Tribuna/Футбол/Блогі/«Атлетыка» падпісаў бельгійскага вундэркінда, пра якога марыла «Барса»

«Атлетыка» падпісаў бельгійскага вундэркінда, пра якога марыла «Барса»

Чаму Артур Вермерэн такі круты?

31 студзеня, 14:10
«Атлетыка» падпісаў бельгійскага вундэркінда, пра якога марыла «Барса»

У пачатку гэтага года Міжнародны цэнтр спартыўных даследаванняў (CIES) апублікаваў сваю версію спісу з дзесяці самых дарагіх футбалістаў свету ва ўзросце да 18 гадоў. На 10-м месцы таго топа апынуўся апорны паўабаронца «Антвэрпэна» Артур Вермерэн, ацэнены ў 24.1 мільёна эўра. Менш чым праз месяц стала вядома, што мадрыдскі «Атлетыка» заплаціць за самага малодшага бельгійскага аўтара гола ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў 18 млн еўра + 5 млн еўра бонусамі + працэнт ад будучых продажаў. Нічога не скажаш – уклаліся амаль ідэальна.

За гульцом вельмі доўга сачыла «Барселона», лічачы яго патэнцыйнай заменай Серджы Бускетсу, а перад матчамі з каталонцамі на групавой стадыі ЛЧ галоўны трэнер бельгійцаў Марк ван Бомель заяўляў журналістам: «Я не дам вам ніякай інфармацыі пра Вермерэна, таму што калі б я гэта зрабіў, то Хаві падпісаў бы яго неадкладна».

Але ўжо падчас вочнага супрацьстаяння коўч «блауграны» мог сваімі вачамі ўбачыць галоўныя якасці вундэркінда, калі ўжо на другой хвіліне Артур падхапіў мяч на мяжы чужой штрафной пасля памылкі Арыёла Ромеу, хутка зарыентаваўся і нанёс трапны ўдар у кут варот.

За што Артура так хвалілі ў Бельгіі?

Але, нягледзячы на ўвесь свой інтарэс, грошай на паўабаронцу «Барса» так і не знайшла. А улічваючы нядаўнія словы спартыўнага дырэктара «Антвэрпэна» Марка Авермарса (які ў свой час правёў чатыры гады ў Каталоніі), гэтая страта здаецца яшчэ больш значнай: «Не сумняваюся, што ён выйдзе на фантастычны ўзровень. Калі я ўбачыў яго ўпершыню, ён нагадаў мне Хаві і Іньесту, футбалістаў падобнага амплуа». Вельмі цікава гучыць – апорны паўабаронца, у якім бачылі замену Бускетсу, нагадвае двух іншых яго партнёраў па камандзе, пераважна якія займаліся больш атакавальнымі справамі. Але гэта не памылка – Вермерэн умее на полі і тое, і іншае.

Пачнём з цеплавой карты Артура ў гэтым сезоне, на якой выразна бачная зона прамой адказнасці бельгійца – цэнтр поля бліжэй да правага флангу, але гэта сапраўды цэнтр поля, без нахілу ў бок сваёй або чужой штрафной. Вермерэн намінальна размяшчаецца на полі ў пары апорных паўабаронцаў, але выконвае не толькі абарончыя функцыі, але і актыўна падключаецца да атак, што не дзіўна ў адкрытым атакуючым чэмпіянаце Бельгіі.

Ментальнасць Вермерэна з'яўляецца адным з яго козыраў. Такіх гульцоў любіць Сімеонэ

Да яго ролю творчага разбуральніка ў бельгійскім клубе выконваў больш зорны Раджа Наінгалан, а малады хлопец у мінулым сезоне наогул пачынаў у філіяле – «Янг Рэдс». Але жудасны характар Раджы, пра які ведаюць, мабыць, усе, даў пра сабе ведаць, і пасля перавышэння хуткасці на аўтамабілі, ды яшчэ ў стане алкагольнага ап'янення, яго выключылі са складу, даверыўшыся зусім недасведчанаму гадаванцу. У выніку хлопец напрыканцы сезона яшчэ і ўнёс непасрэдны ўклад у чэмпіёнства, калі ў канцы вельмі важнага матча з «Генкам» пайшоў на кутні і забіў пераможны гол (3:2). «Я да гэтага часу не разумею, што ён рабіў у чужой штрафной. Але гэта ўжо ня важна. Ён вельмі спелы. Такі ўзровень рэдка сустрэнеш у яго ўзросце» – так каментаваў гульню бельгійца ван Бомель.

«Гэтае фантастычнае пачуццё. Думаю, гэтая перамога надасць нам дадатковы імпульс. Мы дрэнна пачалі, у першым тайме дзейнічалі вельмі неахайна, і ўвогуле адыгралі не вельмі, але ў выніку перамаглі дзякуючы характару і настрою» – распавядаў пасля матчу Артур. Адна з галоўных добрых якасцяў, якую вельмі шануе ў гульцах Дыега Сімеоне, – баявітасць і нязломнасць.

У гэтым плане Вермерэн, які стаяў побач з Тобі Алдэрвейрэльдам, калі той забіваў чэмпіёнскі гол на 94-й хвіліне, сапраўды падыдзе «матраснікам», але што там з гульнявымі якасцямі?

Першая перавага бельгійца – раскошная гульня ў адборы

Вермерэн уваходзіў у топ-10 гульцоў з найлепшымі паказнікамі адбору ў мінулым сезоне бельгійскай Про-лігі з лічбай 2.5 адбору ў сярэднім за матч, а дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў з яшчэ найлепшым паказнікам – 3.1 адбору ў сярэднім за гульню, што з'яўляецца 12-м вынікам групавога этапу – раскошны ўзровень для 18-гадовага паўабаронцы.

