Былі ў «Дарыды» і фанаты, і свой гімн. А выдзяляўся клуб тым, што дзякуючы Дзялендзіку стаў першым у Беларусі з уласным стадыёнам. У канцы існавання клуба арэна была прададзеная мінскаму «Дынама» і цяпер носіць назву «Дынама-Юні».

– Мне футбол заўсёды дастаўляў задавальненне. Я хацеў ісці шляхам БАТЭ. Каб была база і ўсё астатняе. Я хацеў, каб «Дарыда» выйшла ў лідары нашага футбола. І ставіў перад камандай адпаведныя мэты. І гульцы падбіраліся пад стаць. Прыклад Анатоля Капскага заўсёды быў перад вачыма, – пазней казаў старшыня клуба Дзялендзік.

У 2008-м Дзялендзік пачаў скандаліць з АБФФ – «Дарыда» вінаваціла федэрацыю ў прадузятасці, накіроўвала туды лісты з пералікам судзейскіх памылак (многія з іх у федэрацыі прызнавалі), а ў рэшце адмовілася гуляць чарговы матч ЧБ з «Гранітам». Па выніках года каманда заняла апошняе месца і вылецела ў Д2, але туды так і не заявілася.

– Прымаць удзел у першай лізе не мае ніякага сэнсу. Там няма дзяржпадтрымкі, а тапіць свае грошы ў балоце я не збіраюся. Як бы «Дарыда» ні гуляла, яе ўсё роўна не пусцілі б назад у вышэйшую лігу. Я з гэтымі людзьмі працаваць далей не буду, – казаў Дзялендзік на развітанне.

Дзялендзік таксама прызнаваўся, што за час, пакуль вёў праект, укладваў у яго ў сярэднім па два мільёны долараў на год – пры гэтым на продажы футбалістаў не зарабляў.

За час існавання «Дарыду» яе трэнавалі такія вядомыя імёны ў белфутболе, як Уладзімір Курнеў, Людас Румбуціс, Вадзім Бразоўскі, Армэн Адамян, Анатоль Байдачны, Алег Кубараў. Гульцамі ж былі Алег Кузьмянок, Уладзімір Макоўскі, Ігар Тарлоўскі, Андрэй Разін, Сяргей Кабельскі, Дзмітрый Калачоў, Дзмітрый Кавалёнак. Былі ў гісторыі клуба і бразільскія легіянеры.

Здзейсніў смяротнае ДТЗ, хваліў Лукашэнку ў 2020-м

Пасля смерці свайго праекта Дзялендзік засяродзіўся на справах завода, а ішлі яны з кожным годам усё лепш і лепш. Бізнесмен быў пастаянным прадстаўніком топ-200 самых паспяховых прадпрымальнікаў Беларусі. У 2016-м, напрыклад, калі з рэйтынгу выпалі Уладзімір Япрынцаў, Анатоль Капскі і Мікалай Мірны, Дзялендзік, наадварот, узняўся на 23 пазіцыі – 151-га месца.

Пры гэтым зусім футбол бізнесмен не закінуў. Па ўласным прызнанні, ён працягнуў сачыць за справамі ў відзе спорту, крыху дапамагаў «Зорцы» (цяперашняму «Энергетыку-БДУ»), іншым клубам. Яшчэ ездзіў на Лігу чэмпіёнаў на «Барысаў-Арэну» і нават быў на выязным матчы БАТЭ з «Барселонай».

У канцы 2018 года біяграфія Дзялендзіка змянілася праз ДТЗ са смяротным зыходам. Бізнесмен, за рулём «Ягуара», на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Нававіленскай у Мінску сутыкнуўся з «Фальксвагенам», у выніку чаго загінула 69-гадовая пасажырка гэтага аўтамабіля, а ейная дачка, якая была за стырном, трапіла ў лякарню. Бізнесмену, якога прызналі вінаватым у аварыі, пагражала да пяці гадоў за кратамі. Але ўлетку 2019-га рэжымны «суд» вызваліў 67-гадовага Дзялендзіка ад адказнасці – да яго як да пенсіянера ўжылі амністыю «ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Улічылі і тое, што пасля ДТЗ Дзялендзік аказваў матэрыяльную дапамогу сямʼі, якая пацярпела праз яго.

У 2020-м бізнесмен зноў зʼявіўся ў медыяпрасторы. У пачатку года заклікаў падтрымліваць Лукашэнку ў барацьбе за незалежнасць і выступаў супраць абʼяднання з Расіяй. Напярэдадні выбараў абвінавачваў БРСМ і прарэжымнае абʼяднанне «Белая Русь» у тым, што людзі выйшлі на плошчу і патрабуюць перамен. А яшчэ казаў, што на месцы Лукашэнка выпусціў бы Віктара Бабарыку з турмы.

– Трэба даць Лукашэнку магчымасць адпрацаваць, думаю, апошнія ягоныя пяць гадоў на пасадзе. Я ўпэўнены, што пры Лукашэнку мы будзем незалежнай краінай. Трэба аддаць належнае менеджарскім здольнасцям Аляксандра Рыгоравіча, які столькі гадоў спрытна балансуе ў адносінах з Расіяй і нават здабывае нейкія грошы адтуль, – дадаваў бізнесмен.

Чым займаецца цяпер

Пасля гэтага Дзялендзік знік з публічнай прасторы. Нават ягоная да таго дастаткова актыўная старонка ў Facebook замерла – апошні пост датаваны 27 снежня 2020-га.

Як нам удалося высветліць, бізнесмен пакінуў Беларусь. Як кажуць нашыя суразмоўцы, «Дзялендзік зразумеў, да чаго ўсё ідзе, як будзе развівацца сфера бізнесу пасля ўсіх паслявыбарчых падзеяў, і прыняў рашэнне зʼехаць». Па нашых звестках, бізнесмен цяпер жыве ў Іспаніі, дзе да гэтага ўжо пасялілася ягоная дачка Наталля.

Таксама, як удалося даведацца, Дзялендзік па-ранейшаму па дакументах зʼяўляецца адным з заснавальнікаў прадпрыемства «Дарыда», маючы пэўную долю ў ім, што дазваляе бязбедна жыць на Пірэнэях і нічым не займацца, маючы штомесячны пасіўны даход. Пост гендырэктара Дзялендзік пакінуў даўно – яшчэ ў 2016-м.

У адным з інтэрвʼю 2019 года Дзялендзік расказваў, што заняты ў сферы паслуг – казаў, што «ёсць гандаль, невялікая сетка», і абяцаў адкрыць буйны лагістычны цэнтр. Пра лёс гэтых планаў нам даведацца не ўдалося.

Па звестках нашых крыніц, Дзялендзік перавёз у Іспанію і сваю абранніцу (нам невядома, ці аформлены іх адносіны афіцыйна). І, як нам удалося даведацца, размова ідзе пра дачку Уладзіміра Пігулеўскага Вольгу. Нагадаем, што Пігулеўскі, які памёр у канцы 2020-га ва ўзросце 71 год, шмат гадоў руліў РЦАР па футболе БДУ, на базе якога існуе «Энергетык-БДУ». Як распавялі суразмоўцы са свету футбола, яшчэ ў 2006-2007 гадах «Дарыда» фінансава дапамагала «Зорцы-БДУ» выступаць у Д2, а дачка Пігулеўскага часта суправаджала Дзялендзіка ў яго камандзіроўках. З часам пара пачала жыць разам, што і працягвае рабіць.

Фота: nashaniva.com

Іншыя пасты блога

Усе пасты