Усе навіны

Маiсевiч, які прымушаў Ціманоўскую датэрмінова вярнуцца з такійскіх Гульняў у Мiнск, абвінавачаны AIU у парушэнні Кодэкса World Athletics

19 студзеня 2023, 17:43

Экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрый Маiсевiч, які ўдзельнічаў у спробе прымусова вывезці ў Беларусь з Алімпіяды ў Токіа лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, абвінавачаны падраздзяленнем па забеспячэнні сумленнасці ў лёгкай атлетыцы (AIU) за парушэнні Кодэкса добрасумленнасці World Athletics.

Іншаму чыноўніку Артуру Шумаку абвінавачанні не былі выстаўленыя.

– Маiсевічу прад'яўлена абвінавачанне ў парушэнні правілаў з наступных Стандартаў сумленнасці ў Кодэксе дзелавой этыкі: Сумленнасць (Правіла 3.3.1), Годнасць (Правіла 3.3.10) і Абарона рэпутацыі (Правіла 3.3.17).

AIU сцвярджае, што Маiсевіч не дзейнічаў добрасумленна; яму не ўдалося абараніць годнасць спартсменкі, яго дзеянні ўяўлялі сабой слоўны і псіхалагічны гвалт; ён выставіў лёгкую атлетыку ў благой славе, – гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, што лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская апынулася ў цэнтры скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіа, калі спартыўныя функцыянеры, без яе ведама, паставілі Ціманаўскую выступаць у эстафетнай камандзе, пасля чаго спрынтарка раскрытыкавала дзеянні трэнераў. У выніку Ціманаўскую знялі са стартаў і паспрабавалі вывезці ў Беларусь.

Пазней у СМІ была апублікаваная размова Ціманоўскай з галоўным трэнерам зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрыем Маiсевічам і з намеснікам дырэктара РЦАП па лёгкай атлетыцы Артурам Шумаком.