Усе навіны

Палітычны бежанец Цялькоўскі: «Калі ты кажаш «так» спаборніцтвам і трэніроўкам, табе трэба адмовіцца ад трэшовага харчавання, дрэннага сну. Гэта фарміруе правільную структуру жыцця»

7 траўня 2022, 23:21

Беларускі палітычны бежанец Тарас Цялькоўскі, які выйграў Забег Канстытуцыі ў Варшаве, лічыць, што бег патрабуе дысцыпліны і пастаянства, і гэтыя рэчы потым пераносяцца на іншыя аспекты характару і жыцця.

- Вы ўжо шмат гадоў знаходзіцеся па-за прафесійным спортам. Навошта працягваеце займацца бегам?

– Веру, што чалавек — псіхасаматычнае цэлае, і мая псіхіка непарыўна звязаная з маім целам. Калі я бегаю, я пачынаю часцей дыхаць, і ў выніку мой арганізм, у тым ліку і галаўны мозг, насычаецца кіслародам. Унутры мяне падчас бегу вырабляецца шмат гармонаў, у тым ліку дапамін і сератанін, якія паляпшаюць агульны псіхаэмацыйны стан. Усе бегуны кажуць пра пачуццё эйфарыі пасля трэніроўкі.

Калі я сышоў з прафесійнага спорту і спыніў рэгулярныя трэніроўкі, пачаў адчуваць апатыю. Знаёмы фізіёлаг патлумачыў мне, што мой арганізм проста прывык атрымліваць рэгулярную нагрузку, і без яе ў мяне змяніўся гарманальны фон. Тады я аднавіў трэніроўкі і адчуў сябе нашмат лепей.

Бег патрабуе дысцыпліны і пастаянства, і гэтыя рэчы потым пераносяцца на іншыя аспекты твайго характару і жыцця. Ты не адмаўляешся ад нейкіх цяжкіх рэчаў, а разумееш, што каб дасягнуць хаця б мінімальнага прагрэсу ў іх, табе трэба дастаткова доўга працаваць. Вельмі ўдзячны спорту за тое, што ён сфарміраваў у мяне такія правілы паводзінаў.

Заўсёды калі ты кажаш «так» спаборніцтвам і трэніроўкам, табе трэба сказаць «не» чамусьці іншаму. Адмовіцца ад трэшовага харчавання, дрэннага сну. Думаю, гэта фарміруе правільную структуру жыцця, – сказаў Цялькоўскі.