Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Гульцы – удзельнікі, але гэта не значыць, што яны падтрымліваюць». Як футбалістаў у Беларусі зганяюць на акцыі лукашыстаў

«Гульцы – удзельнікі, але гэта не значыць, што яны падтрымліваюць». Як футбалістаў у Беларусі зганяюць на акцыі лукашыстаў

«Гэта стала ўжо часткай спорту, працы».

Аўтар — bytribuna com
14 траўня, 15:32
2
«Гульцы – удзельнікі, але гэта не значыць, што яны падтрымліваюць». Як футбалістаў у Беларусі зганяюць на акцыі лукашыстаў

Прысутнасць футбольных каманд на мерапрыемствах лукашыстаў – ускладанне вянкоў па самых розных нагодах, псеўдапатрыятычныя лекцыі для школьнікаў, інструктажы ад чынушаў – сталі нормай для сённяшняй Беларусі. А як ладзяцца такія акцыі? Што пра іх думаю спартсмены? Ці можна адмовіцца ад удзелу? На ўмовах ананімнасці з «Трыбунай» пра гэта паразмаўляў футбаліст чэмпіянату Беларусі, якога не раз адпраўлялі на прапагандысцкія «сходкі».

– Як у цэлым у беларускім футболе ставяцца да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах?

– Насамрэч спакойна, звыкла, гэта стала нейкай будзённай зʼявай. Можа, раней гэта выклікала нейкую незадаволенасць, таму што падобныя паходы ўплывалі на трэнавальны працэс, падрыхтоўку да матчаў, ці нехта не саромеўся казаць, што яму гэта нецікава, то з часам людзі адаптаваліся, успрымаюць усё як дадзенасць. Такое стаўленне і з боку трэнераў, і з боку гульцоў.

– Да 2020 года і пасля стаўленне адрозніваецца?

– Па-мойму, да 2020-га падобныя актыўнасці асабліва не культываваліся, быў абсалютны мінімум патрыятычных мерапрыемстваў. І можна было адмовіцца, клубы адпраўлялі, напрыклад, дублёраў, моладзь. Або пасылалі траўмаваных, тых, хто не можа трэнавацца. Удзел меў максімальна фармальны характар, ніхто за гэтым не сачыў. І, паўтаруся, спакойна можна было адмовіцца, а ахвочых удзельнічаць асабліва і не было.

Пасля 2020-га, калі гайкі максімальна закруцілі і ў краіне, і ў футболе, усё стала нашмат больш жорстка. Мерапрыемствы ператварыліся ў нейкую абавязалаўку. Але стаўленне футбалістаў ранейшае – асабліва ахвочых ісці няма ніколі. Аднак ідуць і проста ставяцца да гэтага як да дадзенасці, якую немагчыма змяніць.

– Як адбываецца апавяшчэнне гульцоў наконт удзелу ў мерапрыемстве?

– Ёсць чалавек, які адказвае за ўзаемадзеянне футбалістаў і трэнераў з прэсай і з грамадскасцю. Як правіла, гэта прэс-аташэ. Ён інфармуе каманду за некалькі дзён да падзеі, куды і для чаго трэба схадзіць. Інфармацыя даецца загадзя, таму што часта ўдзельнічаюць гульцы, у тым ліку ключавыя. Адпаведна, трэба карэктаваць падрыхтоўку да матчаў, трэнавальны працэс. Падобным паходам аддаецца прыярытэт [перад футболам].

Як правіла, ёсць нейкі сцэнар, які спускаецца зверху ў клуб, а кіраўніцтва клуба даводзіць яго да каманды. Сцэнар загадзя вядомы, і ўдзельнікі маюць магчымасць загадзя падрыхтавацца, адрэпетаваць. Таксама гаворыцца, што надзець, што казаць, куды глядзець, калі ўсміхацца.

– Праводзіцца інструктаж?

– Вядома. Ад сурʼёзнасці мерапрыемства залежыць і ўзровень інструктажу. Напрыклад, калі каманда наведвае музей, то асаблівых установак не даюць. Проста кажуць, што трэба пахадзіць, паглядзець, пабыць. Але бывае, што ёсць умова, што трэба абавязкова сфатаграфавацца з кімсьці ці на фоне чагосьці, са сцяжком, напрыклад.

