Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Мара Формулы 1 здзейснілася ў чэмпіянаце свету па ралі. Чаго чакаць ад новага сезона?

Мара Формулы 1 здзейснілася ў чэмпіянаце свету па ралі. Чаго чакаць ад новага сезона?

24 студзеня, 15:02
Мара Формулы 1 здзейснілася ў чэмпіянаце свету па ралі. Чаго чакаць ад новага сезона?

Фота: wrc.com

Не, фанаты Макса Ферстапена дакладна не хацелі б, каб іх кумір рабіў перапынак і браў таймаўт нават на адзін год, як гэта зрабіў двухразовы і пакуль што дзейны чэмпіён свету па ралі Кале Раванпэра. Аднак, пагадзіцеся, якая была б інтрыга! Хаця ў WRC усё павінна быць цікава і па іншых прычынах.

Самі глядзіце на прыкладзе 2023 года: Ферстапен у Формуле 1 выйграў дзевятнаццаць Гран Пры з дваццаці двух (86,4% ад агульнай колькасці), Раванпэра – тры ралі з трынаццаці (23,1%). Хіба што і ў выпадку фіна галоўным яго канкурэнтам стаў ягоны ж партнёр па Таёце Элфін Эванс, затое барацьба паміж імі працягвалася амаль што да канца сезона, і разрыў па ачках паміж фінам і валійцам па выніках чэмпіянату дасягнуў усяго трыццаці чатырох (250 супраць 216-ці).

Аднак у новым сезоне, які пачынаецца ўжо заўтра, у Эванса дакладна будзе новы галоўны супернік. Пасля сканчэння мінулага Кале Раванпэра абвясціў удзел у чэмпіянаце 2024 года па частковым раскладзе. Абгрунтаваў сваё рашэнне двухразовы чэмпіён тым, што ён проста стаміўся, бо ганяецца ўжо пятнаццаць гадоў, прытым што яму ўсяго 23.

Насамрэч, Кале і так дабіўся многага, асабліва з улікам яго ўзросту. Пры гэтым рашэнне ён прыняў дарослае без усялякіх абмовак, і яно вартае павагі. Тое, што ён не прагне як мага болей перамог і тытулаў (а абараніць другі шанцы ў яго былі аб’ектыўна высокімі) шмат гаворыць і пра яго чыста чалавечыя якасці, а не толькі як спартсмена. Ці не будзем мы сумаваць без такога выдатнага хлопца?

Ну, па-першае, а чаму без яго? Частковы расклад у мінулым годзе не перашкодзіў у мінулым годзе выйграць ралі Монтэ-Карла, Мексікі і Кеніі васьміразоваму чэмпіёну Себасцьену Аж’е, з якім Раванпэра і будзе дзяліць трэцюю Toyota GR Yaris Раванпэра ў 2024-м. Таму яркія гонкі ў выкананні што француза, што фіна, які стартуе на Ралі Швецыя ў лютым, мы пабачым абавязкова.

Як, хочацца спадзявяцца, і ў выкананні абодвух гоншчыкаў Hyundai – Цьеры Нэвіля і… Што прымусіла чэмпіёна 2019 года Ота Цянака ў мінулым годзе паверыць у каманду M-Sport Ford, ён, напэўна, і сам сабе адказаць не можа. І ў 2024-м эстонец вярнуўся ў карэйскі калектыў з базай у Германіі, якім цяпер кіруе вядомы нам па Формуле 1 Сірыль Абітэбуль.

Нельга пры гэтым сказаць, што От дарэмна змарнаваў увесь мінулы год – шведскае і чылійскае ралі ён усё ж такі выйграў, але магчымасці сістэматычна спаборнічаць за першыя месцы ён відавочна быў пазбаўлены. Ну затое хоць дзверы Hyundai перад ім засталіся адчыненымі, тым больш што свой склад карэйцам трэба было ўзмацняць, асабліва з улікам таго, што ў мінулым годзе на трэніроўках перад Ралі Харватыя трагічна загінуў Крэйг Брын.

Праўда, Hyundai хай сабе і другая сіла ў WRC, але да першай – Таёты – ёй далёка, пра што сведчылі ў мінулым годзе вынікі таго ж Нэвіля. Аднак шанцы бельгійца і ўсіх астатніх удзельнікаў чэмпіянату свету па ралі і іх каманд мы ацэнім асобна. І будзем верыць у поспех кожнага з іх, як мы віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Toyota Gazoo Racing WRT

Першае месца ў камандным заліку ў 2023 годзе (548 ачкоў)

Склад: Элфін Эванс/Скот Марцін (Вялікабрытанія), другое месца ў 2023 годзе (215 ачкоў), Такамота Катсута/Ааран Джонстан (Японія/Ірландыя), сёмае месца ў 2023 годзе (101 ачко), на частковым раскладзе – Кале Раванпэра/Йонэ Халтунен (Фінляндыя), чэмпіён 2023 года (250 ачкоў), Себасцьен Аж’е/Венсан Ландо (Францыя), пятае месца ў 2023 годзе (133 ачкі).

Кіраўнік – Яры-Маці Латвала

Чэмпіёнская каманда напэўна паспрабуе паўтарыць поспех, што спадарожнічаў ёй апошнія шэсць гадоў, калі яна брала тытулы у заліках то гоншчыкаў, то каманд, а то і ў абодвух. Але ці ўсе складнікі для гэтага ў наяўнасці зараз, калі Раванпэра вырашыў адпачыць?

Элфін Эванс – аб’ектыўна хуткі і таленавіты. Летась ён не ўпершыню падабраўся ўшчыльную да тытулу, але ізноў крыху не хапіла шанцавання. Цяпер жа ён адназначна першы нумар у камандзе – трэцяй машынай будуць мяняцца ад этапу да этапу той жа Раванпэра і Аж’е, а Такамота Катсута пакуль што да чэмпіёнскага ўзроўню яўна не дацягвае.

Затое два чэмпіёны могуць выйграваць і тыя асобныя ралі, на якіх будуць стартаваць. І, як паказаў мінулагодні прыклад з Аж’е, не абавязкова ім прыдзецца прытарможваць і гуляць у агульнакамандную гульню. Так што як мінімум асобныя яскравыя гонкі нам гарантаваныя ізноў.

Тым не менш я не сумняваюся, што Toyota ўсё роўна будзе працаваць на Эванса, якому поспех (чытай – тытул) неабходны з гледзішча псіхалогіі. Элфіну, усё ж такі, ужо 35 гадоў, і імідж вечна другога ў такім узросце можа хутка дэматываваць. Таму сёлетні шанец брытанца можа аказацца і апошнім.

Hyundai Shell Mobis World Rally Team

Другое месца ў камандным заліку ў 2023 годзе (432 ачкі)

Склад: Цьеры Нэвіль/Марцін Відагэ (Бельгія), трэцяе месца ў 2023 годзе (189 ачкоў), От Цянак/Марцін Ярвеоя (Эстонія), чацвёртае месца ў 2023 годзе (174 ачкі)*, на частковым раскладзе – Эсапека Лапі/Янэ Фэрм (Фінляндыя), шостае месца ў 2023 годзе (113 ачкоў), Дані Сорда/Кандзіда Карэра (Іспанія), восьмае месца ў 2023 годзе (63 ачкі), Андрэас Мікельсэн, Торстэйн Эрыксэн (Нарвегія), адзінаццатае месца ў 2023 годзе (29 ачкоў)**.

* У складзе M-Sport Ford

** Выступаў у катэгорыі WRC2

Кіраўнік – Сірыль Абітэбуль

Колькасць для карэйскай каманды ў якасць пакуль што не перарасла. Дакладней, якасць не стала сістэматычнай, і паўтарыць поспехі 2019 і 2020 гадоў, калі Hyundai выйгравалі тытулы ў камандным заліку (які, дарэчы, у WRC лічыцца нават важнейшым за асабістае чэмпіёнства гоншчыка), пасля так і не атрымалася.

Прычыны гэтага розныя: і тэхнічная надзейнасць машын i20 WRC, і аварыі, дый, верагодна, перастаноўкі ў кіраўніцтве паўплывалі. Зараз цяжка ацаніць, ці падыме істотна ўзровень калектыву вяртанне ў яго Ота Цянака, але дакладна можна сказаць, што эстонец атымае зброю для перамог лепшую за тую, што была ў яго летась.

Напэўна нікуды не дзелася і хуткасць Нэвіля, таму, мяркую, хаця б за яшчэ адзін камандны тытул Hyundai паспрачацца зможа. А калі гоншчыкі не будуць сутыкацца з той колькасцю праблем, з якой сутыкаліся цягам некалькіх апошніх гадоў, яны атрымаюць шанцы і на чэмпіёнства, першае, у такім выпадку, для Нэвіля і другое для Цянака.

Што да трэціх нумароў каманды, то некаторыя з іх, на маю думку, будуць спрачацца паміж сабой за магчымасць патрапіць у галоўны склад каманды. Калі 40-гадовы Сорда відавочна рыхтуецца павесіць шлем на цвік, то 33-гадовы Лапі і 34-гадовы Мікельсэн яшчэ маюць час гучна заявіць пра сябе ў вышэйшай лізе чэмпіянату свету. Абодва некалі былі чэмпіёнамі Еўропы па ралі, а нарвежац мае за плячыма два тытулы ў катэгорыі WRC2, таму з матывацыяй усё павінна быць добра і ў таго, і ў таго.

M-Sport World Rally Team

Трэцяе месца ў камандным заліку ў 2023 годзе (287 ачкоў)

Склад: Адрыен Фурмо/Александр Карыа (Францыя), дваццатае месца ў 2023 годзе (8 ачкоў), Грэгуар Мюнстэр/Луі Люка (Люксембург/Бельгія), дваццаць другое месца ў 2023 годзе (6 ачкоў).

Кіраўнік – Рычард Мілэнэр

Адзіная прыватная каманда чэмпіянату свету (кампанія Ford аказвае брытанцам вельмі абмежаваную тэхнічную падтрымку) відавочна не ў стане навязаць сістэматычную барацьбу двум гігантам з гіганцкімі ж бюджэтамі. Але лакальныя поспехі, як, напрыклад, перамога Себасцьена Лёба на Ралі Монтэ-Карла ў 2022 годзе і мінулагоднія Ота Цянака, здараюцца.

Толькі, як вы, напэўна, ужо звярнулі ўвагу, здараюцца яны ў моцных і тытулаваных гоншчыкаў. Фурмо ж з Мюнстэрам досведу ў галоўнай катэгорыі WRC толькі маюць набірацца, і надыходзячы сезон стане для абодвух першым поўным. Таму чакаць ад іх яскравых гонак… Не, я не хачу сказаць, што такое немагчымае наогул, але калі ацэньваць сітуацыю цвяроза, то французу і бельгійцу з люксембуржскай ліцэнзіяй трэба будзе проста набірацца досведу і сталець.

Сама каманда быццам бы і так сталая, але, канечне, гэта не той заводзкі Ford, якому ў нулявых у асобе Маркуса Гронхольма амаль удалася адваяваць чэмпіёнства ў Citroën і згаданага Лёба. Зараз жа калектыву Малкальма Уілсана гарантаванае хаця б трэцяе месца ў заліку вытворцаў (прынамсі, да верагоднага вяртання ў чэмпіянат свету Subaru), што таксама нядрэнна

Нядрэнная сама па сабе і роля стартавай пляцоўкі для таленавітай моладзі. І моладзь гэтая, калі ён не перашкодзяць тэхнічныя праблемы і ўласныя памылкі, будзе цалкам здольная прыемна здзівіць.

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты