Усе навіны

Украінская лёгкаатлетка Саладуха: «Варта спыніць палітыку прымірэння агрэсара, якая пачалася ў сусветным спорце»

6 лютага 2023, 19:22

Народны дэпутат Украіны і былая лёгкаатлетка Вольга Саладуха пракаментавала зварот у МАК і ў парламенты іншых краін з заклікам адхіліць расіян і беларусаў ад Алімпіяды.

«Вярхоўная Рада звярнулася ў МАК і парламенты іншых краін з заклікам забараніць удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпіядзе-2024.

324 народныя дэпутаты прагаласавалі за гэтую пастанову. Дзякуй калегам і, спадзяюся, наш голас у свеце будзе пачуты.

Аргументы Украіны простыя і зразумелыя:

– дзяржавы, якія вядуць вайну, груба і цынічна парушаюць алімпійскія прынцыпы;

– яны забіваюць нашых спартсменаў і руйнуюць нашу спартыўную інфраструктуру;

– яны здзяйсняюць ваенныя злачынствы і масава знішчаюць мірных людзей;

– расійскія і пралукашэнкаўскія спартсмены адкрыта прапагандуюць вайну.

Усё гэта робіць нашу сустрэчу са спартсменамі дзяржаў-агрэсараў на спаборніцтвах не проста неэтычнай, але і рызыкоўнай для іх саміх і арганізатараў спартыўных мерапрыемстваў.

Варта спыніць палітыку прымірэння агрэсара, распачатую ў сусветным спорце. Забойцам месца не на пастаменце гонару, а ў турме», - напісала Саладуха.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.