Натуральна, ёсць інструктаж па каментарах. Асаблівай імправізацыі не дапускаецца. Загадзя падрыхтаваны тэкст, ад якога як мінімум трэба адштурхнуцца.

– Тое, што кажуць гульцы, – гэта ўжо падрыхтаваныя словы?

– Калі справа тычыцца патрыятычна-ідэалагічных мерапрыемстваў, то, вядома, усё напісана загадзя. На працэнтаў 70-80 дакладна. Гульцы павінны сказаць падрыхтаваныя словы, а потым у клубе [для сайта] тэкст давядуць да дасканаласці, як трэба наверсе.

– Як выбіраюцца ўдзельнікі мерапрыемства?

– Мяркую, выбар робіцца не ў клубе. Спіс тых, хто павінен пайсці і засвяціцца, спускаецца. Чым больш статуснае мерапрыемства, тым больш статусныя ўдзельнікі павінны прысутнічаць ад клуба. Галоўны трэнер, капітан, ключавыя гульцы ці проста нейкія хлопцы ў экіпаванні... На вялікіх мерапрыемствах удзел кіраўніцтва клуба, галоўнага трэнера і капітана абавязковы.

Асобная гісторыя – «чорны спіс» футбалістаў. Як мы ўсе помнім, была цэлая серыя паходаў гульцоў са спісу па мерапрыемствах. Для іх такі ўдзел шмат у чым быў абавязковым, а клубы пасылалі гэтых гульцоў, каб іх, скажам так, рэабілітаваць.

– Ці можна адмовіцца ад удзелу?

– Тэарэтычна можна, але на практыцы такога не сустракаў. Ды і якія аргументы ты цяпер прывядзеш, каб цябе зразумелі? Можа, ёсць нейкія сапраўды сурʼёзныя абставіны, форс-мажорныя, сямейныя. Тады, магчыма, увойдуць у становішча. Але так, каб нехта прыйшоў і сказаў, што адмаўляецца ад удзелу з ідэалагічных меркаванняў… Не, такога не было. Але тут трэба разумець, што для ўсіх такі ўдзел – фармальнасць. Няма такога, што людзі прыходзяць і падзяляюць меркаванне тых, хто там выступае. Так, гульцы – удзельнікі мерапрыемства, але гэта не значыць, што яны падтрымліваюць тое, што там дэкларуецца. Проста адкрыта выказваць сваё меркаванне ў сённяшняй краіне небяспечна.

-- Пасля мерапрыемстваў футбалісты адзін з адным гэта ўсё абмяркоўваюць?

-- Не. Хутчэй, усе гавораць пра тое, што трэба вяртацца на трэнінг, пра матч, які наперадзе. Увогуле, пра што заўгодна, але не пра мерапрыемства. Канешне, калі наведванне музея, напрыклад, атрымалася цікавым, то хлопцы могуць абмяняцца ўражаннямі. Але часта мерапрыемствы так напоўненыя прапагандай, што абмяркоўваць гэта потым увогуле не хочацца.

Яшчэ цікавы момант: людзі, якія мусілі абавязкова прысутнічаць на мерапрыемстве, павінны патрапіць у фотасправаздачу, каб потым паказаць камусьці наверсе, што заданне выкананае, тыя і тыя хадзілі. У выніку бывае так, што «абавязковых» удзельнікаў нават ставяць побач адзін з адным, каб адразу зафіксаваць на фатаграфіі.

-- Як думаеце, падобныя мерапрыемствы з удзелам футбалістаў будуць працягвацца і далей?

-- Вядома. Пакуль у Беларусі нічога глабальна не зменіцца, усё працягнецца. І футбалісты, трэнеры будуць хадзіць, наведваць. Гэта стала ўжо часткай спорту, працы гульцоў. Вось як пасля матчу футбаліст павінен падысці да журналістаў, так і тут трэба засведчыць сваю адданасць і лаяльнасць дзейнаму курсу. Толькі, паўтаруся, гэта не значыць, што гульцы, трэнеры ды іншыя ўдзельнікі мерапрыемства сапраўды падзяляюць «палітыку партыі». Проста немагчыма адмовіцца.

Іншыя пасты блога

Усе пасты