Усе навіны

Недасекаў пра магчымы допуск: «Тое, што там будзе белы сцяг, нічога страшнага. Мы павінны наадварот выступаць яшчэ мацней»

15 траўня, 08:20

Беларускі лёгкаатлет Максім Недасекаў падзяліўся меркаваннем пра магчымы допуск да міжнародных спаборніцтваў.

– МАК прапануе выступаць спартсменам без сваіх нацыянальных сімвалаў. Вы да гэтага як ставіцеся? Гэта паўплывае на ваш эмацыйны стан ці ўсё роўна?

– Я выдатна ведаю, з якой я краіны, гледачы выдатна ведаюць, адкуль Недасекаў, усе на спаборніцтвах ведаюць, адкуль я. Тое, што тамака будзе белы сцяг, нічога страшнага. Мы мусім наадварот выступаць яшчэ мацней, каб людзі глядзелі. Яны ня будуць глядзець, што гэта белы сьцяг, яны ведаюць, зь якой ты краіны. Гэта так, для віду, гэта грошы.

– Гэта значыць, як сказаў [так званы] прэзідэнт, у нашых спартсменаў гімн і сцяг у сэрцы, неабавязкова, каб гэта было перад вачыма.

– Вядома, яны прыбралі гэта проста для паказухі, таму што так трэба.

– Ну закрануць за жывое хацелі нас. Максім, мы ў любым выпадку жадаем вам поспехаў. Мы ўпэўненыя, што дзякуючы вашым намаганням і таленту мы яшчэ не раз пачуем наш гімн і будзем назіраць, як наш сцяг ганарліва лунае на міжнародных стартах. І мы жадаем, вядома, вам удачы.

– Дзякуй вялікі, будзем старацца, – цытуе Недасекава pressball.by са спасылкай на тэлеканал СТВ.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.