Tribuna/Баскетбол/Блогі/🏆 Германія – новы чэмпіён свету па баскетболе! Выйгралі ўпершыню ў гісторыі, даціснуўшы сербаў у драматычным фінале

🏆 Германія – новы чэмпіён свету па баскетболе! Выйгралі ўпершыню ў гісторыі, даціснуўшы сербаў у драматычным фінале

Цяпер Дэніс Шродэр – легенда.

10 верасня, 19:02
🏆 Германія – новы чэмпіён свету па баскетболе! Выйгралі ўпершыню ў гісторыі, даціснуўшы сербаў у драматычным фінале

Нягледзячы на ўсе захапленне зоркамі НБА, якія прыехалі на чэмпіянат свету-2023 у складзе зборных ЗША і Канады, галоўны матч турніру выйшаў выключна еўрапейскім – Германія ў яркім фінале адолела Сербію 83:77 і ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам свету па баскетболе.

Больш за тое, немцы наогул упершыню гулялі ў фінале ЧС (праймавы Дырк Навіцкі змагаўся толькі за бронзавыя ўзнагароды) і сталі чацвёртай камандай у гісторыі, якая пры такіх умовах здолела адразу ж атрымаць золата (раней гэта рабіла Аргенціна на першым ЧС у гісторыі, зборная СССР і зборная Іспаніі – усе астатнія каманды, якія выйгравалі ЧС, спачатку хаця б раз у фіналах прайгравалі).

Хоць без зорак НБА не абышлося і тут – Дэніс Шродэр зрабіў усё, што ад яго залежала, каб прывесці каманду ў гістарычнае золата – 28 ачкоў (9/17 па гульні), 2 падборы і 2 асіста у фінале.

Шродэр стаў самым рэзультатыўным гульцом апошняга матчу турніру і закінуў звышважную спробу ў клатчы, які фактычна і зняў усе пытанні адносна пераможцаў.

🔹 У выніку абаронца зборнай Германіі і навічок «Таронта» быў прызнаны MVP чэмпіянату свету-2023.

Але Шродэр, для якога было вельмі важна зноў якасна згуляць за зборную пасля абсалютна ганебнага перформансу ў чвэрцьфінале (0/8 з-за дугі супраць Латвіі) і паўфіналу з ЗША, дзе ён быў далёка не галоўнай зоркай Германіі, не адзіны герой гэтага фіналу.

🔹 MVP менавіта фінальнага матчу стаў іншы НБА-шнік – Франц Вагнер. Супраць Сербіі ён вызначыўся 19 ачкамі, 7 падборамі, 2 асістамі і 3 перахопамі.

Дапамог і Ёханэс Фойгтман сваёй эфектыўнасцю – 12 ачкоў, 8 падбораў, 3 асісты і блок-шот.

🔹 Больш за ўсё для перамогі на гэтым чэмпіянаце свету Германія зрабіла ў трэцяй чвэрці, якую выйграла з лікам 22:10, прымусіўшы сербаў выдаць сваю амаль найгоршую 10-хвілінку ў гісторыі ЧС. Горш сербы гулялі толькі ў апошняй чвэрці матча супраць Бразіліі на ЧС-2014, калі набралі 9 ачкоў.

🔹 Для Сербіі (менавіта для Сербіі, калі не лічыць спадчыну Югаславіі) гэты фінал быў другім у гісторыі. Першы яна таксама прайграла – у 2014-м суперзорнай зборнай ЗША.

🔹 Гэтае чэмпіёнства стала для Германіі другой перамогай на буйных міжнародных турнірах. Да сённяшняга дня найлепшым вынікам немцаў была перамога на Еўрабаскеце ў 1993 годзе – пад кіраўніцтвам Свяціслава Пешыча, які прайграў фінал гэтага ЧС у якасці галоўнага трэнера зборнай Сербіі.

На чэмпіянаце свету найлепшым вынікам была бронза ў 2002-м – цяпер ёсць і золата 2023-га.

Эмоцыі галоўнага трэнера немцаў Гордана Херберта пасля фінальнай сірэны выдатна апісваюць важнасць гэтай падзеі.

🔹 І самае цікавае - Германія так і засталася непераможнай на гэтым чэмпіянаце свету. Немцы выйгралі ўсе 8 матчаў, адолеўшы на шляху да золата і Славенію Лукі Дончыча, і сенсацыйную Латвію, і зорную ЗША, і самую стабільную зборную турніру Сербію ў фінале.

Выніковая тройка прызёраў ЧС-2023 па баскетболе выглядае вось так:

🥉 Канада;

🥈 Сербія;

🥇 Германія.

Фота: скрыншоты Courtside1891, FIBA

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты