Усе навіны

Былая вязніца Акрэсціна: «Надзея Астапчук саступіла мне месца на падлозе»

30 красавіка, 22:38
1

Былая арыштантка Акрэсціна распавяла «Зеркалу» пра яе сустрэчу ў ЦІП з беларускай Алімпійскай чэмпіёнкай па кіданні ядра Надзеяй Астапчук.

Позна ўвечары пасля затрымання і складання пратаколу дзяўчыну, імя якой не называюць у мэтах бяспекі прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Яе прымусілі цалкам распрануцца і прысесці голай два разы. Пасля гэтага ёй сказалі апрануцца, але куртку, шапку і абутак ёй не падалі. Ёй выдалі гумовыя тапкі і адвялі ў камеру для «палітычных» на першым паверсе.

«Там было цёмна і дзяўчынкі ўжо ўсё спалі. Было шмат дзяўчат на падлозе. Гэта двухмесная камера, а іх там было не менш за дзесяць.

У камеры была Наста Лойка. За час арышту яна вельмі схуднела, была вельмі стомленая.

Надзея Астапчук саступіла мне сваё месца на падлозе ў тую ноч. Усе дзяўчынкі прыціскаліся адна да адной, таму што на ІЧУ было вельмі холадна.

Дзяўчаты ляжалі ў радочак і прыціскаліся, а паміж імі былі бутэлькі з гарачай вадой.

Наста ўставала некалькі разоў за ноч і змяняла ваду, якая астывала, на гарачую.

Мы ляжалі ўсе ўздоўж камеры, а Надя Астапчук – упоперак. Яна ўсю ноч грэла нашы ногі, а мае яшчэ і абдымала, каб я не захварэла ў першы дзень, таму што разумела, што мяне чакае доўгі тэрмін», – распавяла былая вязня Акрэсціна.