Такая агрэсіўная гульня ў адборы не з'яўляецца чымсьці фантастычным для Вермерэна. Па-першае, ён класна дзейнічае на апярэджанне – 1.3 перахопу за матч у мінулай кампаніі і 1.1 у гэтай таму добрае пацверджанне, а акрамя статыстычных паказнікаў нярэдкія сітуацыі, калі Артур нават не дае здарыцца небяспечнай сітуацыі, высокаякасна чытаючы гульню. Па-другое, ён вельмі смела ідзе ў падкаты, якія ўвогуле сталі яго візітоўкай. На скрыншотах два простых прыкладу, дзе бельгіец знаходзіўся ў нязручнай пазіцыі – у першым выпадку ў цэнтры поля, а ў другім – ва ўласнай штрафной, але класна выбірае момант і адчайна ідзе ў падкат. У абодвух выпадках паспяховы.

Другая перавага – актыўная падтрымка гульні каманды ў атацы.

«Барселона» марыла пра Вермерэна не толькі і не столькі праз яго абарончыя якасці – ён вельмі карысная опцыя пры канструяванні ўласнага наступу. У Артуры разглядзелі гэтую асаблівасць і даверылі немалаважную ролю ў пазіцыйнай гульні. Цяпер бельгіец выконвае ў сярэднім 1.3 ключавых паса за гульню замест 0.9 у мінулым сезоне, а таксама павысіў дакладнасць перадач на сваёй палове поля да 91%, а на чужой да 82%, што з'яўляецца вельмі прыстойным вынікам. Вермерэн класна валодае мячом, кантралюе тэмп гульні каманды, то разганяючы яе, то яе супакойваючы, і мае ў сваім арсенале нядрэнны пас – ён больш, чым проста «апорнік-сабака».

Акрамя падтрымкі атак з глыбіні, Артур любіць паднімацца высока і, камбінуючы з партнёрамі, нечакана урывацца ў штрафную суперніка. Першы прыклад са свежага матчу з «Шарлеруа» – Вермерэн знаходзіцца ў фінальнай трэці поля, бачыць свабодны калідор, на поўнай хуткасці забягае ў гэтую зону, атрымлівае пас і стварае партнёрам небяспечны момант, які, праўда, не завяршыўся голам.

Другі прыклад ужо на больш знаёмым для бельгійца правым флангу – ён сам прасоўвае мяч з глыбіні, гуляе з партнёрам у «сценачку», у выніку чаго пакідае дэзарыентаваных апанентаў ззаду і зноў становіцца крыніцай небяспекі для чужых варот.

Пра яшчэ адзін варыянт выкарыстання Артура можа падрабязна распавесці данецкі «Шахцёр», які пацярпеў ад гульца ў моманце з другім голам у вочным супрацьстаянні. Вермерэн атрымлівае мяч, цягне яго ў сярэдзіну поля і аддае раскошны пас у разрэз на нападаючага, які завяршае сітуацыю ўзяццем варот. Другі момант на скрыншоце амаль люстраны гол украінскай камандзе, але ў гэтай сітуацыі пас пайшоў верхам – і зноў дакладны.

Наогул, дакладнасць доўгіх перадач Вермерэна складае ў гэтым сезоне 73%, а разам з яго класным бачаннем поля гэта робіць яго яшчэ больш універсальным футбалістам – для контратакавай сістэмы гулец, які можа хутка даставіць мяч спрытным нападаючым, з'яўляецца неабходнасцю.

Ці можна гэты пераход назваць удалым для яго бакоў?

І тут мы пераходзім да галоўнага пытання, а навошта наогул Артура пазваў да сябе Сімеоне і ці ёсць перспектывы ў супрацы стаць удалай для абодвух бакоў? Пра тое, што ментальна бельгійскі хлопец пасуе «Атлетыка», мы ўжо згадвалі, а вось у кантэксце магчымай ролі на полі пакуль існуе пытанне. У гэтым сезоне Вермерэн правёў 10 матчаў на пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы і 17 матчаў у ролі апорнага, таму ў перспектыве можа прэтэндаваць як на месца Радрыга дэ Паўля, да якога Артур найбольш падобны манерай гульні і чыў магчымы сыход ужо абмяркоўваўся, так і на месца Коке, які не становіцца маладзейшым, але ўсё яшчэ з'яўляецца ключавой фігурай для гульнявой мадэлі «матраснікаў»

Таксама не варта забываць, што хлопцу ўсяго толькі 18, і дзякуючы свайму ўніверсалізму ён можа перабудавацца на гульню бліжэй да левага краю, і замяніць Сауля, які сёлета вярнуў сабе месца ў стартавым складзе, але якому ўжо амаль 30 гадоў, і найлепшыя яго сезоны, здаецца, у мінулым.

Сам Артур, канешне, па гульнявым стылі больш падышоў бы для Хаві, але улічваючы тэктанічныя змены ў стылі гульні «Атлетыка» у апошні час, Вермерэн можа стаць тым элементам, які дапаможа захаваць баланс паміж звыклай стаўкай на надзейнасць ля сваіх варот і жаданнем гуляць у больш атакавалым стылі. Калі атрымаецца – бельгіец на гады наперад стане найважнейшым звяном сістэмы мадрыдцаў.

Фота: Global Look Press/Tom Goyvaerts

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты